БЕЗГАСПАДА́РНАЯ МАЁМАСЦЬ,
у цывільным праве маёмасць, у якой няма ўласніка (гаспадара) або ён невядомы. Згодна з бел. заканадаўствам безгаспадарная маёмасць паступае ва ўласнасць дзяржавы паводле рашэння суда, якое выносіцца па заяве фін. органа. Парадак выяўлення і ўліку безгаспадарнай маёмасці вызначаецца Мін-вам фінансаў Рэспублікі Беларусь.
т. 2, с. 373
БЕ́ЗДЗЕЖ,
вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Драгічын. 1442 ж., 497 двароў (1995). Сярэдняя школа. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Вядома з сярэдзіны 16 ст. як мястэчка Пінскага пав. Пад Бездзежам войскі барскіх канфедэратаў на чале з Міхалам Казімірам Агінскім 6.9.1771 разбілі атрад рас. войскаў палкоўніка Альбічава. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав. Слонімскай, потым Літоўскай, Гродзенскай губ. У 1915 акупіравана герм. войскамі. З 1921 цэнтр гміны Драгічынскага пав. Палескага ваяв. Польшчы, 1248 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 1940 у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: драўлянага дойлідства 18 ст. — Бездзежская Троіцкая царква, мураваны касцёл у стылі класіцызму (пабудаваны да 1820), мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 (канец 18 ст.).
т. 2, с. 373
БЕ́ЗДЗЕЖСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1784 у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) на фундаменце царквы 1-й пал. 17 ст. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны ў плане асн. і алтарны зрубы аб’яднаны 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Гал. фасад завершаны трохвугольным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі купалкамі. Інтэр’ер зальны, з 4 слупамі ў сярэдзіне, над уваходам — хоры; захаваліся абразы 17—18 ст. Перад царквой — брама-званіца, накрытая 2-схільным дахам.
Т.В.Габрусь.
т. 2, с. 373
БЕ́ЗДНАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1861,
выступленне сялян Казанскай губ. Расіі ў адказ на сялянскую рэформу 1861.
Пачалося ў в. Бездна Спаскага пав. пад кіраўніцтвам селяніна А.Пятрова (А.П.Сідарава), які абвясціў сялянам, што ўся зямля належыць ім і што яны не павінны больш працаваць на паноў. Хваляванні ахапілі больш як 75 вёсак. Каля 10 тыс. чалавек адмовіліся адбываць паншчыну, выконваць распараджэнні адміністрацыі, забіралі панскае збожжа. 12 крас. ў Бездну прыбыў карны атрад і пачаў страляць у натоўп сялян. Было забіта і паранена больш за 350 чал., многія арыштаваны, пакараны розгамі. Пятрова расстралялі. Расправа над удзельнікамі Безднаўскага выступлення выклікала пратэст дэмакр. колаў у Расіі і за мяжою.
т. 2, с. 373
БЕЗЕНГІ́ЙСКАЯ СЦЯНА́,
самы высокі і скалісты ўчастак грэбеня Галоўнага хрыбта Вял. Каўказа. Даўж. 12 км. Вяршыні (з У на З); Шхара (5068 м), Шата Руставелі (4860 м), Джангітау (5058), Катынтау (4970 м), Гестала (4960 м), Лалвар (4350). З паўн. схілаў бярэ пачатак ледавік Безенгі. Раён альпінізму.
т. 2, с. 373
БЕЗЗВАРО́ТНАЕ ВОДАСПАЖЫВА́ННЕ,
у вузкім сэнсе — забор водаў без вяртання іх у натуральныя крыніцы водаспажывання; у шырокім сэнсе — спажыванне вады з воднага аб’екта або сістэмы водазабеспячэння, пры якім частка яе страчваецца. Беззваротныя страты вады ў быт. мэтах, сельскай гаспадарцы, прам-сці падзяляюцца на неабходныя (напр., уваходзяць у склад прадукту: пры вырабе буд. матэрыялаў для прыгатавання рабочых раствораў, у гальванічных і электролізных ваннах у металургіі) і неапраўданыя (уцечка ў трубаправодах, каналах, натуральнае выпарэнне з паверхні сажалак-ахаладжальнікаў, адстойнікаў, вадасховішчаў). Некантралюемае беззваротнае водаспажыванне вядзе да абмялення і вычарпання вадаёмаў, з якіх забіраюць ваду, зменьвае іх біятычныя ўмовы. Пры замкнёным цыкле водаспажывання і безадходных тэхналогіях беззваротнае водаспажыванне не аказвае адмоўнага ўздзеяння на стан водных крыніц.
т. 2, с. 373
БЕ́ЗЛАЙ
(Bezlaj) Францэ (19.9.1910, г. Ліція, Славенія — 24.4.1993),
славенскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1939), акад. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1964). Вучыўся ў Люблінскім і Пражскім ун-тах. Праф. Люблянскага ун-та (з 1958). Аўтар манаграфіі-слоўніка «Славенская гідранімія» (т. 1—2, 1956—61), манаграфіі «Эсэ пра славенскую мову» (1967), «Этымалагічнага слоўніка славенскай мовы» (т. 1—2, 1976—82), артыкулаў пра балта-слав. моўныя сувязі. У працах шырока выкарыстоўваў бел. матэрыял. У 1969 прачытаў у БДУ цыкл лекцый па пытаннях слав. этымалогіі і анамастыкі, акцэнтуючы ўвагу на бел.-славенскіх моўных паралелях.
А.Я.Супрун.
т. 2, с. 374
БЕЗМАРО́ЗНЫ ПЕРЫ́ЯД,
прамежак часу паміж датамі апошняга марозу (або замаразку) вясной і першага восенню. На арктычных астравах і высакагор’ях адсутнічае. На Беларусі працягласцю 160—174 на ПдЗ і 137—140 сутак на Пн.
т. 2, с. 374
БЕ́ЗМІН Іван Арцёмавіч
(? — каля 1696),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля (1662—67), з 1685 узначальваў яе жывапісную майстэрню. Ствараў жывапіс «па тафтах» (абразы, адзенне на якіх выканана аплікацыяй з шоўку), размалёўваў пячную кафлю, браціны, падсвечнікі, сцягі-харугвы, вялікі ліхтар Успенскага сабора (1672). Аўтар абразоў: «Страшны суд» (1682—83), «Распяцкая царква Маскоўскага Крамля», «Зняцце з крыжа» і «Уваскрэсенне» (разам з Б.Салтанавым), парсуны «Патрыярха Нікана» (каля 1683). Як узнагароду за мастацтва атрымаў дваранскі тытул (1679).
т. 2, с. 374