Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРТАКЛА́З

(ад арта... + грэч. klasis трэшчына),

мінерал з групы палявых шпатаў, K[AlSi3O8]. Прымесі натрыю, радзей барыю, жалеза, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя (характэрны двайнікі), агрэгаты зярністыя. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты і інш. Бляск шкляны. Цв. 5—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Празрыстыя крышталі артаклазу, найб. чыстыя паводле саставу, наз. адулярам. Паходжанне магматычнае, часткова метамарфічнае; пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш. На Беларусі пашыраны ў антрапагенных адкладах розных генетычных тыпаў. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай прам-сці.

т. 1, с. 505

АРТАКСЕ́РКС I Даўгарукі, персідскі цар [465—424 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Уступіў на трон пасля забойства ў выніку прыдворнай змовы яго бацькі — Ксеркса I. На пач. царавання задушыў паўстанне егіпцян, якое падтрымлівалі Афіны. У 454 да н.э. персы знішчылі флот афінян у дэльце Ніла. У 449 да н.э. заключыў Каліеў мір, якім завершаны грэка-персідскія войны і зафіксаваны разгром персаў.

т. 1, с. 505

АРТАКСЕ́РКС II Мнемон, персідскі цар [404—358 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. На пач. праўлення вёў барацьбу за трон з малодшым братам Кірам, правіцелем М.Азіі. Нягледзячы на поспехі ў знешняй палітыцы (разграміў спартанскі флот каля Кніда ў 394 да н.э., заключыў Анталкідаў мір 387 да н.э.), праўленне Артаксеркса II — перыяд аслаблення Ахеменідаў дзяржавы.

т. 1, с. 505

АРТАКСЕ́РКС III Ох, персідскі цар [358—338 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў, сын Артаксеркса II. Стаў царом пасля знішчэння старэйшых братоў. Імкнуўся аднавіць цэласнасць і магутнасць Ахеменідаў дзяржавы, жорстка душыў паўстанні ў М.Азіі, Фінікіі, на Кіпры. У 341 да н.э. зноў далучыў да сваёй дзяржавы Егіпет. Забіты сваім прыбліжаным еўнухам Багоем.

т. 1, с. 505

АРТАМО́НАВА

(Вароніна) Інга Рыгораўна (29.8.1936, Масква — 4.1.1966),

расійская спартсменка (канькабежны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1962). Чатырохразовая чэмпіёнка свету (1957—58, 1962, 1965), сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1963, 1964), неаднаразовая рэкардсменка свету, чэмпіёнка СССР у мнагаборстве (1956, 1958, 1962—64), шматразовая чэмпіёнка СССР (1956—59, 1961—65) на розных дыстанцыях.

т. 1, с. 505

Артамонаў Ігар Аляксеевіч

т. 18, кн. 1, с. 336

АРТА́НІЯ,

Арсанія, Арта, адзін з трох раннефеадальных цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Упамінаецца разам з Куявіяй (Кіеўская зямля) і Славіяй (наўгародскія, ці ільменскія, славяне) араб. і перс. географамі. Адны з даследчыкаў атаясамліваюць Артанію з тэр. антаў, другія — з Тмутараканню, трэція — з гарадамі Разань ці Чарнігаў. Ёсць меркаванне, што Артанія мае дачыненне да тэр. Беларусі і, магчыма, знаходзілася недзе на рацэ Рша (сучасная Аршыца, прыток Дняпра), на скрыжаванні падняпроўскіх гандл. шляхоў; арабскае напісанне Арсанія атаясамлівалі з Аршаніяй (ад Орша, Рша).

т. 1, с. 505

АРТАПЕДЫ́Я

[ад арта... + грэч. pais (paidos) дзіця],

галіна медыцыны, якая вывучае прадухіленне, распазнаванне і лячэнне захворванняў, дэфармацый і вынікаў пашкоджанняў апорна-рухальнай сістэмы. Разам з траўматалогіяй складае адзіную ўрачэбную спецыяльнасць.

Заснавальнік навук. артапедыі — франц. ўрач Н.Андры (N.André), які ў 1741 увёў гэты тэрмін. Класічныя апісанні пашкоджанняў і захворванняў органаў апоры і руху і рэкамендацыі па іх лячэнні трапляліся яшчэ ў працах Гіпакрата і Ібн-Сіны. У пач. 16 ст. франц. ўрач А.Парэ распрацаваў метады ампутацыі канечнасцяў і прапанаваў апараты для выкарыстання іх пры артапедычных захворваннях. Прагрэсу артапедыі ў Расіі садзейнічалі працы Я.В.Мухіна (1806) пра асновы лячэння пераломаў і вывіхаў, М.І.Пірагова (1840), які распрацаваў вучэнне аб працэсах рэгенерацыі пасля аперацыі ахілавага сухажылля, увёў нерухомую гіпсавую павязку і інш. Працы М.П.Нікольскага (1870), М.Ф.Руднева (1880) садзейнічалі прагрэсу касцёва-пластычнай хірургіі, працы В.І.Разумоўскага, М.І.Студэнцкага, В.М.Шаўкуненкі (канец 19 — пач. 20 ст.) — развіццю артапедычных аперацый пры артрадэзіі, астэаміі, касалапасці. Пад кіраўніцтвам заснавальніка сістэмы артапедычнай дапамогі ў краінах б. СССР М.М.Прыёрава створаны Лячэбна-пратэзны ін-т (1921), метадычны цэнтр па артапедыі і траўматалогіі.

На Беларусі асобныя пытанні артапедыі пачалі вывучаць у 19 — пач. 20 ст. У ліку першых у Еўропе К.І.Гібенталь выкарыстаў гіпс для фіксацыі зламанай канечнасці (1812). Сістэматычныя даследаванні па артапедыі вядуцца з 1930-х г. у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, на адпаведных кафедрах мед. ін-таў. Развіццю артапедыі садзейнічалі працы М.Н.Шапіры, Б.Н.Цыпкіна, В.А.Маркса, Р.Х.Мінінай, І.Р.Варановіча, А.С.Крука, А.У.Руцкага, С.С.Навумовіча, А.А.Губко, А.М.Сакалоўскага і інш. Асн. кірункі даследаванняў: прафілактыка і лячэнне артапедычных захворванняў і траўмаў, распрацоўка метадаў і сродкаў мед. рэабілітацыі хворых і інвалідаў з прычыны ўскладненых пашкоджанняў касцей і суставаў, хірургічнага лячэння пухлін, ліквідацыі вынікаў дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў у касцях і суставах, эндапратэзаванне, удакладненне пытанняў дыягностыкі.

Літ.:

Маркс В.О. Ортопедическая диагностика. 2 изд. Мн., 1978;

Травматология и ортопедия. 3 изд. М., 1990;

Волков М.В. Болезни костей у детей. 2 изд. М., 1985.

т. 1, с. 505

АРТАША́Т,

горад, у 2 ст. да н.э. — сярэдзіне 5 ст. н.э. сталіца стараж. Арменіі Вялікай. Заснаваны каля 176 да н.э. Арташэсам I, які сталіцу дзяржавы з Армавіра перанёс у пабудаваны ім Арташат. У 58 і 163 н.э. разбураны рымлянамі, у 364—68 — іранцамі. Прыйшоў у заняпад у сувязі з пераносам сталіцы Арменіі ў Дзвін. Знаходзіўся паблізу сучаснага арм. г. Арташат.

т. 1, с. 506

АРТАШЭ́С I,

Артаксій (? — 160 да н.э.), цар Арменіі Вялікай [189—160 да н.э.]. У 190 узначаліў паўстанне армян супраць Селеўкідаў, абвясціў незалежнасць дзяржавы і стаў заснавальнікам дынастыі Арташэсідаў. Умацаваў і пашырыў свае ўладанні, сталіцу з Армавіра перанёс ў пабудаваны ім г. Арташат. Правёў рэформу, якая ўмацавала прыватную ўласнасць на зямлю.

т. 1, с. 506