АПТА́ЦЫЯ
(ад лац. optatio жаданне),
у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства паводле закону або міжнар. дагавора. Адбываецца пры пераходзе тэрыторыі ад адной дзяржавы да другой, пры вырашэнні пытанняў пра асоб з двайным грамадзянствам (біпатрыдаў), пры абмене насельніцтвам. Дзеці пры аптацыі звычайна прымаюць грамадзянства бацькоў. Міжнар. права не мае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыі аптацыі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь і яе пагадненняў з інш. краінамі аптацыя праводзіцца на добраахвотных пачатках з улікам інтарэсаў бакоў. Так адбывалася аптацыя на аснове бел.-польск. пагадненняў пасля вызвалення тэр. Беларусі і Польшчы ад ням. фашыстаў.
т. 1, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)