тэлевізійны прыёмнік, радыёпрыёмнік для прыёму і ўзнаўлення на экране праграм тэлевізійнага вяшчання (гл.Тэлебачанне). Сігналы тэлевізійных праграм паступаюць ад прыёмнай тэлевізійнай антэны, сеткі кабельнага тэлебачання, відэамагнітафона і інш. Можа быць крыніцай тэлевізійных сігналаў для запісу на відэамагнітафон. Адрозніваюць Т. чорна-белыя і каляровыя; стандартнай, павышанай і высокай выразнасці; адна- і шматстандартныя; для прыёму праграм аналагавага і лічбавага наземнага, кабельнага ці спадарожнікавага тэлебачання; з мона- і стэрэафанічным гукавым суправаджэннем; мона- і стэрэаскапічныя; адна- і шматфункцыянальныя (прыём сігналаў тэлетэксту, праграм радыёвяшчання, функцыя «кадр у кадры», з адаптэрамі для выхаду ў Інтэрнет і інш.); стацыянарныя і пераносныя; непасрэднага назірання і праекцыйныя.
Выконваюцца па супергетэрадзіннай схеме, варыянты якой адрозніваюцца спосабамі апрацоўкі радыёсігналаў відарыса і гукавога суправаджэння (найб. пашыраны лічбавыя метады). У селектары каналаў адбываецца выдзяленне радыёсігналаў патрэбнага канала (выбар праграмы) з наступным пераўтварэннем іх частаты ў прамежкавыя частоты відарыса і гуку з узмацненнем, фільтрацыяй і дэмадуляцыяй у трактах прамежкавай частаты і пераўтварэннем іх у сігналы яркасці, колернасці, сінхранізацыі і гукавога суправаджэння для фарміравання відарыса на экране кінескопа і ўзнаўлення гуку з дапамогай гучнагаварыцеля.
На Беларусі масавы выпуск Т. пачаўся ў сярэдзіне 1950-х г. на Мінскім радыёзаводзе (з 1972 галаўное прадпрыемства ВА «Гарызонт») і Мінскім прыборабудаўнічым з-дзе (да 1972). Выпускаліся Т. мадэлей «Беларусь» і іх мадыфікацый (у т. л. тэлерадыёлы), «Нёман», «Зорка». З 1968 выпускаюцца Т. сям’і «Гарызонт» (чорна-белыя; з 1977 каляровыя), з 1978 каляровыя Т. сям’і «Віцязь» аднайм. Віцебскага ВА і інш.
сукупнасць відаў мастацкай дзейнасці, звязаных з паяўленнем тэлебачання. Тэлебачанне рэпрадуцырус падзеі рэальнага жыцця, а таксама творы розных відаў мастацтва (кінафільмы, тэатр. спектаклі, канцэрты, творы выяўл. мастацтва) і стварае арыгінальныя тэлевідовішчы: маст. і дакумент.тэлефільмы, тэлеспектаклі (гл.Тэлевізійны тэатр), тэлеперадачы. Поліфункцыянальнасць праграмы (уключае інфарм., дакумент.-публіцыст. і маст. перадачы) вызначае структуру твораў тэлемастацтва, якія сінтэзуюць дакумент., дакумент.-ігравыя і ігравыя формы. Для тэлебачання характэрны: цыклавыя формы тэлемастацтва (цыклы, серыі), аб’яднаныя аўтарскай задумай, тэмай, жанрам, асобай вядучага; увядзенне тэлекамунікатара (вядучага, расказчыка, каментатара), які садзейнічае персаніфікацыі інфармацыі, псіхал. кантакту гледача з тэлевідовішчам. Элементы тэлевізійнай маст. інтэрпрэтацыі рэчаіснасці ёсць у многіх праграмах, якія спалучаюць інфарм., выхаваўчыя і эстэт. функцыі. Прапаганда розных відаў мастацтва тэлевізійнымі сродкамі ажыццяўляецца на Рэспубліканскай студыі тэлебачання і абласных студыях тэлебачання.
разнавіднасць антэн для перадачы (перадавальная антэна) ці прыёму (прыёмная антэна) тэлевізійных радыёсігналаў. Перадавальная Т.а. ўяўляе сабой сістэму вібратараў (напр., стрыжняў), устаноўленую на тэлевізійнай вежы. Прыёмныя Т.а. бываюць індывід. (напр., пакаёвыя тэлескапічныя антэны, парабалічныя антэны спадарожнікавага вяшчання) і калектыўныя (найб. пашыраны тыпу «хвалевы канал»).
металічная, жалезабетонная, камбінаваная вежа, на якой устанаўліваецца тэлевізійнае і радыёабсталяванне. На Т.в. і ўнутры яе размешчаны антэны і спец. апаратура тэлебачання, радыёвяшчання, рэтрансляцыі, радыёрэлейнай і радыётэлегр. сувязі, таксама прылады для метэаралагічнага назірання і інш. Некаторыя Т.в. маюць назіральныя пляцоўкі, рэстараны, кафэ і інш.Найб. будаваліся ў сярэдзіне 20 ст. Вышыня Т.в. вызначае радыус дзеяння тэлевізійнай станцыі, напр., Т.в. Астанкінскага тэлецэнтра ў Маскве мае выш. каля 540 м, радыус дзеяння тэлевізійных антэн 120—130 км. Некаторыя Т.в. з’яўляюцца выдатнымі арх.- і тэхн. збудаваннямі.
Тэлевізійная вежа: а — у г. Дортмунд, Германія; б — будова вежы ў г. Франкфурт-на-Майне, Германія (1 — перадавальныя антэны; 2 — службовыя памяшканні; 3 — назіральная пляцоўка; 4 — рэстаран; 5 — лесвіца; 6 — шахта ліфта).
нармалізаваны рысунак для кантролю параметраў тэлевізійнага відарыса. Бывае спецыялізаваная і універсальная, паводле спосабу атрымання — аптычная (дыяпазітыў ці асобны кадр), электронная (фарміруецца манаскопам) і электрычная (фарміруецца эл. шляхам). Т.в.т. для кантролю параметраў сістэм лічбавага тэлебачання мае статычныя і дынамічныя элементы.
Спецыялізаваная Т.в.т. мае 1 выпрабавальны элемент (напр., аднаколернае поле, шахматнае поле, градацыйны клін, верт. палосы) і прызначаны для кантролю 1 параметра відарыса. Універсальная Т.в.т. мае некалькі элементаў, што дазваляе ацаніць адначасова некалькі параметраў. Аптычная Т.в.т. выкарыстоўваецца для кантролю работы святлоэлектрычных пераўтваральнікаў, электронная і электрычная — радыёперадатчыкаў і тэлевізійных прыёмнікаў, прылад апрацоўкі сігналаў, каналаў сувязі і інш.
тэлекамера, оптаэлектронны апарат для пераўтварэння аптычнага відарыса аб’екта ў эл. сігнал (гл.Відэасігнал), які можна перадаваць на адлегласць. Адрозніваюць Т.п.к. для тэлевізійнага вяшчання (студыйныя, пазастудыйныя, дыктарскія і інш.), падводнага тэлебачання і прыкладнога тэлебачання, чорна-белага і каляровага тэлебачання. Асн. элемент Т.п.к. — перадавальная тэлевізійная трубка (у каляровых камерах 3—4 трубкі, у бытавых і паўпрафесіянальных — 2 ці 1) ці ПЗС матрыца). Камера таксама мае аб’ектыў, відэаўзмацняльнік, генератары тэлевізійных разгортак, вяшчальныя Т.п.к. — дадаткова электронны відашукальнік на кінескопе ці вадкакрышталічным індыкатары для назірання і кантролю межаў відарыса аб’екта. Гл. таксама Камкордэр.
паслядоўнае раскладанне (разгортка) відарыса, створанага аптычнай сістэмай у тэлевізійнай перадавальнай камеры, на складальныя элементы адначасова з атрыманнем відэасігналу, а таксама адваротнае пераўтварэнне з дапамогай кінескопаэл. сігналаў у бачны відарыс. У першых тэлевізійных сістэмах Т.р. ажыццяўлялася мех. спосабам, электронную Т.р. прапанаваў Б.Л.Розінг (гл.Тэлебачанне).
У вяшчальных сістэмах чорна-белага і каляровага тэлебачання Т.р. ажыццяўляецца сканіраваннем зыходнага відарыса разгортвальным элементам (электронным ці светлавым праменем пастаяннай інтэнсіўнасці), сінтэз відарыса на экране кінескопа — электронным праменем, прамадуляваным відэасігналам па інтэнсіўнасці. Раскладанне і сінтэз відарыса праводзяць па радках злева направа (радковая разгортка) і па вертыкалі зверху ўніз (кадравая разгортка). След ад руху разгортвальнага элемента ўтварае тэлевізійны радок, сукупнасць радкоў — тэлевізійны растр, перададзены (узноўлены) за гэты час відарыс — тэлевізійны кадр (поле).
сукупнасць радыётэхн. і тэлевізійнай апаратуры, з дапамогай якой вядуцца тэлевізійныя перадачы непасрэдна з месца падзеі (тэатра, стадыёна, касмадрома і г.д.). Падзяляюцца на перасоўныя Т.с. і стацыянарныя трансляцыйныя тэлевізійныя пункты.
электравакуумная прылада для пераўтварэння аптычнага відарыса ў відэасігнал (перадавальная тэлевізійная трубка) ці эл. сігналаў у бачны відарыс (прыёмная тэлевізійная трубка). Гл. таксама Электронна-прамянёвая трубка.
устаноўленая тэлевізійным стандартам паласа радыёчастот, адведзеная для перадачы тэлевізійных радыёсігналаў адной праграмы. Напр., у сістэме каляровага тэлебачання СЕКАМ 1 Т.к. займае паласу частот 8 МГц.; метровы дыяпазон тэлевізійнага вяшчання (48,5—66, 77—100 і 174—230 МГц паводле тэлевізійнага стандарту D) мае 12 Т.к., дэцыметровы (470—790 МГц, стандарт K) — 40 Т.к., кабельнае тэлебачанне можа мець адваротныя і дадатковыя Т.к. ў дыяпазоне 5—100 МГц. Лічбавае тэлебачанне мае такі ж частотны план Т.к., аднак па кожным канале можна перадаваць 4—6 тэлевізійных праграм у залежнасці ад ступені сціскання лічбавага сігналу, скорасці кадзіравання інфармацыі, віду мадуляцыі і інш.