Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́ЖА,

возера ў Беларусі, у Мёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 12 км на ПдЗ ад г. Мёры, уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 2,94 км², даўж. 2,62 км, найб. шыр. 1,11 км, найб. глыб. 5,1 км. Пл. вадазбору 24,4 км².

Схілы катлавіны на Пд, ПдЗ і У выш. 8—10 м, месцамі да 17 м, пад лесам, на Пн і ПнЗ разараныя. На У да возера прымыкае балота, берагі месцамі сплавінныя, паўн. і зах. абразійныя, часта зліваюцца са схіламі. 2 астравы агульнай пл. 1 га. Злучана пратокай (шыр. 200 м) з воз. Абстэрна; упадае рэчка без назвы.

т. 3, с. 446

ВА́ЖА ПШАВЕ́ЛА

(сапр. Разікашвілі Лука Паўлавіч; 26.7.1861, с. Чаргалі Душэцкага р-на, Грузія — 10.7.1915),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Гарыйскую настаўніцкую семінарыю (1882). У 1883—84 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Настаўнічаў. У 1879 выступіў з этнагр. нарысамі, у 1881 — з вершамі. Аўтар эпічных і філас. паэм, вершаў, драм. апавяданняў, нарысаў, публіцыст. і крытычных артыкулаў. У творах, набліжаных да нар.-паэт. легендаў і паданняў, паказаў мараль, героіку тагачаснай паўсядзённасці і мінуўшчыны, жыццё, псіхалогію і побыт горцаў, іх барацьбу за свае правы. Праблемы ўзаемаадносін чалавека і грамадства, чалавека і прыроды, любоў да радзімы і народа, услаўленне вольнага, незалежнага чалавека — асноўнае ў паэмах «Алуда Кетэлауры» (1888), «Этэры», «Бахтрыёні» (1892), «Госць і гаспадар» (1893), «Змеяед» (1901) і інш. Паасобныя вершы Важа-Пшавелы на бел. мову пераклалі С.Грахоўскі, М.Хведаровіч.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—2. М., 1958.

Літ.:

Лундберг Е., Гогоберидзе Е. Важа Пшавела. М., 1969.

т. 3, с. 447

ВА́ЖНІЦА,

тып старадаўняга збудавання ў гарадах і мястэчках ВКЛ, дзе ўзважвалі і вымяралі прывезеныя купцамі на продаж збожжа і інш. тавары. Найчасцей важніца — 1-павярховы мураваны ці драўляны будынак, унутры якога былі 2 памяшканні: уласна важніца, дзе захоўвалі гарадскія вагі і меры, і «мерніца», дзе ўзважвалі і вымяралі тавары. На Беларусі ў 16—18 ст. важніцы існавалі ва ўсіх значных гарадах; звычайна на гандл. плошчах, часам іх блакіравалі з ратушамі і гандлёвымі радамі.

т. 3, с. 447

ВАЗ,

сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.

т. 3, с. 447

ВА́ЗА,

Васа (швед. Vasa, польск. Wasa), шведская каралеўская дынастыя, якая правіла ў Швецыі (1523—1654) і Польшчы (1587—1668). Засн. Густавам І [1523—60]. Каралямі Швецыі былі яго сыны Эрык XIV [1560—68], Юхан III [1568—92], Карл IX [1604—11], сын апошняга Густаў II Адольф [1611—32], дачка апошняга Крысціна [1632—54]. У Польшчы правілі Жыгімонт III (1587—1632, у 1592—1604 і кароль Швецыі), які ўстанавіў шведска-польскую асабістую унію [1592—99], яго сыны Уладзіслаў IV [1632—48] і Ян Казімір [1648—68].

т. 3, с. 447

ВА́ЗА

(франц. vase ад лац. vas пасудзіна),

пасудзіна дэкар. ці утылітарнага прызначэння. Выкарыстоўваюцца для пластычнага і каляровага ўзбагачэння інтэр’ера, часам як творы манум.-дэкар. мастацтва (на фасадах будынкаў, агароджах). Вырабляюцца са шкла, фарфору, фаянсу, гліны, хрусталю, вырабных камянёў, металаў. Вядомы са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі ў залежнасці ад формы і прызначэння гліняныя вазы мелі розныя назвы (амфара, кратэр і інш.). Выраб і ўпрыгожванне вазы размалёўкай (вазапіс) — важная галіна ант. мастац-тва. Тэктанічная яснасць формаў, іх функцыян. апраўданасць, гарманічнасць прапорцый зрабілі стараж.-грэч. вазы класічнымі ўзорамі для еўрап. мастацтва наступных эпох. На Беларусі ў 18—19 ст. вазы выраблялі ганчары Слуцка, Барысава, Магілёва і інш. на радзівілаўскіх і Целяханскай фаянсавай мануфактурах (гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы). Цяпер вазы вырабляюць на Мінскім і Добрушскім фарфоравых, Барысаўскім хрусталёвым заводах, шклозаводзе «Нёман», аб’яднанні «Беларуская мастацкая кераміка», Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Відарысы вазы выкарыстоўваюцца як дэкар. матыў у размалёўцы па шкле, метале, кераміцы, у ткацтве.

М.М.Яніцкая.

т. 3, с. 447

ВАЗАВО́Е,

у ВКЛ пошліна з кожнага воза за перавоз тавараў цераз мяжу.

т. 3, с. 447

ВА́ЗАПІС антычны, размалёўка ант. керамічных пасудзін. Бярэ пачатак ад эгейскага мастацтва. Росквіту дасягнуў у Стараж. Грэцыі. Вазы і інш. пасудзіны размалёўвалі т.зв. чорным лакам, белай і пурпурнай фарбамі, пазалотай. Кампазіцыя размалёўкі арганічна спалучалася з формай пасудзіны. У гісторыі вазапісу вядомыя стылі: геаметрычны (9—8 ст. да н.э., гарыз. палосы рытмічных лінейных узораў), «дывановы» (7 ст. да н.э., паліхромныя выявы жывёл у спалучэнні з расліннымі ўзорамі), чорнафігурны (6 ст. да н.э.) і чырвонафігурны (апошняя чвэрць 6 — пач. 4 ст. да н.э.). З 2—3 ст. да н.э. стараж.-грэч. вазапіс паступова заняпаў, саступіўшы месца лакіраваным пасудзінам з рэльефным дэкорам або накладной арнаментальнай размалёўкай.

т. 3, с. 447

ВАЗАПРЭСІ́Н,

антыдыурэтычны гармон, нейрагармон многіх пазваночных жывёл і чалавека, які рэгулюе дыурэз. Паводле хім. прыроды — пептыд (октапептыд). Вазапрэсін вырабляецца гіпаталамусам, з якога ён паступае ў гіпофіз, потым у кроў. Выклікае скарачэнне капіляраў, што павышае крывяны ціск (прэсорны эфект) і стымулюе зваротнае ўсмоктванне вады ў ныркавых канальцах, зніжаючы дыурэз (антыдыурэтычны эфект). Недахоп вазапрэсіну ў арганізме можа прывесці да нецукр. дыябету, пры якім выдзяленне мачы рэзка павышаецца.

т. 3, с. 448

ВАЗА́РЫ

(Vasari) Джорджа (30.7.1511, г. Арэца, Італія — 27.6.1574),

італьянскі архітэктар, жывапісец, гісторык мастацтва; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў Фларэнцыі ў Б.Бандынелі. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам Мікеланджэла. У пабудовах (Палацца дэі Кавальеры ў Пізе, 1562; уласны дом, 1542; Палацца дэле Лоджэ, 1573—81 у Арэца; ансамбль Уфіцы ў Фларэнцыі, 1560—73) эклектычна спалучаў элементы рэнесансавай і маньерыстычнай архітэктуры. Сярод жывапісных работ: фрэскі ў Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (з 1555), у Зале Рэджа ў Ватыкане (1571—73). Аўтар «Жыццеапісанняў найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550 (рус. пер., т. 1—5, 1956—71) аб жыцці і творчасці італьян. мастакоў эпохі Адраджэння.

т. 3, с. 448