Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАХТ ((Laht) Уна) (н. 30.4.1924, г. Валга, Эстонія),

эстонскі пісьменнік. Зб-кам сатыр. вершаў «Малочныя зубы» (1954), «Запламбаваныя малочныя зубы» (1956), «Вэнджаныя вугры і росныя ружы» (1960), «Мая родная даматканая глуш» (1973), «Ружовы шум» (1981) і інш. уласцівы актуальнасць тэматыкі і сатыр. вастрыня. Аўтар зб-каў гумарэсак і фельетонаў «Літаратурныя пародыі» (1969), навел «Ліквідацыя бардэля» (1974), прозы «На падножным корме» (1982), у якіх своеасабліва спалучаны сатыр. і рамант. элементы, п’ес. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклаў У.Шахавец.

Тв.:

Рус. пер. — Соленый огурец. М., 1956;

В одном лице. М., 1960;

Банановый корабль в сиреневом тумане, и другое — с мягким прибалтийским акцентом. Таллин, 1985.

т. 9, с. 165

ЛАХТА́К, марскі заяц (Erignathus barbatus),

воднае млекакормячае сям. сапраўдных цюленяў атр. ластаногіх. Пашыраны ў арктычных раёнах Атл. і Ціхага акіянаў, Ахоцкім моры. Трымаецца пераважна паасобку на мелкаводдзях, восенню ўтварае лежбішчы па 1000 асобін і больш.

Даўж. да 2,7 м, маса да 360 кг. Валасяное покрыва негустое, грубае, бура-шэрае, часам са светлымі плямамі на спіне. Корміцца доннымі беспазваночнымі, рыбай. Размнажаецца вясной на дрэйфуючых ільдах. Нараджае 1 дзіцяня. Аб’ект промыслу.

Э.Р.Самусенка.

Лахтак.

т. 9, с. 165

ЛА́ХТЫ (Lahti),

горад на Пд Фінляндыі, на воз. Пяяне. Засн. ў 1878, гар. правы з 1905. Каля 100 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Прам-сць: дрэваапр. (піламатэрыялы, фанера, запалкі, мэбля), маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для цэлюлозна-папяровай прам-сці), тэкст., абутковая, шкляная, харчовая. Цэнтр турызму і зімовых відаў спорту.

Жыллёвае буд-ва ў Л. адметнае разнастайнасцю планіроўкі мікрараёнаў, арганічнай сувяззю іх з ландшафтам. Сярод пабудоў 20 ст.: ратуша (1912, арх. Э.Саарынен), канцэртная зала (1957, арх. К. і Х.Сірэн), будынак банка «КОП» (1963—67, арх. В.Рэвель). У Л. манумент «Мір» (1950—52, скульпт. В.В.Аалтанен).

т. 9, с. 165

ЛАХУЦІ́ (Абулькасім Ахмедзадэ) (31.12.1887, г. Керманшах, Іран — 16.3.1957),

таджыкскі паэт; адзін з заснавальнікаў тадж. паэзіі. Па паходжанні перс. З 1922 y СССР. Друкаваўся з 1907. Развіваў традыцыі перс. і тадж. прытчы-алегорыі (масал), уводзіў у паэзію новыя страфічныя формы, памеры, пабудаваныя на фалькл. аснове. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Дыван Лахуці» (кн. 1—2, 1938—40), «Таджыкістанскія вершы» (1940), «Узброеныя песні» (1942), «Падарунак фронту» (1944), «Покліч жыцця» (1956). Для яго паэзіі характэрна ўмоўна-алегарычная манера пісьма, спалучэнне лірызму з грамадз. і публіцыстычным пафасам. Быў знаёмы з Я.Купалам, прысвяціў яму верш і арт. «Памяці Купалы» (1942). На бел. мову паасобныя вершы Л. пераклалі П.Броўка, К.Кірэенка, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1959;

Стихотворения и поэмы. Л., 1981.

Літ.:

Исаков И.С. Испытание Лахути. Душанбе, 1967.

т. 9, с. 165