Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРКАТА́Г,

Пржавальскага хрыбет, на З Кітая, у цэнтр. ч. Куньлуня. Даўж. каля 650 км. Выш. да 7723 м (г. Улугмузтаг). Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў, пясчанікаў. Выраўнаваныя вяршыні, каменныя восыпы, галечнікава-друзавыя пустыні, азёрныя ўпадзіны, рачныя даліны. Невял. ледавікі. Адкрыты рускім падарожнікам М.М.Пржавальскім (1884).

т. 1, с. 478

АРКАТУ́РА

(ням. Arkatur),

рытмічны рад дэкаратыўных несапраўдных арак на фасадах будынкаў або на сценах унутры памяшканняў. Выконвае ролю фрыза, зрэдку дапоўненага кансолямі, паўкалонкамі, лапаткамі. Узнікла ў раманскай архітэктуры 10—13 ст. Пашырылася ў збудаваннях стыляў готыкі і рэнесансу, у якіх выкарыстоўваліся спічастыя і круглыя аркі ў аздабленні сцен, вежаў, франтонаў, у несапраўднай готыцы і псеўдарускім стылі.

т. 1, с. 478

АРКАШО́Н

(Arcachon),

кліматычны курорт на беразе Біскайскага заліва ў Францыі. На ПдЗ ад г. Бардо. Узнік у 19 ст. Мяккі марскі клімат без рэзкіх ваганняў т-ры, пляж даўж. каля 6 км, дзюны, хвойнікі. Шматлікія санаторыі і гасцініцы. Буйнейшы ў Еўропе цэнтр па здабычы вустрыц.

т. 1, с. 479

А́РКА ТРЫУМФА́ЛЬНАЯ,

трыумфальная брама, пастаяннае або часовае манументальнае афармленне праезду (звычайна арачнае) або збудаванне ў гонар ваеннай перамогі, гістарычнай падзеі ці асобы. Брамы з адным ці трыма арачнымі пралётамі звычайна маюць насычаны арх.-пластычны дэкор: аздоблены скульптурай, памятнымі надпісамі. Узніклі ў Стараж. Рыме, дзе прызначаліся для цырымоніі ўезду пераможцы: аркі Ціта (81), Септымія Севера (203), Канстанціна (315). Накшталт іх пабудаваны аркі ў Парыжы на пл. Карузель (1806, арх. Ш.Персье і П.Фантэн) і пл. Шарля дэ Голя (1837, арх. Ж.Ф.Шальгрэн). У Расіі аркі трыумфальныя будавалі ў гонар ваен. перамог (Трыумфальныя вароты ў Маскве, 1834, В.Бавэ; Неўскія трыумфальныя вароты ў С.-Пецярбургу, 1833, арх. В.Стасаў).

т. 1, с. 477

АРКБУТА́Н

(франц. arcboutant),

вонкавая паўарка. Перадае гарыз. распор сцяны гал. нефа базілікальнага храма на апорныя слупы — контрфорсы, што дае магчымасць аблегчыць канструкцыю сцен, павялічыць пралёт гал. нефа і паменшыць сячэнне слупоў, робіць інтэр’ер больш прасторным. Аркбутаны ўзніклі ў архітэктуры готыкі.

т. 1, с. 479

АРКЕБУ́ЗА

(франц. arquebuse),

адзін з першапачатковых узораў зах.-еўрап. ручной агнястрэльнай зброі. З’явілася ў 1-й трэці 15 ст. Зараджалася з дула каменнымі і свінцовымі кулямі. Парахавы зарад падпальваўся ад рукі праз запальную адтуліну ў ствале, пазней — пры дапамозе кнотавага замка. У 16 ст. аркебуза заменена мушкетам.

т. 1, с. 479

АРКЕ́СТР

(ад грэч. orchēstra пляцоўка перад сцэнай у стараж.-грэч. тэатры),

калектыў інструменталістаў для сумеснага выканання створанай для яго музыкі. Аркестры бываюць мяшаныя, якія ўключаюць інструменты розных груп (сімфанічны, эстрадны) і аднародныя (струнны, духавы, ударных інструментаў). Паводле функцыі вылучаюць аркестры оперныя, ваенныя, эстрадныя і інш. Вышэйшы тып — сімфанічны аркестр — малы і вялікі. Рухомасцю складу адрозніваецца камерны аркестр, які не заўсёды можна дакладна адмежаваць ад камернага ансамбля. Асаблівы тып — аркестр народных інструментаў.

Вял. інстр. ансамблі вядомы ў антычнасці, сярэднявеччы, у эпоху Адраджэння (літ. крыніцы 16 ст. сведчаць, што падобныя ансамблі існавалі і на Беларусі), аднак іх вызначалі спарадычнасць дзеяння і нестабільнасць складу. Рэгулярныя аркестры паявіліся на мяжы 16—17 ст. з узнікненнем оперы, араторыі, кантаты, у якіх на аркестры ўскладалася функцыя суправаджэння вак. партый. Тыпы аркестраў, іх прызначэнне гістарычна мяняліся ў залежнасці ад развіцця муз. інструментаў і выканальніцтва, эвалюцыі арк. мыслення кампазітараў, ідэйна-стыліст. тэндэнцый.

Звесткі пра аркестры на Беларусі сягаюць у 16 ст. («літоўская капэла»), У 18 ст. вядомы розныя тыпы аркестраў: т.зв. «янычарская музыка» (Шклоў, Нясвіж, Гродна), рагавая музыка (Нясвіж, Шклоў), «хатняя музыка» (Горы-Горкі, Гродна, Нясвіж), духавыя, а таксама малыя сімф. аркестры раннекласічнага складу — капэлы (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). Вядома пра існаванне «касцельнай музыкі» ў 18 — 1-й пал. 19 ст. ў Гродне, Слоніме, Мінску, Пінску, Нясвіжы, Будславе і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. прыкметную ролю ў грамадска-культ. жыцці адыгрывалі сімф. і духавыя аркестры, у т. л. ў Мінску (гл. Мінскі гарадскі аркестр), Віцебску, Слуцку, Гродне. У 1919—21 створаны сімф. аркестры ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве на базе нар. кансерваторый, муз. школ, пазней муз. тэхнікумаў і драм. т-раў. Прафесійныя аркестры ў Беларусі (1995): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, сімфанічныя аркестры Дзярж. т-ра оперы і балета Дзярж. т-ра муз. камедыі, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь, Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, мінскі духавы аркестр «Няміга» і інш.

Літ.:

Барсова И.А. Книга об оркестре. 2 изд. М., 1978.

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 479

АРКЕСТРО́ЎКА,

гл. ў арт. Інструментоўка.

т. 1, с. 479

АРКЕ́СТР НАРО́ДНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ,

тып аркестра, нацыянальна спецыфічны паводле складу муз. інструментаў, характару гучання і спалучэння традыцый нар. інструменталізму і сімф. культуры. Першы аркестр народных інструментаў створаны ў 1896 В.Андрэевым (Велікарускі аркестр). У 1930-я г. на яго ўзор арганізаваны аркестры ў Арменіі, Казахстане, Узбекістане і інш. У 1930 пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча. Прафесіяналізацыя аркестра народных інструментаў абумовіла ўдасканаленне і ўтварэнне сем’яў тых інструментаў, якія склалі аснову іх пэўных нац. разнавіднасцяў (напр., бел. цымбалаў), пабудову аркестраў на ўзор сімфанічнага (падзел інструментаў на групы).

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 479

АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (Orkney Islands, архіпелаг у Атлантычным ак. каля паўн. ўзбярэжжа Шатландыі; тэр. Вялікабрытаніі. Каля 70 а-воў, самы вялікі — в-аў Мэйнлэнд. Пл. каля 1000 км². Выш. да 477 м. Фіёрды, азёры. Лугі, верасоўнікі. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Ткацтва. Нафтавы тэрмінал Паўночнага мора. Гал. парты Керкуол, Флота.

т. 1, с. 479