Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ЛІНЕ́ЙКА, лічыльная лінейка,

прылада з лагарыфмічнай шкалой для хуткага выканання розных матэм. дзеянняў: множання, дзялення, узвядзення ў ступень, здабывання кораня, трыганаметрычных вылічэнняў і інш. Вынайдзена ў 17 ст. Звычайныя Л.л. даўжынёй 25 см маюць дакладнасць 2—3 лічбы. Да з’яўлення выліч. машын выкарыстоўвалася для інжынерных і інш. разлікаў.

Лагарыфмічная лінейка.
Да арт. Лагарыфмічная папера.

т. 9, с. 86

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ПАПЕ́РА,

спецыяльна разграфлёная папера, якая выкарыстоўваецца для адшукання аналітычнай формы эмпірычных залежнасцей.

На кожнай з восей дэкартавай сістэмы каардынат адкладваюцца значэнні лагарыфмаў лікаў x = mlgu i y = mlgv, дзе m — пастаянны множнік, і праз адзначаныя пункты праводзяцца вертыкальныя і гарызантальныя паралельныя прамыя. Калі адно з сем’яў прамых правесці праз роўныя прамежкі, атрымаецца паўлагарыфмічная папера. Графікі ступенных функцый віду y = xn набываюць на Л.п. выгляд прамых ліній пры любых п.

т. 9, с. 87

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ СПІРА́ЛЬ,

графік паказальнай функцыі ў палярных каардынатах; плоская трансцэндэнтная крывая, якая перасякае ўсе радыусы-вектары пад адным і тым жа вуглом. Вызначаецца ўраўненнем r = ae. Адносіцца да псеўдаспіралей (гл. Спіралі).

Л.с. адкрыта Р.Дэкартам (1638; апублікавана ў 1657) і незалежна Э.Тарычзлі (1644); уласцівасці Л.с. даследаваў Я.Бернулі (1692). Л.с. пераходзіць у сябе пры лінейных пераўтварэннях плоскасці; яе эвалюта (гл. Эвалюта і эвальвента) таксама Л.с. Пры стэрэаграфічнай праекцыі плоскасці на сферу Л.с. пераходзіць у лаксадромію. Адлюстроўвае многія затухальныя працэсы. Выкарыстоўваецца ў тэхніцы. Напр., па Л.с. выконваюцца профілі вярчальных нажоў, фрэзаў, зубчастых перадач.

Лагарыфмічная спіраль.

т. 9, с. 87

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, адваротная паказальнай функцыі; адна з асн. элементарных функцый. Вызначаецца формулай y = lnx Значэнне у Л.ф., адпаведнае значэнню аргумента x, наз. натуральным лагарыфмам ліку x. Графік Л.ф. наз. лагарыфнікай.

У матэм. аналізе разглядаюцца Л.ф. віду y = logax, звязаныя з y = lnx (асноўнай) суадносінамі logax = lnx/lna пры a > 0, a ≠ 1. Іх асн. ўласцівасці вынікаюць з уласцівасцей паказальнай функцыі і лагарыфма Л.ф. ў вобласці сапраўдных лікаў вызначана толькі для дадатных х, у вобласці камплексных лікаў — для любых сапраўдных і камплексных лікаў. Графік Л.ф. logax сіметрычны графіку паказальнай функцыі y = ax адносна восі Ox, праходзіць праз пункт (1, 0) і асімптатычна набліжаецца да восі Oy.

А.А.Гусак.

Графікі некаторых лагарыфмічных функцый.

т. 9, с. 87

ЛАГАРЫФМІ́ЧНЫЯ ТАБЛІ́ЦЫ,

табліцы лагарыфмаў лікаў. Найб. пашыраны 4- і 5-значныя табліцы дзесятковых лагарыфмаў; часта маюць табліцы антылагарыфмаў (служаць для адшукання лікаў па зададзеным лагарыфме), гаўсавых лагарыфмаў (служаць для адшукання лагарыфма сумы ці рознасці двух лікаў па зададзеных лагарыфмах гэтых лікаў), лагарыфмы трыганаметрычных велічынь і інш. Да з’яўлення выліч. машын выкарыстоўваліся для спрашчэння вылічэнняў.

Літ.:

Брадис В.М. Четырехзначные математические таблицы. 58 изд. М., 1992.

т. 9, с. 87

ЛА́ГАС

(Lagos),

горад, сталіца Нігерыі. Знаходзіцца на ПдУ краіны, на астравах і ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Адм. ц. штата Лагас. 10,3 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Буйнейшы эканам., гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Канцэнтруе каля палавіны прамысл. патэнцыялу краіны. Прам-сць: харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, перапрацоўка какавы), тэкст., металаапр., радыётэхнічная. Суднабуд. і суднарамонтныя верфі. 2 ун-ты. Нац. музей.

Засн. партугальцамі ў канцы 15 ст. на месцы паселішча племя йаруба-аворы. У 15—16 ст. залежны ад Беніна горад-дзяржава, якім кіраваў ваен. правадыр. У 17 ст. адзін з цэнтраў гандлю рабамі. У выніку англ. экспансіі з 1852 пад кантролем Вялікабрытаніі, у 1861 каланізаваны англічанамі. Цэнтр нац.-вызв руху. З 1914 адм. ц. пратэктарата Нігерыя, з 1960 сталіца незалежнай Нігерыі.

Набярэжная ў Лагасе.

т. 9, с. 87

ЛАГАТЫ́П

(ад логас + typos адбітак),

1) спецыяльна распрацаваны арыгінальны абрыс, выява поўнай або скарочанай назвы фірмы (тавараў фірмы).

2) У паліграфіі — літара з адным з найб. ужывальных слоў ці складоў; выкарыстоўваўся пры ручным наборы.

т. 9, с. 87

ЛАГА́Ш,

старажытная дзяржава ў Шумеры, на тэр. сучаснага Ірака. Паселішчы на месцы Л. існавалі з канца 5-га тыс. да н.э., пісьмовыя ўпамінанні адносяцца да 26—2 ст. да н.э. У 26—24 ст. да н.э. Л. кіравала дынастыя, заснаваная Ур-Наншэ, якая дасягнула найб. магутнасці пры царах Эанатуме і Энтэмене. Узмацненне ролі жрацоў, закабаленне імі свабодных абшчыннікаў прывяло да росту нар. незадаволенасці і захопу ўлады Уруінімгінам (24 ст. да н.э.), які абвясціў шэраг сац. рэформ. У 24 ст. да н.э. Л. заваяваны царом Акада Сарганам Старажытным. Новы ўздым Л. адбыўся пры цару Гудэа (22 ст. да н.э.). З пач. 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне. З 1877 раскопкі Л. вялі франц. археолагі Э. дэ Сарзек, Г.Крос, А. дэ Жэнуяк і А.Паро. Імі знойдзены такія помнікі, як «Стэла каршуноў», надпісы Уруінімгіны, статуі і надпісы Гудэа, архіў храма багіні Бабы (Бау).

т. 9, с. 88

ЛАГАЭ́Д

(ад грэч. logaoidikos празаічна-вершаваны),

1) від ант. верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя паводле характару стопы.

2) Від сілаба-танічнага верша, у якім няма метрычнай аднароднасці, аднак існуе рытмічная аднароднасць вершаваных радкоў. У сучаснай сілаба-тоніцы вылучаюцца 3 разнавіднасці Л.: стопны, радковы і строфны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы вершаваных радкоў (найперш у 3-складовых стопах) выпадаюць 1 ці 2 ненаціскныя склады (знешне ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі). Ужываецца найчасцей у перакладах ант. твораў або ў імітацыях ант. памераў. У радковым Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца радкі розных метраў, напр., чаргаванне 3-стопнага амфібрахія з 2-стопным дактылем:

Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Я.Купала. «Безназоўнае»).

У вельмі рэдкім строфным Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам (напр., верш П.Панчанкі «Пры святле маланак»). Лагаэдычныя радкі робяць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, што памагае больш поўна выявіць паэт. сэнс твора.

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 88

ЛА́ГА-АРХЕНЦІ́НА

(Lago Aigentino),

Архенціна, возера ў Аргенціне, каля ўсх. падножжа Андаў, на выш. 187 м. Пл. 1400 км2. Глыб. каля 300 м. Ледавіковага паходжання. Падпруджана марэнамі. На 3 да фіёрдападобных заліваў спускаюцца ледавікі. Упадае р. Леона (сцёк з воз. В’едма), выцякае р. Санта-Крус (упадае ў Атлантычны ак.). Зах. берагі возера ўваходзяць у нац. парк Лос-Гласьярэс, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 9, с. 86