Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́РАГАЎ Барыс Сямёнавіч

(н. 30.8.1936, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1989). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча войскаў ППА (1959). З 1979 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі (з 1990 нам. дырэктара). Навук. працы па метадах і сродках апрацоўкі інфармацыі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу, стварэнні геаінфарм. сістэм, лічбавых картаў. Дзярж. прэмія СССР 1985.

Тв.:

Методы оценки качества изображений в системах дистанционного зондирования земной поверхности. Мн., 1988;

Automatic mapdigitising: problems and solution. Computing and Control (разам з С.У.Абламейка, А.М.Кручковым) // Engineering Journal. 1994. Vol. 5, № 1. р. 33—39.

М.П.Савік.

т. 3, с. 104

БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

збудаванні для аховы берагоў вадаёмаў (рэк, мораў, вадасховішчаў, каналаў і інш.) ад разбуральнага ўздзеяння хваляў, напору вады, лёду і інш. Паводле характару ўзаемадзеяння з водным патокам берагаўмацавальныя збудаванні падзяляюць на актыўныя (паток выкарыстоўваецца для намыву і захавання берагавых наносаў: на рэках — папярочныя паўзапруды, рэгулявальныя дамбы, струмененакіравальныя шчыты; на морах і азёрах — буны, што затрымліваюць наносы, хваляломы) і пасіўныя (воднаму патоку проціпастаўляецца трываласць канструкцыі: на рэках — каменная накідка, цюфякі, бетонныя і жалезабетонныя пліты; на морах — хвалеадбойныя сцены, накідка з буйных блокаў і фігурных масіваў). Выбар берагаўмацавальных збудаванняў залежыць ад рэльефу берага, яго гідрагеал. рэжыму і геал. Будовы.

т. 3, с. 104

БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ НАСАДЖЭ́ННІ,

палосы дрэвавай, кустовай або травяністай расліннасці, якія ствараюцца або захоўваюцца па берагах вадаёмаў з мэтай прадухілення ці спынення працэсаў берагавой эрозіі і абразіі. Шыр. 50—300 м. Берагаўмацавальныя насаджэнні замацоўваюць грунт, затрымліваюць змыванне ў вадаёмы ўрадлівай глебы і ўгнаенняў, паляпшаюць умовы пражывання жывёл, павышаюць сан.-аздараўленчыя і рэкрэацыйныя якасці водных аб’ектаў і сумежных тэрыторый. Найлепшыя берагаўмацавальныя насаджэнні: густыя кустовыя зараснікі розных відаў раслін, камбінаваныя складаныя насаджэнні з вярбы (ломкая, руская, шэрая, белая і інш.) і густасцябловых травяністых шматгадовых раслін (чарот, асака, інш. Злакі).

т. 3, с. 104

БЕ́РАГ СЛАНО́ВАЙ КО́СЦІ,

назва дзяржавы Кот-д’Івуар да 1986.

т. 3, с. 103

БЕРАЖА́НСКАЯ ГАДЗІ́ННІКАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1789—93 у Беларусі ў в. Беражань б. Дубровенскага графства Горацкага пав. Засн. па ініцыятыве Р.А.Пацёмкіна (яму належала Дуброўна), які ў 1784 даручыў шведу Нордштэйну буд-ва гадзіннікавай мануфактуры і навучанне гадзіннікаваму майстэрству прыгонных хлопчыкаў. У 1789 выраблена гадзіннікаў і інш. рэчаў на 9729 руб. У 1794 паводле загаду Кацярыны II Беражанская гадзіннікавая мануфактура была перавезена ў г. Екацярынаслаў.

т. 3, с. 104

БЕРАЖКО́Ў Мікалай Георгіевіч

(24.6.1886, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 12.3.1956),

гісторык. Д-р гіст. н. (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). Працаваў у Маскоўскім архіве Мін-ва юстыцыі. З 1917 выкладаў у Маскоўскім археал. ін-це, Ніжагародскім ун-це, працаваў у Музеі рэвалюцыі, у музеі «Катарга і ссылка», з 1935 у Ін-це гісторыі АН СССР. Даследаваў гісторыю і крыніцазнаўства ВКЛ, Беларусі эпохі феадалізму, займаўся храналогіяй рускіх летапісаў.

т. 3, с. 104

БЕРАЖНО́Е,

вёска ў Беларусі, у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і аграфірмы. За 16 км на ПнУ ад г. Столін, 261 км ад Брэста, 23 км ад чыг. ст. Гарынь, на шашы Столін — Тураў. 2364 ж., 802 двары (1995). З-д харч. прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Параскевы Пятніцы (1884).

т. 3, с. 104

БЕРАЖНО́Ў Іван Панцялеевіч

(н. 12.1.1928, в. Георгіеўка Курдайскага р-на Джамбульскай вобл., Казахстан),

бел. вучоны ў галіне рэнтгеналогіі і радыялогіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1974). Скончыў Кіргізскі мед. ін-т (1949). З 1966 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі, з 1972 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па дыягностыцы злаякасных пухлін. Распрацаваў спосаб аўтарадыяграфіі пры раку страўніка і стрававода.

Тв.:

Радиоизотопная диагностика рака желудочно-кишечного тракта. Мн., 1973.

т. 3, с. 105

БЕРАЗАВІ́К,

балота ў Беларусі, на З Вілейскага р-на Мінскай вобл. і на У Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Спягліца, часткова ў вадазборы Вішнеўскага воз. Нізіннага (62%), вярховага (30%), пераходнага (2%), мяшанага (6%) тыпаў. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,3 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7 м, сярэдняя 1,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 18,1 млн. т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 2,5 м. Сярод балота воз. Калодкі. Цэнтральная ч. балота занята драбналессем з хвоі і бярозы, кусцікавы ярус з багуну і буякоў, ёсць журавіны. Уздоўж Спягліцы і на ўскрайках балота вярба, разнатраўе, асокі.

т. 3, с. 105

БЕРАЗАВО́Й Анатоль Мікалаевіч

(н. 11.4.1942, пас. Энем Акцябрскага р-на, Адыгея),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1982), лётчык-касманаўт СССР (1982). Скончыў Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1977). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. Як камандзір здзейсніў касм. палёт разам з В.В.Лебедзевым на караблях «Саюз Т-5, -6, -7» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (13.5—10.12.1982). У космасе правёў 211,4 сут.

т. 3, с. 105