Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МУ́ЗЫКІ,

вышэйшая музычная навучальная ўстанова. Створана ў 1932 у Мінску як Бел. дзярж. кансерваторыя на аснове Бел. муз. тэхнікума (існаваў з 1924) і Беларускай студыі оперы і балета, з 1992 акадэмія. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: фартэпіянна-кампазітарска-музыказнаўчы, аркестравы, вакальна-харавы, нар. інструментаў, павышэння кваліфікацыі; кафедра харэаграфіі (з 1994). Сярод выкладчыкаў 3 дактары навук, 26 праф., 35 кандыдатаў навук, 69 дацэнтаў. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1963, асістэнтура-стажыроўка з 1970. З 1939 працуе Оперная студыя Беларускай акадэміі музыкі. У 1947 пры акадэміі створана Сярэдняя спец. муз. школа, у 1992 пераўтвораная ў Рэсп. ліцэй. Філіял акадэміі — пед. факультэт у Магілёве (з 1990). Рэктары: М.Казакоў (1932—37), М.Бергер (1937—41), М.Аладаў (1944—48), А.Багатыроў (1948—62), У.Алоўнікаў (1962—82), І.Лучанок (1982—85), М.Казінец (з 1985).

Сярод выпускнікоў: кампазітары Л.Абеліёвіч, Алоўнікаў, Багатыроў, А.Бандарэнка, Г.Вагнер, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, С.Картэс, Дз.Лукас, Лучанок, А.Мдывані, П.Падкавыраў, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, У.Солтан, Л.Шлег, выканаўцы І.Абраміс, З.Бабій, М.Ворвулеў, Л.Гарэлік, В.Глушакоў, М.Дрынеўскі, М.Зюванаў, Казінец, І.Шыкунова, Т.Шымко і інш.

К.І.Сцепанцэвіч.

т. 2, с. 403

БЕЛАРУ́СКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,

вялікая дадатная структура на З Рускай пліты з высокім заляганнем крышт. фундамента. Займае цэнтр. і паўн.-зах. часткі тэр. Беларусі і паўн.-ўсх. Польшчы. Вылучаецца па ізагіпсе -500 м у падэшве, у скляпеністай ч. па ізагіпсе -300 м. Выцягнутая з У на З на 350 км, пры шыр. 40—120 км. Абмежавана на Пд Падляска-Брэсцкай упадзінай, Палескай седлавінай і Прыпяцкім прагінам, на У і ПнУ Жлобінскай седлавінай і Аршанскай упадзінай, на Пн Латвійскай седлавінай, на ПнЗ Балтыйскай сінеклізай, на З Варшаўскай упадзінай.

Фарміравалася ад позняга пратэразою да антрапагену ўключна. У скляпенні крышт. фундамент залягае на абс. адзнаках -50 — +87 м, на схілах апускаецца на глыб. 500—700 м, на З 1500—2000 м. Ён складзены з архейскіх і ніжнепратэразойскіх метамарфізаваных, ультраметамарфізаваных і вывергнутых парод. Платформавы чахол утвораны з верхнепратэразойскіх, палеазойскіх і меза-кайназойскіх парод. Найб. паднятая частка Беларускай антэклізы вылучаецца як Цэнтральна-Беларускі масіў, на якім развіты толькі неагенавыя і антрапагенавыя адклады. На Беларускай антэклізе вядомы падпарадкаваныя структуры — пахаваныя выступы фундамента (Бабаўнянскі, Бабруйскі, Вілейскі, Івацэвіцкі, Мазурскі), грабен (Валожынскі) і монакліналі (Прыбалтыйская і Прыаршанская). У крышт. фундаменце Беларускай антэклізы выяўлены Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых рудаў і Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў.

т. 2, с. 404

БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял. Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн. чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у тым ліку 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн. чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв. гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл. Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл. Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл. Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.

Літ.:

Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.

У.І.Лемяшонак.

т. 2, с. 404

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ АХВЯ́РАЎ ПАЛІТЫ́ЧНЫХ РЭПРЭ́СІЙ

(БААПР),

добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, якія пацярпелі ад паліт. рэпрэсій. Створана 8.2.1992 у Мінску. Вышэйшы орган — з’езд, кіруючы — рада, выканаўчы — управа. Мэты БААПР: удзел у рабоце па аднаўленні парушаных правоў і інтарэсаў беспадстаўна рэпрэсіраваных грамадзян, садзейнічанне поўнай і публічнай рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій; аказанне прававой, матэрыяльнай, сац.-бытавой і інш. дапамогі пацярпелым ад паліт. рэпрэсій; пошукі месцаў пахавання рэпрэсіраваных, стварэнне Кніг памяці; садзейнічанне дэмакр. пераўтварэнням і барацьба супраць актаў беззаконня і дыскрэдытацыі; развіццё прававой і гуманітарнай свядомасці грамадзян; арганізацыя сумесна з архіўнымі ўстановамі выставак і інш. асв. мерапрыемстваў, прысвечаных памяці ахвяраў рэпрэсій, і інш. У БААПР уваходзяць Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская абласныя, Бабруйская, Брэсцкая, Баранавіцкая, Барысаўская, Маладзечанская гарадскія, Карэліцкая, Пухавіцкая, а таксама Ленінская, Першамайская, Фрунзенская г. Мінска раённыя асацыяцыі ахвяраў паліт. рэпрэсій.

У.І.Адамушка.

т. 2, с. 405

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЫЛЫ́Х НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ,

грамадская арг-цыя. Створана ў 1988 пад назвай «Дзеці вайны 1941—45 гг.». З 1992 сучасная назва. Асн. задача — сац. абарона былых малалетніх вязняў, пацярпелых у гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі і інш. краін. Уваходзіць у Міжнародны Саюз былых малалетніх вязняў фашызму. Мае аддзяленні ў раёнах і абласцях Рэспублікі Беларусь. Аб’ядноўвае каля 25 тыс. чал. (1996).

М.П.Клімец.

т. 2, с. 405

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ГІСТО́РЫКАЎ

(БАГ),

грамадская навуковая арг-цыя. Створана 5.2.1993 у Мінску на Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў. Аб’ядноўвае вучоных гісторыкаў, выкладчыкаў і настаўнікаў гіст. дысцыплін, бібліятэчных, музейных, архіўных работнікаў, краязнаўцаў. Мае на мэце садзейнічаць развіццю фундаментальных даследаванняў па гісторыі Беларусі і ўсеаг. гісторыі, пашыраць гіст. адукаванасць грамадства, папулярызаваць і распаўсюджваць гіст. веды, фарміраваць нац. гіст. свядомасць насельніцтва Беларусі. Удзельнічае ў каардынацыі навук. даследаванняў у галіновых навук. установах Беларусі і ВНУ, у рабоце па павышэнні кваліфікацыі кадраў гіст. навукі, садзейнічае публікацыі вынікаў навук. даследаванняў, праводзіць навук. канферэнцыі, супрацоўнічае з органамі дзярж. улады і кіравання. Складаецца з індывід. і калект. членаў. Вышэйшы орган БАГ — з’езд, які склікаецца раз у 3 гады. Кіруючы орган — рада. У перыяд паміж з’ездамі і пасяджэннямі рады дзейнасць БАГ накіроўвае прэзідыум.

т. 2, с. 405

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ КАМУНІКАТЫ́ЎНАЙ ЛІНГВІ́СТЫКІ

(БАКЛ),

недзяржаўная лінгвістычная арг-цыя, заснаваная 2.2.1991 у Мінску з мэтай прапаганды функцыянальнага падыходу да даследавання мовы (прагма-, псіха-, сацыя- і этналінгвістыкі). З 1992 спрабуе таксама захаваць і пашырыць сувязі і супрацоўніцтва мовазнаўцаў у СНД, Балтыі, Польшчы і Балгарыі. Буйнейшыя групоўкі БАКЛ на Беларусі ў Мінску, Гродне, Мазыры і Гомелі, а таксама ў С.-Пецярбургу, Маскве, Цверы (Расія), у Кіеве, Запарожжы, Нежыне, Адэсе, Чарнаўцах (Украіна), у Кішынёве і Бельцах (Малдова). БАКЛ мае кантакты з лінгвістычнымі арг-цыямі ў Брытаніі, ЗША, Чэхіі. З 1993 прадстаўляе Беларусь у Пастаянным міжнародным камітэце лінгвістаў, праводзіць канферэнцыі, выдае зборнікі артыкулаў і тэзісаў.

Дз.Г.Багушэвіч.

т. 2, с. 406

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСКІХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ

(БелАПП). Існавала з ліст. 1928 да мая 1932. Створана ў выніку рэарганізацыі літ. аб’яднання «Маладняк», усебеларускі з’езд якога (25—28.11.1928) абвясціў сябе 1-м з’ездам БелАПП. Статут прыняты 10.3.1929. Орган кіравання — праўленне і яго сакратарыят. Друкаваны орган — час. «Маладняк» (з № 12, 1928). Члены: А.Александровіч, З.Астапенка, А.Астрэйка, С.Баранавых, П.Броўка, П.Галавач, Ю.Гаўрук, А.Звонак, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Б.Мікуліч, Р.Мурашка, А.Салагуб, Я.Скрыган, В.Таўлай, П.Трус, М.Чарот, С.Шушкевіч, Х.Шынклер і інш. Асацыяцыя мела рус., літоўскую, польск. і яўр. секцыі. Існавалі Бабруйская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Полацкая і інш. філіі, якія выдавалі свае зборнікі, альманахі, асобныя творы. 22.9.1930 філіі ліквідаваны, былі створаны літ. гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Мінская філія пераўтворана ў Мінскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (МінАПП),

Віцебская — у Віцебскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У дзейнасці БелАПП вылучаюцца два этапы: 1928—30 і 1930—32. Да 1930-х г. асацыяцыя праводзіла значную работу па стварэнні пралетарскай л-ры, садзейнічала аб’яднанню літ. сіл, наладжванню сувязяў з л-рамі народаў СССР. На дзейнасці БелАПП адмоўна адбівалася тое, што яе кіраўніцтва дапускала адміністраванне ў дачыненні да членаў арг-цыі. Белапаўская крытыка механічна пераносіла метадалогію філасофіі на маст. творчасць, прапагандуючы своеасаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад л-ры. З пач. 30-х г. асацыяцыя стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіравання, дапускала праявы групаўшчыны, пагардлівых адносін да інш. арг-цый, прэтэндавала на кіруючую ролю ў бел. л-ры. Значную шкоду прычыніла вульгарна-сацыялаг. крытыка (Л.Бэндэ, А.Кучар, М.Аляхновіч і інш.). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).

Літ.:

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20—30-я гады. Мн., 1975.

К.Р.Хромчанка.

т. 2, с. 406

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ САДЗЕ́ЙНІЧАННЯ ААН,

няўрадавая арг-цыя, член Сусветнай Федэрацыі Асацыяцый садзейнічання ААН. Засн. 17 арг-цыямі і ўстановамі Беларусі на ўстаноўчай канферэнцыі ў вер. 1989. Асн. мэты: развіццё і каардынацыя руху ў падтрымку ААН, інфармаванне грамадскасці пра яе дзейнасць, аб’яднанне намаганняў ва ўмацаванні даверу і дружбы паміж народамі, ахова правоў чалавека. Падтрымлівае на няўрадавым узроўні знешнюю палітыку, міжнар. эканам. і сац. праграмы Рэспублікі Беларусь. Дзейнічае ў цеснай сувязі з Прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь. Вышэйшы орган — канферэнцыя, паміж канферэнцыямі Беларускай асацыяцыяй садзейнічання ААН кіруюць праўленне, прэзідыум і прэзідэнт. Штаб-кватэра ў Мінску.

В.М.Іваноў.

т. 2, с. 406

БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАКЕФА́ЛЬНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́

(БАПЦ),

адміністрацыйна незалежная ад інш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій ад Рус. правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял. Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.С.Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролю Беларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква замяжой).

В.В.Антонаў.

т. 2, с. 406