Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕНГА́ЛЬСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Індыйскага ак., паміж п-вам Індастан на З і п-вам Індакітай і а-вамі Андаманскімі і Нікабарскімі на У. Пл. 2191 тыс. км². Найб. глыб. 5258 м. Т-ра вады на паверхні ў лют. 25—27 °C, у жніўні 28 °C (у маі 29 °C). Салёнасць да 34‰. Прылівы паўсутачныя (да 10,7 м). Частыя трапічныя ўраганы. У Бенгальскі заліў упадаюць рэкі Ганг і Брахмапутра. Рыбалоўства. Асн. парты — Калькута, Мадрас (Індыя), Чытагонг (Бангладэш).

т. 3, с. 96

БЕНГА́ЛЬСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

на тэрыторыі Бангладэш, Індыі і зах. часткі М’янмы, у ніжнім цячэнні рэк Ганг і Брахмапутра, часткова на шэльфе Бенгальскага заліва. Адкрыты ў 1955, распрацоўваецца з 1958. Пачатковыя прамысл. запасы газу 235 млрд. м³, нафты 0,6 млн. т. У газе 95—99% метану. Газаправоды Сілхет—Тытас—Дака, Тытас—Чытагонг.

т. 3, с. 96

БЕНГА́ЛЬЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Бангладэш (больш за 104,3 млн. чал.) і штата Зах. Бенгалія ў Індыі (каля 71 млн. чал.). Жывуць таксама ў Непале, Бутане, Сінгапуры і інш. Агульная колькасць 175,7 млн. чал. (1987). Гавораць на бенгальскай мове. Сярод вернікаў у Бангладэш пераважаюць мусульмане-суніты, у Індыі — індуісты.

т. 3, с. 96

БЕНГЕ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак., каля зах. берагоў Паўд. Афрыкі. Паўн. галіна Заходніх Вятроў цячэння, накіравана з ПдУ на ПнЗ. Скорасць 1—2 км/гадз. Т-ра вады на паверхні летам ад 19 °C на Пд да 26 °C на Пн, зімой адпаведна ад 15 да 22 °C. Непасрэдна каля берагоў пад уплывам падняцця водаў з глыбіняў т-ра падае ніжэй за 15 °C зімой і ніжэй за 12 °C летам.

т. 3, с. 96

БЕ́НДА

(Benda),

чэшскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Старэ-Бенаткі, Чэхія.

Іржы (Георг) Антанін (30.6.1722—6.11.1795), кампазітар, скрыпач, дырыжор. З 1742 скрыпач прыдворнай капэлы ў Берліне, з 1750 у г. Гоце, прыдворны капельмайстар (1770—78). Выступаў з выкананнем сваіх твораў у Гамбургу, Вене, Парыжы, Берліне. Стварыў узоры меладрамы: «Арыядна на Наксосе» і «Медэя» (1775), «Пігмаліён» (паводле Ж.Ж.Русо, 1779). Аўтар зінгшпіляў «Вясковы кірмаш» (1775), «Дрывасек, або Тры жаданні» (1778) і інш., кантат, сімфоній, канцэртаў з аркестрам, санат, культавых харавых твораў.

Францішак (Франц; 22.11.1709—7.3.1786), скрыпач і кампазітар. З 1726 канцэртаваў па Зах. Еўропе. З 1733 у Берліне, прыдворны скрыпач, канцэртмайстар Каралеўскага аркестра. Аўтар сімфоній, канцэртаў для скрыпкі з аркестрам і для клавесіна, санат для скрыпкі з basso continuo, трыо-санат, скрыпічных п’ес. Напісаў «Аўтабіяграфію» (рус. пер. у час. «Музыкальный и театральный вестник», 1856, № 41, 42, 44).

т. 3, с. 96

БЕНДЖЭДЗІ́Д Шадлі

(н. 14.4.1929, Себаа, каля г. Алжыр),

дзяржаўны, палітычны і ваенны дзеяч Алжыра. Удзельнік нац.-вызв. руху ў 1954—62. Займаў камандныя пасты ў Алж. нац.-вызв. арміі. З 1961 у генштабе арміі. Пасля абвяшчэння ў 1962 незалежнасці Алжыра камандуючы (1962, 1964—79) ваен. акругамі. З 1965 чл. Рэв. савета Алж. Нар. Дэмакр. Рэспублікі. У 1979—92 прэзідэнт краіны. У 1979—88 ген. сакратар, з 1988 старшыня партыі Фронт нац. Вызвалення.

т. 3, с. 96

БЕНДЭ́Р,

горад у Малдове. Засн. ў 12 ст. 130 тыс. ж. (1992). Прыстань на р. Днестр, чыг. вузел. Лёгкая (тэкст.-ткацкая, баваўняна-прадзільная, швейная, абутковая), дрэваапр. (вытв-сць мэблі), храч. прам-сць, машынабудаванне (суднабудаванне, суднарамонт, эл.-тэхн.). Гіст.-краязнаўчы музей, карцінная галерэя. Цытадэль 16 ст. (перабудавана ў 18—20 ст.).

т. 3, с. 96

БЕНДЭ́Р-АБА́С,

горад на Пд Ірана. Адм. ц. астана Хармазган. Засн. ў 1623. 202 тыс. ж. (1986). Порт у Армузскім праліве. Міжнар. аэрапорт. Харч., тэкст., суднабуд. прам-сць. Рыбалоўства і марскія промыслы.

т. 3, с. 96

БЕНДЭ́Р-ХАМЕЙНІ́,

горад на Пд Ірана. Каля 35 тыс. ж. (1990). Нафтаэкспартны і рыбалоўны порт на беразе Персідскага зал. Чыг. ст. (паўд. заканчэнне Трансіранскай чыгункі). Аэрапорт. Нафтахім. (у т. л. буйнейшы на Сярэднім Усходзе нафтахім. комплекс) і харч. прадпрыемствы. Да 1979 называўся Бендэр-Шахпур.

т. 3, с. 96

БЕ́НЕВІЦ

(Bennewitz) Антанін (26.3.1833; Пршывраці, каля г. Літамішль, Чэхія — 29.5.1926),

чэшскі скрыпач і педагог. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1852). У 1852—66 канцэртмайстар аркестраў у Празе, Зальцбургу, Штутгарце; канцэртаваў у Парыжы і Бруселі. З 1866 праф., у 1882—1901 дырэктар Пражскай кансерваторыі. З 1880 кіраўнік струннага квартэта Пражскага ням. камернага т-ва. Адзін са стваральнікаў Чэшскага квартэта (1891). Арганізатар публічных канцэртаў, у якіх удзельнічаў як ансамбліст (у трыо з Б.Сметанам і інш.). Дзякуючы Беневіцу-педагогу чэш. скрыпічная школа набыла сусв. вядомасць. Сярод яго вучняў О.Шэўчык, Ф.Ондржычак, І.Сук, О.Недбал.

Л.А.Сівалобчык.

т. 3, с. 96