Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́РАНЬ,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 1 км на ПдЗ ад г. Міёры. Пл. 0,37 км², даўж. 1,29 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 2,74 км. Пл. вадазбору 22,7 км². Схілы катлавіны выш. да 4 м, парослыя хмызняком. Берагі пераважна нізкія, на Пн сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, высланае сапрапелямі. Востраў пл. 1 га. Расліннасць да глыб. 2 м, займае 45% пл. возера. Злучана пратокай з воз. Асінаўка, на Пд упадае ручай з воз. Кацілава.

т. 4, с. 273

ВО́РВАНЬ,

устарэлая назва тлушчу марскіх млекакормячых і рыб.

т. 4, с. 273

ВО́РВУЛЕЎ Мікалай Дзмітрыевіч

(22.1.1917, г. Паўлаўск, Расія — 29.8.1967),

бел. і ўкраінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас Я.Віцінга). У 1939 саліст Ансамбля песні і танца БВА. З 1946 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1957 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета. Меў голас рэдкай прыгажосці, акцёрскую інтуіцыю, валодаў высокім вак. майстэрствам. Стварыў вобразы ў операх бел. кампазітараў: Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Апанас («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Кастусь Каліноўскі (аднайм. опера Дз.Лукаса). Найб. дасягненні ў партыях класічнага рэпертуару: Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анегін, Раберт, Томскі («Яўген Анегін», «Іаланта», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аманасра, Жэрмон, Рыгалета («Аіда», «Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Збігнеў («Страшны двор» С.Манюшкі).

Літ.:

Маралёў А. М.Дз.Ворвулеў // Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1955;

Смольскі Б. Мікалай Ворвулеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Б.С.Смольскі.

т. 4, с. 273

ВО́РДСВАРТ,

Уордсуарт (Wordsworth) Уільям (7.4.1770, г. Кокермут, Вялікабрытанія — 23.4.1850), англійскі паэт. Паэт-лаўрэат з 1843. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1791). Разам з С.Т.Колрыджам, Р.Саўці прадстаўнік т.зв. «азёрнай школы» (гл. раздзел Літаратура ў арт. Вялікабрытанія). Вядомасць прынесла паэма «Віна і смутак» (1783). Эвалюцыя філас.-рэліг. і маральна-этычных поглядаў адбілася ў вершаванай аўтабіягр. паэме «Прэлюд» (1799—1805, выд. 1850). Зб. «Лірычныя балады» (разам з Колрыджам, т. 1—2, 1798) паклаў пачатак рамантызму ў англ. л-ры. Простая мова, набліжаная да прозы, культ уяўлення, дэмакратызацыя тэматыкі высокай паэзіі (лёс простага чалавека, духоўны свет селяніна) — прынцыпы, якімі кіраваўся Вордсварт на працягу ўсёй творчасці. Узаемаадносіны чалавека, прыроды і Бога — гал. тэма філас. паэмы «Прагулка» (1814). Аўтар зб-каў «Вершы» (т. 1—2, 1807), «Біблейскія санеты» (1822), балад, памфлетаў. Пантэізм філас. і пейзажнай лірыкі Вордсварта зрабіў моцны ўплыў на амер. рамантыкаў (Р.У.Эмерсан, У.К.Браянт). Высокую ацэнку навацыям паэта даў А.С.Пушкін (арт. «Пра паэтычны стыль»).

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи];

Сонеты // Поэзия английского романтизма. М., 1975.

Літ.:

Дьяконова Н.Я. Английский романтизм. М., 1978. С. 42—74.

Н.М.Саркісава.

т. 4, с. 274

ВО́РЛІКІ,

аквілегія (Aquilegia), род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках i палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.

т. 4, с. 274

ВО́РМСКІ КАНКАРДА́Т,

кампраміснае пагадненне паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрыхам V і рым. папам Калікстам II, якое завяршыла барацьбу за інвестытуру. Падпісана 23.9.1122 у г. Вормс (Германія). Паводле пагаднення імператар захаваў кантроль за выбарамі і зацвярджэннем епіскапаў у Германіі, а ў Італіі і Бургундыі епіскапы павінны былі выбірацца і зацвярджацца са згоды папы. У выніку Вормскага канкардата скончылася т.зв. «епіскапальная палітыка» (апора на духавенства) герм. імператараў, пачатая Атонам І.

т. 4, с. 274

ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,

заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.

т. 4, с. 274

ВО́РНАЎКА,

вёска ў Кармянскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Сож. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на Пд ад г.п. Карма, 80 км ад Гомеля, 73 км ад чыг. ст. Рагачоў, на аўтадарозе Карма — Чачэрск. 485 ж., 196 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі ва ўрочышчы Грэнск гарадзішча ранняга жал. веку.

т. 4, с. 274

ВО́РНЫЯ ЗЕ́МЛІ,

сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія сістэматычна апрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца пад пасевы с.-г. культур. Да іх належаць палі севазваротаў (у т. л. папар), агароды, іншыя асвоеныя і падрыхтаваныя для пасеваў землі. Ворныя землі падзяляюць па відах землекарыстальнікаў і катэгорыях зямель, на асушальныя і арашальныя, у залежнасці ад прыродных уласцівасцей глебы. Якасную ацэнку ў вытв. умовах вызначаюць баламі банітэту. Пашыраюць плошчы ворных зямель за кошт асваення цалінных зямель, участкаў малакаштоўнага лесу, хмызняку, асушэння, арашэння, рэкультывацыі зямель і інш.

На Беларусі плошча ворных зямель складае 6,1 млн. га (каля 63% пл. с.-г. угоддзяў; 1995); з улікам колькасці насельніцтва на кожнага жыхара прыпадае каля 0,6 га ворных зямель (на Украіне — 0,65 га, у Літве — 0,61, Польшчы — 0,37, Германіі — 0,15, ЗША — 0,72 га). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (51,7%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,5%) глебы. Ворныя землі звязанага грануламетрычнага складу пераважаюць у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях, лёгкія глебы найб. пашыраны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Завалуненасць у сярэднім 26,4%. Банітэт 35—38 балаў. Павышэнне ўрадлівасці ворных зямель адбываецца за кошт аптымізацыі аграхім. мерапрыемстваў, рэгулявання водна-паветр. рэжыму, выдалення камянёў і інш. Ва ўмовах рэспублікі павелічэнне ворных зямель, плошча якіх скарачаецца ў выніку адводу зямель пад аб’екты буд-ва, торфараспрацоўкі і інш., магчыма за кошт гідрамеліярацыі інш. с.-г. угоддзяў.

Л.В.Круглоў.

т. 4, с. 274

ВО́РСАВАЯ ТКАНІ́НА,

тканіна з ворсам з аднаго боку. Ворс утвараюць густа размешчаныя вертыкальныя канцы паразразаных дадатковых нітак ворсавай асновы (асноваворсавыя тканіны) ці ворсавага ўтку (уточнаворсавыя тканіны). Ворсавая тканіна з асн. ворсам — плюш, аксаміт, штучнае футра, дываны, уточнаворсавыя — паўаксаміт, пліс, вельвет.

т. 4, с. 275