Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́ЙТНІК

(Бетнік, Бейтніг) Мацей (люты 1708 ці 1705 — 20.4.1749),

бел. жывапісец. Выканаў насценныя размалёўкі ў езуіцкім калегіуме ў Жодзішках (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.; 1731—36), касцёле св. Міхала ў Нясвіжы (1736—37; капліца Святых анёлаў), езуіцкім касцёле ў Мінску (1737—45; у тым ліку размалёўкі фамільнай капліцы надворнага маршалка літоўскага Ігната Завішы, 1739). У 1746—49 жыў у Полацку.

т. 2, с. 375

БЕ́ЙТС

(Bates) Генры Уолтэр (8.2.1825, г. Лестэр, Вялікабрытанія — 16.2.1892),

англійскі прыродазнавец і падарожнік. У 1848—58 разам з А.Р.Уолесам у Бразіліі сабраў калекцыю насякомых — больш за 14,7 тыс. відаў, у тым ліку 800 раней невядомых навуцы. Адкрыў і растлумачыў з’яву мімікрыі ў матылёў даліны р. Амазонка (1862). Выпадак падабенства ядомага насякомага да неядомага наз. бейцаўскай мімікрыяй. Чл. Каралеўскага геагр. т-ва (з 1881).

Тв.:

Рус. пер. — Натуралист на реке Амазонке. М., 1958.

т. 2, с. 375

БЕЙШЭНАЛІ́ЕВА Бібісара

(Бюбюсара; 17.5.1926, кішлак Таш-Цюбе Канцкага р-на, Кыргызстан — 10.5.1973),

кіргізская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1958). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1949). З 1941 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета. Валодала высокай танц. культурай і нац. своеасаблівасцю. Значна паўплывала на станаўленне і развіццё кірг. нац. балета. Сярод партый: Чалпон і Айдай («Чалпон» М.Раўхвергера), Анар, Сайра («Анар», «Вясна ў Ала-Тоа» У.Уласава і У.Ферэ), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Марыя і Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Дзярж. прэмія Кіргізіі імя Тактагула 1970.

т. 2, с. 376

БЕЙ-БІЕ́НКА Рыгор Якаўлевіч

(7.2.1903, г. Белаполле Сумскай вобл., Украіна — 3.11.1971),

савецкі энтамолаг. Чл.-кар. АН СССР (1953). Засл. дз. н. Расіі (1963). Скончыў Омскі с.-г. Ін-т (1925). З 1929 у навук. установах Ленінграда. Навук. працы па экалогіі і сістэматыцы насякомых, тэорыі аховы раслін. Праводзіў даследаванні на Беларусі (Белавежская пушча і інш.). Аўтар падручнікаў («Агульная энтамалогія», 1966, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Насекомые таракановые. М.; Л., 1950;

Кузнечиковые. М.; Л., 1954;

Саранчовые фауны СССР и сопредельных стран. Ч. 1—2. М.; Л., 1951 (разам з Л.Л.Мішчанка).

т. 2, с. 374