Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы з лац. мовай навучання. Узніклі ў Зах. Еўропе ў перыяд ранняга сярэдневякоўя і былі асн. формай адукацыі да 13 ст., калі з’явіліся гар. школы з роднай мовай навучання. Выкладанне на лац. мове вялося ў царк. школах, калегіумах, некаторых гар. школах, ун-тах. У залежнасці ад тыпу школы і ўзроўню адукацыі ў Л.ш. выкладаліся чытанне, пісьмо, лац. граматыка, набажэнскія спевы, дыялектыка, арыфметыка, рыторыка і інш., вучылі складанню дзелавой дакументацыі і карэспандэнцыі на лац. мове. Элементарныя Л.ш. былі бясплатныя і даступныя ўсім слаям насельніцтва. У перыяд Рэфармацыі (з 16 ст.) роля Л.ш. як сярэдняга звяна ў адукацыі павялічылася, метады выкладання ў іх (сістэма лекцый, дыспуты) з цягам часу ўвайшлі ў практыку ун-таў. У 16—18 ст. на аснове Л.ш. ствараліся сярэднія навуч. ўстановы, якія давалі класічную адукацыю (гімназіі або педагогіумы).

т. 9, с. 167

ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,

федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл. Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г. Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э.Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл. Лацінскія войны).

т. 9, с. 167

ЛАЦІ́НЫ (Latini),

плямёны старажытнай Італіі (адгалінаванне італікаў), якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі сучасную вобл. Лацыо. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі родавымі паселішчамі. Зазналі ўплыў этрускаў. Разам з сабінамі засн. Рым (754—753 да н.э.). У пач. 1-га тыс. да н.э. аб’ядналіся ў Лацінскі саюз на чале з г. Альба-Лонга. Пасля ліквідацыі ў 338 да н.э. Лацінскага саюза і падпарадкавання Рымам большасці абшчын Лацыі Л. атрымалі абмежаваныя грамадз. правы, з 90 да н.э. паўнапраўныя грамадзяне Рыма.

т. 9, с. 167

ЛА́ЦІС ((Lācis) Віліс) (12.5.1904, с. Рынужы, цяпер у межах г. Рыга — 6.2.1966),

латышскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Латвіі (1947). Вучыўся ў Барнаульскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). У 1940—46 старшыня Саўнаркома, у 1946—59 — Савета Міністраў Латвіі. Друкаваўся з 1921. Увёў у лат. л-ру самабытнага, валявога героя — шукальніка праўды, носьбіта лепшых якасцей прац. народа: трылогія «Бяскрылыя птушкі» (1931—33), раманы «Сын рыбака» (т. 1—2, 1933—34), «Старое марацкае гняздо» (1935—37, перапрацаваны варыянт «Сям’я Зітараў», 1955) і інш. Аўтар раманаў «Да новага берага» (1950—51, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Страчаная бацькаўшчына» (1953), аповесці і п’ес пра Вял. Айч. вайну «Кавалі будучыні» (1942), «Нявестка» (1943), «Перамога» (1945), рамана-эпапеі «Бура» (1945—48, Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш. Многія творы Л. інсцэніраваны і экранізаваны. На бел. мову асобныя творы пераклалі Я.Скрыган, В.Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — Да новага берага. Мн., 1955;

Рус. пер.Собр. соч. T. 1—10. М., 1959—60;

Избр. произв. T. 1—2. М., 1984.

Літ.:

Соколова И. В.Лацис. Рига, 1980.

В.Лаціс.

т. 9, с. 167

ЛА́ЦЫО (Lazio),

адміністрацыйная вобласць у Цэнтр. Італіі, на Апенінскім п-ве. Уключае правінцыі: Вітэрба, Лаціна, Рыеты, Рым, Фразіноне. Пл. 17,2 тыс. км2. Нас. больш за 5,3 млн. чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр г. Рым. Большая ч. тэрыторыі перадгор’і Цэнтр. Апенін (выш. да 2247 м), у сярэдняй — нізіна (Рым. Кампанія). Клімат міжземнаморскі. Ападкаў 500—1000 мм за год.

Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн. і радыёэлектронная), харч., паліграф., папяровая, буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейная, тэкст., галантарэйная, хім., нафтаперапр., гумавая. Вытв-сць сувеніраў, муз. інструментаў, цацак. Кінапрамысловасць. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 млн. га, у т.л. пад ворывам каля 65%, пад лугамі і пашай 16%, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі насаджэннямі 15%. Вырошчваюць вінаград, пшаніцу, аліўкі, агародніну. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Міжнар. турызм.

т. 9, с. 167

ЛАЦЯ́НУ ((Loteanu) Эміль Уладзіміравіч) (н. 6.11.1933, с. Клакушна Брычанскага р-на, Малдова),

малдаўскі пісьменнік, рэжысёр, сцэнарыст. Засл. дз. маст. Малдовы (1968). Нар. арт. Расіі (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1964). Аўтар зб-каў вершаў «Збянтэжанасць» (1956), «Рытмы» (1965), «Душа жаўрука» (1974), «Двайная спіраль» (1976), аповесці «Буколіка» (1966), кн. апавяданняў «Белая скрыпка» (1963) і інш. У кіно дэбютаваў героіка-рэв. стужкай «Чакайце нас на світанні» (1964). Зняў фільмы па ранніх творах М.Горкага — «Табар адыходзіць у неба» (1976, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне) і А.Чэхава «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978). Сярод інш. фільмаў «Гэта імгненне» (1970), «Лаугары» (1973), «Ганна Паўлава» (1983, з Вялікабрытаніяй) і інш. Яго работы вылучаюцца рамант. светаадчуваннем, эмацыянальнасцю, імкненнем да адухоўленасці вобразаў. Піша сцэнарыі.

Тв.:

Избр. лирика. М., 1967.

Літ.:

Липков А. Эмиль Лотяну. М., 1983.

т. 9, с. 168