АПРЫ́ЛАЎ Васіл Еўстаціеў
(21.7.1789, г. Габрава — 2.10.1847),
балгарскі грамадска-паліт. дзеяч, асветнік, педагог і пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Расіі, Германіі і Венскім ун-це. У 1835 заснаваў у Габраве першую свецкую школу. Аўтар прац «Балгарскія кніжкі, ці Якому славянскаму племю ўласна належыць кірылаўская азбука» (1841), «Думкі пра цяперашняе балгарскае навучанне» (1847) і інш. Творчасць Апрылава спрыяла адраджэнню нац. свядомасці балгараў, іх самабытнай культуры і традыцый.
т. 1, с. 435
АПРЫ́ЧНІНА,
апрышніна, 1) у 14—15 ст. асобнае ўдзельнае ўладанне жанчын з велікакняжацкай сям’і.
2) Назва ўласнага ўдзелу Івана IV у 1565—72 з асобнай тэрыторыяй, войскам і дзярж. Апаратам.
3) Сістэма надзвычайных ваенна-адм., сац.-эканам. мерапрыемстваў Івана IV у 1565—72 для ўмацавання самадзярж. улады, ліквідацыі феад. раздробленасці, барацьбы з непакорнымі феадаламі. Мэтай апрычніны абвяшчалася выкараненне «крамолы». Ажыццяўлялася апрычнікамі, якія мелі неабмежаваныя правы і ўладу, былі непадсудныя органам улады і суда. Суправаджалася жорсткімі расправамі з баярска-княжацкай апазіцыяй, масавымі смяротнымі пакараннямі часта невінаватых людзей, зямельнымі канфіскацыямі і інш. Асабліва жорсткія рэпрэсіі чынілі А.Д.Басманаў, А.І.Вяземскі, Р.Л.Скуратаў-Бельскі і інш. У выніку апрычніны выкаранены феад. сепаратызм, умацаваны самадзярж. дэспатызм і яго сац. апора — служылыя людзі, дваране і сярэднія землеўладальнікі; узмоцнена прыгонніцтва, збяднела значная частка насельніцтва, асабліва пасадскія людзі. У 1572 апрычніна адменена, частка канфіскаваных земляў вернута іх б. уладальнікам.
Літ.:
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985. С. 136—160;
Ключевский В.О. Русская история: Полн. курс лекций. М., 1993. Кн. 1. С. 483—495;
Соловьев С.М. Соч. М., 1989. Кн. 3, т. 5—6. С. 506—547.
т. 1, с. 435
АПРЫ́ШКІ,
удзельнікі нар.-вызв. руху ў зах. раёнах Украіны (Галіччына, Букавіна, Закарпацце) у 16—1-й пал. 19 ст. Выступалі супраць феад. прыгнёту з боку польск. і ўкр. шляхты, аўстр., венг. і малд. памешчыкаў. Найб. вядомыя выступленні апрышкаў у 1730—40 пад кіраўніцтвам К.Доўбуша.
т. 1, с. 435
АПРЭТАВА́ННЕ
(ад франц. apprêter апрацоўваць),
апрацоўка тэкстыльных вырабаў з мэтай надання ім калянасці, незмінальнасці, гідрафобнасці, негаручасці і інш. Ажыццяўляецца прамочваннем ці паверхневай апрацоўкай вырабу спец. рэчывамі (апрэтамі). Для надання калянасці карыстаюцца водарастваральнымі эфірамі цэлюлозы (карбаксіметылцэлюлозай), крухмалам; незмінальнасці — аміна-фармальдэгіднымі смоламі; гідрафобнасці — крэмнійарган. вадкасцямі; пругкасці — сінт. латэксамі. Гл. таксама Тэкстыльна-дапаможныя рэчывы.
т. 1, с. 435
АПСІ́ДА,
абсіда
[ад грэч. hapsis (hapsidos) скляпенне],
канструкцыйна самастойная частка культавага збудавання; выступ будынка (прамавугольны, шматвугольны, паўкруглы ў плане), які перакрыты паўкупалам ці самкнутым скляпеннем. Упершыню з’явілася ў стараж.-рымскіх базіліках, адкуль перайшла ў хрысціянскія храмы. У апсідзе размяшчаюцца алтар, клір, месца для вышэйшых духоўных і свецкіх асоб, культавыя рэліквіі і г.д. У каталіцкіх храмах дапаўнялася прэсбітэрыем.
т. 1, с. 435
АПТА́ЦЫЯ
(ад лац. optatio жаданне),
у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства паводле закону або міжнар. дагавора. Адбываецца пры пераходзе тэрыторыі ад адной дзяржавы да другой, пры вырашэнні пытанняў пра асоб з двайным грамадзянствам (біпатрыдаў), пры абмене насельніцтвам. Дзеці пры аптацыі звычайна прымаюць грамадзянства бацькоў. Міжнар. права не мае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыі аптацыі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь і яе пагадненняў з інш. краінамі аптацыя праводзіцца на добраахвотных пачатках з улікам інтарэсаў бакоў. Так адбывалася аптацыя на аснове бел.-польск. пагадненняў пасля вызвалення тэр. Беларусі і Польшчы ад ням. фашыстаў.
т. 1, с. 435
АПТО́ВЫ ГА́НДАЛЬ,
аптовы продаж, 1) гандаль партыямі тавараў вытв. прызначэння і асабістага ўжытку паміж прадпрыемствамі і гандл. арг-цыямі. Адрозніваюць гандл. абарот па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, закупках сельскагаспадарчых прадуктаў і рэалізацыі тавараў нар. ўжытку.
2) У рыначнай эканоміцы — продаж тавараў (паслуг) партыямі ці вял. колькасцю тым, хто набывае іх з мэтай перапродажу або на ўласныя патрэбы.
т. 1, с. 436
АПТРО́Н,
прылада, якая складаецца з крыніцы святла (святловыпрамяняльны дыёд), аптычна спалучанай з прыёмнікам святла (фотарэзістар, фотадыёд, фотатранзістар і інш.). Элементы аптрона змешчаны ў агульным корпусе, алегарычна ізаляваны. У аптроне выконваецца прамое і адваротнае электронна-аптычнае пераўтварэнне. Выкарыстоўваецца для сувязі паміж асобнымі вузламі электронных прылад, напр. у выліч. і вымяральнай тэхніцы і аўтаматыцы.
т. 1, с. 436
АПТЫМА́ЛЬНАЕ КІРАВА́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае кіраванне сістэмамі, тэхн. аб’ектамі і інш., што забяспечвае найлепшае (аптымальнае) працяканне працэсаў у пэўным, папярэдне вызначаным кірунку. Дае магчымасць рэалізаваць мэту кіравання за найменшы магчымы час або з найбольшым эканам. эфектам.
Першыя задачы аптымальнага кіравання пастаўлены ў пач. 1950-х г. пры вывучэнні дынамікі лятальных апаратаў і працэсаў аўтам. рэгулявання. Пытанні аптымізацыі аб’ектаў кіравання разглядаюцца ў тэорыі аптымальнага кіравання, якая грунтуецца на некласічных варыяцыйных задачах (гл. Варыяцыйнае злічэнне) адшукання экстрэмумаў функцыяналаў па рашэннях ураўненняў, што апісваюць аб’екты кіравання, і кіраванняў, дзе рэалізуецца экстрэмум; пры гэтым абмежаванні параметраў кіравання выражаюцца нястрогімі няроўнасцямі (могуць прымаць і гранічныя значэнні). Задачы рашаюцца рознымі метадамі, найбольш агульныя — прынцып максімуму і метад дынамічнага праграмавання.
Асновы матэм. тэорыі аптымальнага кіравання закладзены работамі сав. матэматыка Л.С.Пантрагіна і амер. матэматыка Р.Белмана. На Беларусі даследаванні па праблемах аптымальнага кіравання пачаліся ў 1966 пад кіраўніцтвам Я.А.Барбашына і вядуцца ў БДУ і Ін-це матэматыкі АН Беларусі.
Літ.:
Математическая теория оптимальных процессов. 4 изд. М., 1983;
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Качественная теория оптимальных процессов. М., 1971.
Р.Габасаў, Ф.М.Кірылава.
т. 1, с. 436
АПТЫМА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ў тэхніцы, сістэма, для якой пэўны крытэрый прымае найб. (ці найменшае) значэнне з мноства магчымых. Вынік працэсу аптымізацыі. Крытэрыем аптымальнасці можа быць хуткадзеянне, дакладнасць, затраты энергіі або матэрыялу і інш. Прыклады аптымальнай сістэмы — сістэмы аўтам. кіравання самалётаў і караблёў, аптымальныя канструкцыі ў буд-ве і машынабудаванні (аптымальны профіль крыла самалёта, аптымальная аэрадынамічная форма кузава аўтамабіля), аптымальныя тэхнал. працэсы (награванне металу ў печах з мінім. акалінаўтварэннем).
т. 1, с. 436