Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРЫЕНЦІ́Р,

1) добра бачны на мясцовасці нерухомы прадмет або элемент рэльефу, па якім можна арыентавацца на мясцовасці.

2) У пераносным значэнні — кірунак дзейнасці, мэта, устаноўка.

т. 2, с. 6

АРЫЁЗА

(італьянскае arioso),

1) невялікая напеўная арыя, часта лірычнага характару, у оперы або кантаце. Займае прамежкавае становішча паміж арыяй і рэчытатывам. Ад арыі адрозніваецца меншымі памерамі, адсутнасцю пэўнай структуры, ад рэчытатыву — прастатой і напеўнасцю мелодыі. Сустракаюцца арыёзы ў стылі меладызаванага рэчытатыву.

2) У інструментальнай музыцы тэрмін «арыёза» выкарыстоўваецца для абазначэння жанру і пявучага характару выканання.

т. 2, с. 6

АРЫЁН

(лацінскае Orion),

экватарыяльнае сузор’е з найбольш яркімі зоркамі Рыгель, Бетэльгейзе, Белатрыкс. Тры блізка размешчаныя зоркі 2-й зорнай велічыні ўтвараюць «пояс Арыёна», ніжэй за які знаходзіцца Арыёна вялікая туманнасць. На тэрыторыі Беларусі сузор’е бачна ўвосень і зімою (гл. Зорнае неба).

т. 2, с. 6

АРЫЁНА ВЯЛІ́КАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

адно з найбольшых газава-пылавых воблакаў, бліжэйшае да Сонечнай сістэмы ў Галактыцы. Адлегласць да Арыёна вялікай туманнасці каля 300 пс. Мае выгляд мігатлівай бледнай плямы ў сузор’і Арыёна пад трыма яркімі зоркамі «пояса Арыёна». Папярочнік туманнасці больш за 5 пс. Належыць да эмісійных туманнасцяў. Сярэдняя шчыльнасць у 1017 разоў меншая за шчыльнасць паветра. Эмісійныя газава-пылавыя туманнасці могуць з’яўляцца раёнамі актыўнага зоркаўтварэння. Гл. таксама Туманнасці галактычныя.

т. 2, с. 6

АРЫЁСТА

(Ariosto) Лудовіка (8.9.1474, горад Рэджа-нель-Эмілія, Італія — 7.1533),

італьянскі паэт і драматург эпохі Адраджэння. Пісаў на лацінскай і італьянскай мовах. Асноўны твор — героіка-рамантычная паэма ў актавах «Неўтаймаваны Раланд» (1516), у якой перапляліся матывы сярэдневяковага эпасу і куртуазнага рыцарскага рамана; працяг паэмы «Закаханы Раланд» М.Баярда. Твор Арыёста з гуманістычным зместам і дасканалай мастацкай формай — узор культуры позняга італьянскага Адраджэння. Паэт па-язычніцку паўнакроўна адлюстраваў прыгажосць і радасці зямнога жыцця. Вытанчаная іронія надае паэме жартаўлівы характар. Стваральнік італьянскай «вучонай камедыі» («Шкатулка», 1508; «Зводніца», 1529, і іншыя).

Тв.:

Рус. пер. — Неистовый Роланд: Песни І—XXV. М.,1993.

А.С.Шаўчэнка.

т. 2, с. 6

АРЫ́ЖНЯ,

Пастовіцкі канал, рака ў Беларусі, у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці і на мяжы Асіповіцкага з Глускім раёнам Магілёўскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 24 км. Плошча вадазбору 176 км. Пачынаецца за 1,8 км на Паўднёвы Захад ад вёскі Дубное Старадарожскага раёна, цячэ па паўночнай частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 2, с. 6

АРЫЗО́НА

(Arizona),

штат на Паўднёвым Захадзе ЗША. Мяжуе з Мексікай. Плошча 295,3 тысяч км², насельніцтва 3936 тысяч чалавек (1993). Адміністрацыйны цэнтр — горад Фінікс. Буйныя гарады Тусон, Меса. Заняты гарамі ў цэнтральнай частцы, пустыннымі плато Каларада (з каньёнамі) на Паўночным Усходзе (гара Хамфрыс-Пік 3851 метраў) і Хіла на Паўднёвым Захадзе.

Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі (самыя гарачыя ў ЗША пустыні). Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0—4 °C, ліпеня 21—30 °C, ападкаў 75—380 мм за год. Рэкі Каларада, Літл-Каларада, Хіла і іншыя. У аснове эканомікі апрацоўчая і здабыўная прамысловасць, земляробства, турызм. Прамысловасць: электронная, авіякасмічная, каляровая металургія (выплаўка медзі і вытворчасць алюмінію), паліграфічная, харчовая, швейная і іншыя. Найбольшая ў ЗША здабыча медных Рудаў, значная — малібдэнавых, поліметалічных, золата. На рацэ Каларада ГЭС Боўлдэр-Дам. Земляробства на арашальных землях. Вырошчваюць бавоўнік, цукровыя буракі, ячмень, кукурузу, пшаніцу, гародніну, цытрусавыя. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, свойскую птушку. Турызм. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, авіяцыйны, трубаправодны. Міжнародныя авіяпарты Фінікс, Тусон, Юма. У Арызоне нацыянальны парк Вялікі Каньён.

М.С.Вайтовіч.

т. 2, с. 6

А́РЫІ,

гл. Арыйцы.

т. 2, с. 6

АРЫ́ЙСКАЯ РА́СА,

тэрмін у заходне-еўрапейскай антрапалогіі і расазнаўстве, уведзены ў 19 стагоддзі. Абгрунтоўваў перавагу белай расы, у тым ліку існаванне «вышэйшага» расавага тыпу — бялявых арыйцаў, заснавальнікаў вялікай цывілізацыі. Памылковасць тэрміна вынікала з блытаніны паняццяў моўнай і расавай класіфікацыі. У мовазнаўстве арыйскімі называюць індаіранскія мовы, але іх носьбіты не маюць агульных фізічных уласцівасцяў і не ўтвараюць адзінай расы. Тэорыя расавай перавагі, неабходнасці захавання чысціні крыві і пануючага становішча нямецкай нацыі стала асновай ідэалогіі германскіх фашыстаў, выкарыстоўвалася імі для абгрунтавання палітыкі захопу і заняволення іншых народаў.

т. 2, с. 6

АРЫ́ЙЦЫ,

арыі, індаеўрапейскія плямёны, што ў 4—3-м тысячагоддзях да нашай эры насялялі стэпавую зону паўднёва-ўсходняй Еўропы (паводле іншых звестак — Поўдзень Сярэдняй Азіі і прылеглую да яго тэрыторыю Іранскага плато). Размаўлялі на мове, якая была ранняй формай санскрыту. У канцы 2-га тысячагоддзя да нашай эры. Арыйцы праніклі ў Іран і Індыю, што паводле адной з версій, прывяло да гібелі Інда даліны цывілізацыі і распаўсюджання культуры шэрай размаляванай керамікі. Арыйцы эпохі «Рыгведы» (канец 2-га — пачатак 1-га тысячагоддзя данашай эры) яшчэ не ведалі жалеза і карысталіся меднымі прыладамі працы, посуд выраблялі ўручную. У іх існавалі культы каня, птушак і агню. Разглядаюцца як непасрэдныя продкі сучасных індаіранскіх і большасці еўрапейскіх народаў. Ад слова «арыйцы» паходзіць шэраг геаграфічных і этнічных назваў (Іран, даліна Ганга Ар’яварта і іншыя). Гл. таксама Арыйская раса.

Ж.А.Коршун.

т. 2, с. 6