ВО́РЛІКІ,
аквілегія (Aquilegia), род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках i палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.
т. 4, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)