БРУК Саламон Ільіч
(н. 1.7.1920, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
рускі этнограф. Чл.-кар. АН СССР (1987), д-р геагр. н. (1965), праф. (1971). Засл. дз. нав. Расіі (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1947). З 1956 у Ін-це этналогіі і антрапалогіі Расійскай АН. Распрацаваў тэарэт. прынцыпы, метады і спосабы этнічнага картаграфавання. Асн. працы па этнічнай геаграфіі і краіназнаўстве: «Колькасць і рассяленне народаў свету» (1962), «Насельніцтва зямнога шара» (1965), «Краіны і народы: Зямля і чалавецтва» і «Праблемы этнічнай геаграфіі і картаграфіі» (1978; усе ў сааўт.), «Насельніцтва свету: Этнадэмаграфічны даведнік» (2-е выд. 1986). Дзярж. прэмія СССР 1987.
т. 3, с. 265
БРУКІ́Т
(ад прозвішча англ. мінералога Г.Дж.Брука),
мінерал падкласа простых аксідаў, дыаксід тытану TiO2, адна з трох прыродных паліморфных мадыфікацый рутылу. Іншы раз мае прымесі жалеза і ніобію. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей прызматычныя і дыпірамідальныя. Колер жоўта-карычневы да жалезіста-чорнага. Бляск алмазны ці металічны. Празрысты. Цв. 5,5—6. Крохкі. Шчыльн. 4,14 г/см³. Трапляецца ў выглядзе крышталёў у залатаносных россыпах і жылах альпійскага тыпу, а таксама як акцэсорны і абломкавы матэрыял.
т. 3, с. 265
БРУ́КЛІН
(Brooklyn),
адміністрацыйны раён г. Нью-Йорк; на З в-ва Лонг-Айленд; тэрытарыяльна супадае з графствам Кент. Каля 3 млн. ж. (1990). З цэнтрам горада (в-аў Манхатан) злучаны мастамі і тунэлямі. Пераважаюць жылыя кварталы. Буйны порт. Лёгкая (у т. л. швейная, тэкст., гарбарна-абутковая), харч., металаапр., маш.-буд., хім. прам-сць. Суднабудаванне. Бруклінскі ін-т мастацтваў і навук. Лонг-Айлендскі ун-т.
т. 3, с. 265
БРУ́КНЕР
(Brückner) Аляксандр (29.1.1856, г. Цярнопаль, Украіна — 24.5.1939),
польскі філолаг-славіст, гісторык культуры. Чл. Пецярбургскай АН (1890). Вучыўся ў Львоўскім, Венскім, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах. У 1881—1924 праф. слав. моў і л-р Берлінскага ун-та. У працах «Сярэдневяковая лацінская паэзія ў Польшчы» (1892—94), «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 1903), «Польскія іншаверцы» (1905), «Гісторыя польскай культуры» (т. 1—4, 1930—46), «Старажытнапольская энцыклапедыя» (т. 1—2, 1939) шмат звестак па бел. культуры. Высока цаніў бел. фальклор і стараж. л-ру, але яе адраджэнне на пач. 20 ст. адмаўляў як бесперспектыўную задуму інтэлігентаў, лічыў бел. мову толькі дыялектам («З беларускай нівы», Кракаў, 1918). Больш аб’ектыўны характар мае даследаванне Брукнера «Нарыс гісторыі славянскіх літаратур і славянскіх літаратурных моў» (Львоў, 1929, разам з Т.Лер-Сплавінскім). Бел. л-ры прысвяціў арт. «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» (1891), «Польска-рускія песні» (1911), «Фр. Скарына» (1927).
Літ.:
Aleksander Brückner, 1856—1939. Warszawa, 1989.
т. 3, с. 265
БРУКНЕР
(Bruckner) Антон (4.9.1824, Ансфельдэн, каля г. Лінц, Аўстрыя — 11.10.1896),
аўстрыйскі кампазітар, арганіст. Адзін з буйнейшых сімфаністаў і поліфаністаў 19 ст. З 1848 арганіст у манастыры св. Фларыяна (каля Лінца), з 1853 — у Лінцкім саборы. З 1868 у Вене. Выкладаў у Венскай акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва (праф. з 1871), з 1875 і праф. Венскага ун-та (з 1891 ганаровы д-р). Сярод вучняў: Г.Малер, А.Нікіш, Ф.Клозе. Пры жыцці вядомы як імправізатар-арганіст (канцэртаваў у Францыі, Англіі, Швейцарыі). У сваёй творчасці спалучыў дасягненні позняга рамантызму ў галіне муз. мовы з класічнымі прынцыпамі формаўтварэння. Пантэістычнае светаўспрыняцце і ярка выяўлены этычны пачатак творчасці вызначылі велічны і ўзнёслы характар яго музыкі. Сярод твораў: Рэквіем (1849), 4 месы, Те deum (1884), Магніфікат (1852) для салістаў, хору і арк.; 11 сімфоній (1863—1896); стр. квінтэт; інстр. п’есы, у т. л. для аргана; матэты, псалмы, рамансы, хары і інш.
Літ.:
Белецкий И. Антон Брукнер, 1824—1896: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1979.
т. 3, с. 265
БРУ́КСА ХРЫБЕ́Т
(Brooks Range),
горны хрыбет на Пн Аляскі, у ЗША. Працягласць з З на У каля 1000 км. Пераважаюць выш. 1500—2000 м, найб. — 2816 м (г. Майклсан). Вяршыні ў форме грабянёў, схілы скалістыя. Глыбока расчлянёны далінамі рэк. Складзены з вапнякоў, сланцаў, кварцытаў. Невял. ледавікі. Большую ч. года ўкрыты снегам. Горныя тундры, камяністыя россыпы.
т. 3, с. 266
БРУЛО́Ў Аляксандр Паўлавіч
(10.12.1798, С.-Пецярбург — 21.1.1877),
рускі архітэктар. Прадстаўнік позняга класіцызму. Брат К.П.Брулова. Вучыўся ў бацькі — скульптара П.Бруло, потым у Пецярбургскай АМ (1810—21). Вывучаў архітэктуру ў Італіі (1822—26) і Францыі (да 1830). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (1831—71). Паводле яго праектаў у Пецярбургу ўзведзены Міхайлаўскі т-р (1831—33), будынак Штаба гвардзейскага корпуса на Дварцовай плошчы (1837—43), Пулкаўская абсерваторыя каля Пецярбурга (1834—39). У некаторых працах наследаваў гатычнай архітэктуры. Стварыў шэраг акварэльных партрэтаў.
т. 3, с. 266
БРУЛО́Ў Карл Паўлавіч
(23.12.1799, С.-Пецярбург — 23.6.1852),
рускі жывапісец. Праф. Пецярбургскай АМ (1836—49), ганаровы чл. Міланскай, Балонскай, Фларэнційскай, Пармскай акадэмій. Брат А.П.Брулова. Вучыўся ў бацькі — скульптара П.Бруло, у Пецярбургскай АМ (1809—21) у А.Іванава, А.Ягорава. Раннія партрэты (П. і М.Кікіных, Н.Рамазанава, усе 1821—22) выяўляюць сувязь з творчасцю А.Кіпрэнскага. У 1823—34 жыў у Італіі, стварыў шэраг жанравых карцін («Італьянскі ранак», 1823; «Італьянскі поўдзень», 1827; «Вірсавія», 1832), у якіх вырашаў праблемы асвятлення. Рысамі рамантызму поўняцца аўтапартрэт (1823—24), партрэты А.Брулова (1823—24), Р.Гагарына (1827—30), В.Пяроўскага (1837), Ю.Самойлавай з выхаванкай (1839—40) і адзін з лепшых — Дж.Пачыні («Жанчына на кані», 1832); паэт. акварэльныя партрэты С.Тургенева (1823—27), З.Валконскай (1830). Шырокую вядомасць набыло палатно «Апошні дзень Пампеі» (1830—33, залаты медаль у Парыжы). Патрыят. тэма — у карціне «Асада Пскова польскім каралём Стафанам Баторыем у 1581 г.» (1839—43; няскончаная). З 1843 больш як 4 гады размалёўваў Ісакіеўскі сабор. Гал. дасягненні гэтага часу — партрэты дзеячаў рус. культуры (Н.Кукальніка, 1836; І.Віталі, 1836—37; В.Жукоўскага, 1837—38; І.Крылова, 1839; А.Стругоўшчыкава, 1840; аўтапартрэт, 1848). У 1849 з-за хваробы выехаў на в-аў Мадэйра, у 1850 — у Рым, там маляваў партрэты археолага М.Ланчы (1851) і членаў сям’і Тытоні (1851—52). Творчасць Брулова — адна з вяршыняў рус. жывапісу 1-й пал. 19 ст. У мастацтва класіцызму ён унёс жыццёвасць і непасрэднасць. Рэалізм яго твораў меў пераважна рамант. афарбоўку. Для яго мастацтва характэрна сцвярджэнне эмоцый, пачуццёва-пластычнай прыгажосці чалавечага цела. У Нац. маст. музеі Беларусі 5 работ Брулова [партрэты М.Ю.Віельгорскага, 1828, М.Д.Алферакі, 1842, «Палажэнне ў труну» (1836—пач. 1840-х г.), «Зацьменне сонца» (1851—52) і інш.].
Літ.:
Леонтьева Г. Карл Брюллов. 2 изд. Л., 1983.
А.Д.Шапашнікава.
т. 3, с. 266
БРУ́МБЕРГ,
расійскія кінарэжысёры, мастакі, сцэнарысты, сёстры.
Валянціна Сямёнаўна (2.8.1899—28.11.1975) і Зінаіда Сямёнаўна (2.8.1900—9.2.1983). Засл. дз. маст. Расіі (абедзве 1968). Скончылі ВХУТЭМАС (1925). Удзельнічалі ў стварэнні першых сав. мультфільмаў, з 1937 на кінастудыі «Саюзмультфільм». Знялі фільмы-казкі для дзяцей: «Чырвоная шапачка» (1937), «Кот у ботах» (1938), «Казка пра цара Салтана» (1943), «Сіндбад-мараход» (1944), «Федзя Зайцаў» (1948), «Дзяўчынка ў цырку» (1950), «Тры таўстуны» (1963), «Агонь» (1971), сатыр. фільмы «Вялікія непрыемнасці» (1961), «Новыя вялікія непрыемнасці» (1973) і інш.
т. 3, с. 266