ТУМІ́ЛАВІЧЫ,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Докшыцы—Ушачы. Цэнтр сельсавета. За 14 км на ПнУ ад г. Докшыцы, 201 км ад Віцебска, 26 км ад чыг. ст. Параф’янава. 387 ж., 148 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Георгіеўская царква (1864).
т. 16, с. 27
ТУМІЛО́ВІЧ Янка [Іван Людвігавіч; 19.9.1905, в. Сяліба (паводле інш. звестак, в. Жаліна) Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 21.1.1938], бел. паэт. Скончыў БДУ (1927). Працаваў выкладчыкам, у рэдакцыях рэсп. часопісаў. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1940. Друкаваўся з 1925. Быў чл. літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Пробліск». Разам з А.Звонакам і Я.Бобрыкам выдаў зб. вершаў «Пунсовае ранне» (1926). Фалькл. рамантызм у вершаванай легендзе «Зарэка» (1928). Аўтар паэмы «Ульянаў—Ленін» (апубл. часткова 1929—30).
Літ.:
Звонак А. Сціплая песня // Полымя. 1960. №6.
т. 16, с. 27
ТУ́МСКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка (выцякае з возера), за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,86 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 9,2 м, даўж. берагавой лініі 7,6 км, пл. вадазбору 172 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—7 м, разараныя, на ПдУ і ПнЗ выш. 10—18 м, пад лесам. Пойма шыр. 10—250 м. Берагі нізкія, участкамі на З, Пн і У зліваюцца са схіламі, на Пн і ПнУ выш. да 1 м, параслі хмызняком. Дно да глыб. 2 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Уздоўж берага зарастае. Злучана пратокай з воз. Каймін, упадае ручай з воз. Галодна.
т. 16, с. 27
ТУМЭ́Н (манг. — дзесяць тысяч),
вышэйшая арганізац.-тактычная адзінка мангола-тат. войска ў 12—14 ст. колькасцю 10 тыс. воінаў. Т. падзяляўся на тысячы, сотні і дзесяткі. Узначальваў Т. цемнік (прызначаўся з ліку феад. знаці). У баявых парадках мангола-тат. войска Т. складаў адну з яго частак (авангард, левае або правае крыло), а таксама ўваходзіў у склад гал. сіл.
т. 16, с. 27