Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́СІЦК,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Стыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад горада і 44 км ад чыг. ст. Пінск, 215 км ад Брэста. 726 ж., 296 двароў (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі стаянка і паселішча эпохі неаліту і ранняга жал. веку.

т. 9, с. 142

ЛАСІ́ЦКІ (Łasicki) Ян

(каля 1534, в. Ласіцы Сахачоўскага пав. Раўскага ваяв., Польшча — пасля 1599),

польскі гісторык, бібліёграф, пратэстанцкі рэліг. дзеяч. У 1556—61 вучыўся ва ун-тах Страсбурга, Жэневы, Лазаны, Цюрыха, Парыжа, Падуі і інш. Займаўся кнігазнаўствам, напісаў некалькі кніг па гісторыі вывучэння рэлігіі (пераважна кальвінізму). З 1581 у Вільні. Быў настаўнікам і выхавальнікам сыноў мінскага кашталяна Я.Глябовіча. Апошнія гады жыцця правёў у Заслаўі каля Мінска, цікавіўся этнаграфіяй народаў Рэчы Паспалітай, тэорыяй культуры. Пісаў на лац. мове. У зб. прац розных аўтараў, куды ўключыў і сваю «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» (1582), апісваюцца (часам з акцэнтацыяй увагі на негатыўным) сямейныя абрады, нар. адзенне, стравы і інш. бакі матэрыяльнай культуры беларусаў, асаблівасці архітэктуры Полацка, Вільні і інш. гарадоў. Яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (1615) пра свет язычніцкіх вераванняў жыхароў тагачаснай Літвы.

Тв.:

Бел. пер. — у кн. Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

У км.: Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986.

Літ.:

Barycz Н. Jan Łasicki. Wroclaw, 1973.

У.А.Васілевіч.

т. 9, с. 142

ЛА́СКА

(Mustela nivalis),

млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі падвід Л. сярэдняруская (M.n. nivalis), трапляецца на Палессі. Жыве на ўзлесках, у зарасніках па берагах вадаёмаў, каля жылля.

Даўж. цела да 28 см, хваста да 9 см, маса да 250 г. Цела тонкае, гнуткае, галава невял., вушы кароткія, шырокія. Поўсць кароткая, густая, пушыстая, зімой белая, летам на спіне светла-бурая, знізу жаўтавата-белая. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, радзей земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі і іх яйцамі. Гнёзды ў норах. У прыплодзе 3—10 дзіцянят.

Ласка.

т. 9, с. 142

ЛА́СКЕР (Lasker) Эмануэль

(24.12.1868, г. Барлінэк, Польшча — 13.1.1941),

нямецкі шахматыст, шахматны тэарэтык і літаратар. Д-р філасофіі і матэматыкі (1902). Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (1889). Рэд.-выдавец час. «Lasker’s Chess Magazine» («Шахматны часопіс Ласкера», 1904—09) і інш. перыяд. шахматных выданняў. Чэмпіён свету (1894—1921). Пераможца буйных турніраў (1893, 1924, Нью-Йорк; 1895—96, 1909, 1914, С.-Пецярбург; 1896, г. Нюрнберг, Германія; 1899, Лондан; 1900, Парыж; 1923 г. Мораўска-Острава, Чэхаславакія). У 1935 эмігрыраваў з фаш. Германіі, жыў у Маскве, двойчы выступаў як прадстаўнік СССР на міжнар. турнірах (1936, Масква і г. Нотынгем, Вялікабрытанія). З 1937 у ЗША.

Тв.:

Рус. пер. — Как Виктор стал шахматным мастером. М., 1973;

Учебник шахматной игры. 6 изд. М., 1980.

т. 9, с. 142

ЛАСКО́

(Lascaux),

палеалітычная пячора каля г. Мантыньяк на Пд Францыі (дэпартамент Дардонь). Адкрыта ў 1940. На сценах Л. выяўлены нанесеныя гравіроўкай, манахромнай і паліхромнай размалёўкай выявы дзікіх коней, першабытных быкоў, аленяў, горных казлоў, бізонаў і інш. Унікальная выява мужчыны з галавой птушкі, які ляжаў перад забітым ім бізонам. Размалёўкі датуюцца каля 15-га тыс. да н.э.

Выява бізонаў у пячоры Ласко.

т. 9, с. 143

ЛАСКО́ВІЧ Васіль Пятровіч

(н. 18.2. 1914, в. Франопаль Брэсцкага р-на),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1949). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў узбр. выступлення сялян в. Навасёлкі Брэсцкага пав. (1933). У ліст. 1934 арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, дэп. Нар. сходу Беларусі ў Беластоку (1939). З чэрв. 1941 на фронце. У вер. 1941 рэпрэсіраваны, сасланы ў г. Омск, у крас. 1942 вызвалены. У вер. 1942 — ліп. 1944 нам. нач. асобага аддзела атрада імя Калініна партыз. брыгады «Народныя мсціўцы», нач. спецгрупы. У 1945—70 на сав. і парт. рабоце і ў органах юстыцыі ў Брэсце. У 1970—89 навук. супрацоўнік мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Адзін з аўтараў зб-каў «У працы і баі» (1970), «Гады выпрабаванняў і мужнасці» (1973). Ганаровы грамадзянін г. Брэст (1978).

Тв.:

Тайными тропами. Мн., 1974.

М.П.Клімец.

т. 9, с. 143

ЛАСКО́РЫН Барыс Мікалаевіч

(н. 24.6. 1915, г. Брэст),

расійскі хімік-тэхнолаг. Акад. Рас. АН (1976, чл.-кар. 1966). Скончыў Кіеўскі ун-т (1938). З 1938 працаваў у н.-д. ін-тах хім. прам-сці. З 1952 ва Усерас. НДІ хім. тэхналогіі. Навук. працы па фізікахіміі сарбцыйных, экстракцыйных і мембранных працэсаў, радыяхіміі і распрацоўцы экалагічна чыстых тэхналогій. Даследаваў механізм сарбцыйнага і экстракцыйнага атрымання рэдкіх металаў са складаных неарган. сістэм. Распрацаваў прынцыпы выбару і вырабу сарбентаў і экстрагентаў, асновы сарбцыйнай і экстракцыйнай тэхналогіі. Ленінская прэмія СССР 1958, Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

Ионообменные мембраны и их применение. М., 1961 (у сааўт.);

Безотходное производство в металлургии. М., 1988 (разам з У.І.Чалавым).

Б.М.Ласкорын.

т. 9, с. 143

ЛАСКО́Ў Іван Антонавіч

(19.6.1941, г. Гомель — 28.6.1994),

бел. пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1964), Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). З 1971 жыў і працаваў у Якуціі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Дэбютаваў у 1956 вершамі. Аўтар зб-каў паэзіі «Стыхія» (1966), «Белае неба» (1969), «Кружное лета» (1973), паэм «Жывыя галасы» (1964), «Трыццаць» (1973), «Кульгавы» (1975), «Кульга» (1985), зб-каў апавяданняў «Івановы» (1979), «Чароўны камень» (1983), аповесці «Вяртанне Адысея» (1973), апавядання для дзяцей «Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду» (1976). Пісаў нарысы, эсэ, артыкулы, рэцэнзіі. У яго творах роздум над гісторыяй і сучаснасцю, заклапочанасць лёсам роднай зямлі. Распрацоўваў гіпотэзу пра угра-фінскія карані ўсх. славян, прыйшоў да высновы, што літва не была балцкім племем (артыкулы «Племя пяці родаў», 1989; «Нашчадкі таямнічае літвы», 1991; «Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойці», «Жамойцкі тупік», «3 маўклівых прадонняў», усе 1993).

Л.М.Гарэлік.

т. 9, с. 143

ЛАСКУНО́Ў Мікалай Аляксеевіч

(4.5.1911, в. Станіславова Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 11.8.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). У Чырв. Арміі з 1930. З 1945 на 2-м Далёкаўсх. фронце. Падпалкоўнік Л. вызначыўся 11.8.1945 пры авалоданні вузлом супраціўлення яп. войск. Памёр ад ран.

М.А.Ласкуноў.

т. 9, с. 143

ЛАСНЯ́К

(Liparis),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах Еўразіі, Афрыкі, Паўн. Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі — Л. Лёзеля (L. loeselii), сустракаецца пераважна ў Віцебскай і Гомельскай абласцях. Расце на тарфяных балотах, забалочаных лугах. Занесены ў Чырв. кнігу. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 8—20 см з кароткім карэнішчам. Сцябло баразнаватае, каля асновы ўздутае. Лісце (2) супраціўнае, эліпса-ланцэтнае, прадаўгаватае. Кветкі жаўтавата-зялёныя, па 2—10 у гронцы. Плод — каробачка.

Ласняк Лёзеля.

т. 9, с. 143