Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ДАСНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ладасна (выцякае з возера), за 18 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,61 км2, даўж. каля 2 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 13,7 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 41 км2. Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пад хмызняком, на 3 і ПнУ разараныя. Зона мелкаводдзя вузкая і стромкая, у канцавых ч. возера (на Пд і Пн) больш шырокая, выслана пяскамі. З глыб. 5—6 м дно выслана ілам. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 10 м (на Пн і Пд да 60 м). Упадаюць 4 ручаі, у т.л. з азёр Кабак (на Пд) і Гарадзішча (на 3).

т. 9, с. 95

ЛА́ДА-ЗАБЛО́ЦКІ (Заблоцкі-Лада) Тадэвуш Гіляравіч [27.8.1811, в. Лугінава (Лугінавічы) Сенненскага р-на Віцебскай вобл.жн. 1847], паэт. Пісаў на польск., рус., франц. і, магчыма, бел. мовах. Скончыў Віцебскую гімназію. З 1831 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, член тайнага студэнцкага т-ва, зблізіўся з В.Бялінскім. У 1833 выключаны з ун-та, высланы на радзіму, зняволены ў Віцебскай турме; у 1837 сасланы ў Таганрог. З 1838 на Каўказе, служыў у Каўказскім асобным корпусе, кіраўнік на саляных капальнях. Там пазнаёміўся з груз., азерб., рус. пісьменнікамі і асветнікамі; перакладаў іх творы на польск., франц., рус. мовы. Выступаў як паэт-рамантык. У творах у алегарычнай форме заклікаў да барацьбы супраць самадзяржаўя. Паэтызаваў прыгажосць Віцебшчыны (паэмы «Ваколіцы Віцебска», вершы «Да Дзвіны», «Да Лучосы», «Даўжанскае возера», «Вілія»), Каўказа («Алазанская даліна»), У 1845 выдаў на польск. мове зб. «Паэзія». У рукапісах пакінуў «Матэрыялы да гісторыі славянскай цывілізацыі і літаратуры». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 484—487.

А.В.Мальдзіс.

Т.Г.Лада-Заблоцкі.

т. 9, с. 95

ЛАДДЗЯ́,

старажытнае рачное і марское судна ўсх. славян. Шырока бытавала на тэр. Беларусі. Вядома з 7 ст., калі на іх перавозілі грузы па шляху «з варагаў у грэкі». Аднадрэвы човен, найчасцей з дашчанымі набоямі па баках для павелічэння памераў. З 12 ст. мела палубу. Кіравалася рулявымі вёсламі на карме і носе, рухалася з дапамогай грабных вёслаў і ветразя. Вял. Л. змяшчала 40—60 і нават 100 чал. Тэрмін «Л.» выйшаў з ужытку ў 14 ст. ў сувязі са з’яўленнем тэрміна «судна».

Н.І.Буракоўская.

т. 9, с. 95

ЛАДДЗЯ́Н

(Corallorhiza),

род кветкавых раслін сям. архідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Л. трохнадрэзаны (C. trifida), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і бат. заказніку каля воз. Вял. Швакшты (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Трапляецца на аблесеных балотах, у вільготных лясах, ярах.

Шматгадовыя травяністыя расліны, пазбаўленыя хларафілу (сапрафіты), выш. 8—30 см, з мясістым каралападобным карэнішчам. Лісце лускападобнае. жаўтаватае. Кветкі дробныя, жаўтавата- або зеленавата-белыя, паніклыя, у рыхлай гронцы. Плод — каробачка.

Ладдзян трохнадрэзаны.

т. 9, с. 95

ЛАДЗЕ́НІКІ,

вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Навагрудак—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на Пн ад г. Навагрудак, 169 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Наваельня. 378 ж., 147 двароў (1998). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (10—11 ст.).

т. 9, с. 95

ЛАДНО́Ў Яўген Міхайлавіч

(?, Віцебская губ. — ?),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля Лют. рэв. 1917 нам. старшыні Харкаўскага губ. Савета сял. дэпутатаў, удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. нац. к-та ў Адэсе. У 1918 міністр ваен. спраў, са снеж. 1919 — замежных спраў ва ўрадзе БНР. З сак. 1921 у Варшаве, нам. старшыні Бел. к-та. 8.5.1921 выключаны са складу ўрада за правакацыйныя дзеянні супраць БНР. Пазней жыў у Берліне. Сабраў вял. колькасць матэрыялаў аб масонстве, частка з якіх адлюстроўвала паліт. дзейнасць рас. масонства ў перыяд Лют. і Кастр. рэвалюцый. У 1932 падрыхтаваў на імя прэзідэнта Германіі П.Гіндэнбурга шэраг дакументаў пра падрыўную дзейнасць масонскіх лож у Еўропе.

У.М.Міхнюк.

т. 9, с. 96

ЛАДУ́ЦЬКА Іван Іванавіч

(н. 28.10. 1916, в. Стары Пруд Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен. пяхотнае вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1951), Вышэйшыя курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1936. З 1942 на Паўд.Зах., Сталінградскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Бел. франтах. Камандзір стралк. батальёна маёр Л. вызначыўся ў 1945 пры вызваленні Польшчы: 14 студз. на левым беразе Віслы падняў у атаку 2 роты, якія ўклініліся ў абарону ворага; 15 студз. батальён Л. захапіў 12 аўтамашын, 13 кулямётаў; 30 студз. першы выйшаў на польска-германскую граніцу. Да 1972 у Сав. Арміі.

т. 9, с. 96

ЛАДУ́ЦЬКА Мікалай Іосіфавіч

(н. 25.9.1936, в. Іванічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1974), праф. (1992). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1967). З 1974 у Бел. эканам. ун-це. Навук. працы па праблемах бухгалтарскага ўліку, кантролю і аналізу ў прамысловасці і на прадпрыемствах малога бізнесу.

Тв.:

Учет основных средств и нематериальных активов. Мн., 1993;

Учет, контроль и анализ материальных ресурсов. Мн., 1997;

Учет, контроль и анализ денежных средств, расчетных и кредитных операций. Мн., 1997.

т. 9, с. 96

ЛАДЫ́ГІН Аляксандр Мікалаевіч

(18.10. 1847, с. Сценьшына Пятроўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 16.3.1923),

рускі электратэхнік. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча (1867). У 1872 вынайшаў лямпу напальвання з вугальным электродам, у 1890-я г. — некалькі тыпаў лямпаў напальвання з метал. ніцямі, у т.л. вальфрамавымі. Канструяваў прылады для эл. ацяплення, эл. печы для плаўлення і загартоўкі металаў і інш. Адзін з заснавальнікаў электратэхн. аддзела Рус. тэхн. т-ва і час. «Электричество». Ламаносаўская прэмія Пецярб. АН 1874.

Літ.:

Шателен М.А. Русские электротехники второй половины XIX в. М.; Л., 1950.

А.М.Ладыгін.

т. 9, с. 96

ЛАДЫ́ГІН Барыс Іванавіч

(29.1.1896, г. Сквіра Кіеўскай вобл. — 30.10.1981),

беларускі вучоны ў галіне дарожнага буд-ва. Чл.-кар. АН Беларусі (1959), д-р тэхн. н. (1957), праф. (1958). Скончыў Ін-т інжынераў шляхоў зносін (1921, Петраград). З 1958 у БПІ. Навук. працы ў галіне буд-ва і ўдасканалення дарожных пакрыццяў, класіфікацыі грунтоў, выкарыстання мясц. каменных матэрыялаў.

Тв.:

Строительство автомобильных дорог. Мн., 1965 (у сааўт.);

Прочность и долговечность асфальтобетона. Мн., 1972 (у сааўт.).

Б.І.Ладыгін.

т. 9, с. 96