Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭ́СЦЕР (англ. tester ад test выпрабаванне, даследаванне),

прылада, сістэма ці праграма для кантролю аб’ектаў даследаванняў (правільнасць функцыянавання, вымярэнне асн. параметраў, прыналежнасць да пэўнага класа і інш.). У вузкім сэнсе — камбінаваная электравымяральная прылада (напр., ампервальтомметр), прызначаная для праверкі работаздольнасці і наладкі радыёэлектроннай апаратуры.

т. 16, с. 145

ТЭСЦІ́РАВАННЕ (ад тэст),

метад псіхал. дыягностыкі і сацыялагічнага даследавання, які выкарыстоўвае тэсты — стандартызаваныя заданні, па выніках выканання якіх вымяраюць пэўныя псіхал. характарыстыкі, узровень развіцця навыкаў, уменняў і ведаў рэспандэнтаў. Асн. сферы выкарыстання Т. — адукацыя, прафес. падрыхтоўка і адбор, псіхал. кансультаванне. Уключае 3 этапы: распрацоўка тэста і вызначэнне ступені яго валіднасці (дакладнасці); правядзенне Т. на аснове распрацаванай інструкцыі; інтэрпрэтацыя вынікаў Т. У залежнасці ад мэты Т. тэсты класіфікуюцца паводле спосабу іх правядзення (індывід. і групавыя), паводле фармальнай структуры (простыя і складаныя, што ўключаюць некалькі субтэстаў), паводле аб’екта вывучэння (тэсты дасягненняў: сенсорныя, маторныя, на інтэлект, творчыя здольнасці, веды; асобасныя: характаралагічныя, на тэмперамент, устаноўкі, інтарэсы), паводле ступені дасведчанасці рэспандэнтаў пра задачы Т. (прамыя і непрамыя) і паводле інш. крытэрыяў.

т. 16, с. 145

ТЭТРАЭТЫЛСВІНЕ́Ц (ТЭС),

найбольш пашыранае свінецарган. злучэнне (C2H5)4Pb; антыдэтанатар маторнага паліва.

Бясколерная масленая лятучая вадкасць, шчыльн. 1650 кг/м³; кіпіць з раскладаннем tкіп 200 °C)> павольна раскладаецца пры пакаёвай т-ры. Не раствараецца ў вадзе, змешваецца з арган. растваральнікамі. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем этылхларыду C2H5CI са сплавам свінцу з натрыем, электролізам водна-спіртавога раствору этылбраміду C2H5Br і гідраксіду натрыю на катодзе з губчатага свінцу і графітавым анодзе. Выкарыстоўваюць у выглядзе этылавай вадкасці як антыдэтанацыйную прысадку да бензіну, як каталізатар у арган. сінтэзе (напр., полімерызацыі алефінаў, вінілхларыду і акрыланітрылу, алкіліравання вуглевадародаў), напаўняльнік у лічыльніку Гейгера. Высокатаксічны; лёгка пранікае праз скуру, ГДК 0,005 мг/м³.

т. 16, с. 146