Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКАЕ ВО́ЛЬНА-ЭКАНАМІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Мінску, грамадская арг-цыя ў 1921—22(?) пры Бел. політэхн. ін-це. Займалася прыродна-гіст. і прамысл.-эканам. вывучэннем Беларусі, вырашэннем навук.-тэхн. праблем, звязаных з патрэбамі мясц. гаспадаркі. Старшыня прэзідыума вучоны М.К.Ярашэвіч, чл. П.М.Капура, В.І.Пераход, С.В.Скандракоў. Летам 1922 мела 97 афіц. членаў. Супрацоўнічала з Наркаматам земляробства БССР. Арганізоўвала публічныя лекцыі, чытанні, экспедыцыі. Пры т-ве працавалі фізіка-матэматычная, лясной, сельскай гаспадаркі і інш. секцыі.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 394

БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Вільні. Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.Даніловічам, І.Луцкевічам, К.Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел. народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв. вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс. экз. Сярод іх творы Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.Буйло, Я.Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Коласа, п’есы К.Каганца, У.Галубка, М.Гарэцкага, А.Гаротнага, зб. вершаў Х.Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 394

БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ГАНДЛЁВАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ,

«Беларусьгандальмаш». Створана ў 1976 у г. Баранавічы на базе Баранавіцкага завода гандлёвага машынабудавання (галаўное прадпрыемства) і Гродзенскага завода гандлёвага машынабудавання (уваходзіў да 1987). У 1983—86 рэканструявана і расшырана. З 1987 у аб’яднанні створана Баранавіцкае спец. канструктарскае бюро гандл. машынабудавання. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання па перапрацоўцы мяса, агародніны і цеста.

т. 2, с. 394

БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ МУЗЫ́ЧНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ,

«Белмузпрам». Створана ў 1976 як Барысаўскае на базе Барысаўскай фабрыкі піяніна і Бобрскага з-да муздэталяў. З 1977 сучасная назва. У 1977—84 у яго ўваходзіла Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Асн. прадукцыя (1995); піяніна, цымбалы, гітары, дзіцячыя цацкі і тавары шырокага ўжытку.

т. 2, с. 394

БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПА АГРАХІМІ́ЧНЫМ АБСЛУГО́ЎВАННІ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ (Белсельгасхімія) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Створана ў 1979. Мае абл. і раённыя аб’яднанні. Забяспечвае вытворцаў с.-г. прадукцыі мінер. ўгнаеннямі, хім. і біял. сродкамі аховы раслін, меліярантамі глебы, кармавымі дабаўкамі, інш. хім. прадуктамі для раслінаводства і жывёлагадоўлі. Арганізуе нарыхтоўку торфу і сапрапеляў, выконвае па дагаворах аграхім. работы па ўнясенні аргана-мінер. угнаенняў, вапнаванні кіслых глебаў, апрацоўцы пасеваў с.-г. культур хім. і біял. сродкамі аховы раслін, паляпшэнні зямель, павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў. Прадстаўляе ўстановам і арг-цыям платныя кансультатыўныя, пасрэдніцкія і інш. паслугі.

т. 2, с. 394

БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ РАДЫЁТЭ́ХНІКІ,

«БелВАР». Створана ў 1992 на базе Мінскага прыладабуд. аб’яднання. З 1940 у Мінску быў пушчаны радыёзавод на базе з-да «Дрэваапрацоўшчык» (працаваў з 1907). Выпускаў радыёпрыёмнікі «КІМ». У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950-я г. асвоіў выпуск радыёвымяральных прылад, перайменаваны ў Мінскі прыладабуд. з-д. У 1960-я г. выпускаў тэлевізары «Нёман» і «Зорка». З 1971 Мінскае прыладабуд. аб’яднанне, з 1992 «БелВАР». Вырабляе каля 200 найменняў прылад. Асн. прадукцыя (1995): складаныя радыёвымяральныя прылады (асцылографы, вальтметры, мультыметры, СВЧ-прыёмнікі), сістэмы тэлекамунікацый, мед. тэхніка, дазіметры і электрабыт. прылады.

М.М.Ярохаў.

т. 2, с. 394

БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

навукова-грамадская арг-цыя па садзейнічанні развіццю на Беларусі геагр. навукі і адукацыі, пашырэнні геагр. ведаў. Створана ў 1954 пры АН БССР на базе геагр. ф-та БДУ як Бел. філіял Геагр. т-ва СССР. З 1962 Геагр. т-ва БССР, з 1993 сучасная назва. Мае аддзяленні фіз. і эканам. геаграфіі, этнаграфіі, геаэкалогіі; камісіі школьнай, мед. і меліярац. геаграфіі, антрапагеннага ландшафтазнаўства і інш. Абласныя аддзелы ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве. Больш за 600 індывід. членаў (1996). Праводзіць навук. канферэнцыі і геагр. з’езды, кансультацыі, распрацоўвае навук. тэмы, геагр. экспертызу, выдае тэматычныя зборнікі навук. прац і інш. Член Міжнар. геагр. саюзу. Мае бібліятэку геагр. літаратуры.

В.С.Аношка.

т. 2, с. 394

БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА

(БГТ),

Беларускае рэспубліканскае навукова-тэхнічнае геалагічнае таварыства, добраахвотная незалежная творчая грамадская арг-цыя. Засн. ў 1991. Аб’ядноўвае спецыялістаў па вывучэнні і выкарыстанні нетраў Рэспублікі Беларусь, выкладчыкаў і навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх спец. геал. навуч. устаноў. Асн. мэты: стварэнне спрыяльных умоў для творчасці геолагаў і нафтавікоў; абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў т-ва; развіццё творчых і дзелавых кантактаў з вучонымі і спецыялістамі ў галіне геалогіі і нафтаздабычы з інш. дзяржаў. У БГТ уваходзяць (1996) т-вы мінералагічнае і палеанталагічнае, секцыі нафтавай геалогіі, водных рэсурсаў, геатэхналогіі, дыстанцыйных даследаванняў, карысных выкапняў, распрацоўкі геафіз. апаратуры, геаэкалагічнага картавання, работы з моладдзю, а таксама антрапагенавая, тэктанічная, геахім., геамарфалагічная камісіі і рэдакцыйна-выдавецкі савет. З 1994 выдае навук. час. «Літасфера» (сумесна з АН Беларусі).

т. 2, с. 395

БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1772—1856. Узначальвалася ген.-губернатарам (ваен. губернатарам). Цэнтр — г. Магілёў, з 1796 — г. Віцебск. Аб’ядноўвала губерні, утвораныя на землях, далучаных да Расіі ў 1772: Беларускую (1796—1802), Віцебскую (з 1802), Калужскую (1823—31), Магілёўскую (у 1778—96 намесніцтва), Мінскую (студз.крас. 1831), Полацкую (у 1776—96; з 1778 намесніцтва), Пскоўскую (1772—76), Смаленскую (з 1823). З 2-й пал. 1820-х г. у сувязі са зменамі ў складзе і нац. палітыкай самадзяржаўя тэрмін «беларускае» ў назве паступова замяняўся пералікам асобных губерняў.

т. 2, с. 395

Беларускае гістарычнае таварыства

т. 18, кн. 1, с. 348