Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРДЫНА́РАЦ

(ад ням. Ordonnanz веставы),

у рускай арміі — ваеннаслужачы афіцэр, унтэр-афіцэр, радавы, прызначаны ў распараджэнне камандуючага (камандзіра) або штаба для выканання іх даручэнняў. Ардынарцы вылучаліся таксама ў распараджэнне ганаровых асоб, якія прыбылі ў войскі, і ў ганаровыя варты. У канцы 19 ст. пры пяхотных палках былі каманды конных ардынарцаў. У Сав. Арміі ардынарцы (звычайна з радавых) вылучаліся ў распараджэнне страявых камандзіраў толькі ў ваен. час.

т. 1, с. 475

АРДЫНА́ЦКІ СУД,

прыватнаўласніцкі суд у ардынацыях Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Склад суда вызначаў уладальнік ардынацыі (ардынат), звычайна ў яго ўваходзілі староста (намеснік) ардынацыі, падстароста, пісар. Ардынацкі суд мог наз. замкавым або гродскім судом. Аб’ядноўваў функцыі дзярж. гродскага суда і земскага суда, разглядаў маёмасныя, крымінальныя і грамадзянскія справы. Падсуднымі ардынацкага суда былі залежныя ад уладальніка ардынацыі шляхта, мяшчане, ваеннаслужачыя, татарскае і яўрэйскае насельніцтва і інш. Суд вёўся паводле нормаў агульнадзярж. права, мог выносіць і смяротныя прысуды. На Беларусі ардынацкія суды дзейнічалі ў Нясвіжы (сесіі таксама ў Міры), Клецку, Давыд-Гарадку.

т. 1, с. 475

АРДЫНА́ЦЫЯ

(польск. ordynacja ад лац. ordinatio упарадкаванне),

1) у сярэдневяковай Польшчы збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арг-цыі, суды.

2) Збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы ардынацыі — непадзельнасць і неадчужальнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (жанчыны за нашчадкаў не лічыліся). Першыя ардынацыі (Нясвіжская і Клецкая на Беларусі, Алыцкая на Украіне) заснаваны Радзівіламі ў 1586, зацверджаны соймам у 1589. Уласныя ардынацыі стварылі магнаты Замойскія (зацверджана ў 1589), Мышкоўскія (1601), Астрожскія (1609), Сулкоўскія (18 ст.). Ардынацыі працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы; скасаваны сеймам у 1939.

т. 1, с. 476

АРДЫНА́ЦЫЯ ў экалогіі, метад аналізу эка- і геасістэм. Заключаецца ў размеркаванні відаў або згуртаванняў жывых арганізмаў па меры змены аднаго або некалькіх карэлявальных фактараў (напр., змена відавога складу расліннасці і мноства асобін кожнага з відаў з павелічэннем засалення глебаў са зменай мясц. балансу цяпла і вільгаці і да т.п.).

т. 1, с. 476

«АРДЫНА́ЦЫЯ КАРАЛЕ́ЎСКІХ ПУ́ШЧАЎ У ЛЯСНІ́ЦТВАХ БЫЛО́ГА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА»,

«Ординация королевских пущ в лесничествах бывшего Великого княжества Литовского», вопіс каралеўскіх лясных масіваў ВКЛ 1636—40. Выдадзены Віленскай археагр. камісіяй паралельна на польскай і рус. мовах (Вільня, 1871). Ардынацыя (упарадкаванне) мела на мэце ўстанаўленне межаў каралеўскіх пушчаў, вызначэнне правоў шляхты і мясц. насельніцтва на карыстанне імі, арганізацыю кіравання лясной гаспадаркай і вызначэнне статуса асоб, якія выконвалі спец. абавязкі ў створаных лясніцтвах. Адзначаны населеныя пункты на тэр. лясніцтваў, пералічаны сяляне, іх павіннасці, колькасць зямлі ў гаспадарках; часам дакументы шляхты на права валодання і карыстання лясамі; апісаны азёры, рэчкі, лугі.

В.Ф.Голубеў.

т. 1, с. 476

«АРДЫНА́ЦЫЯ» 1638,

«Ардынацыя войска Запарожскага рэестравага», пастанова сойма Рэчы Паспалітай пра абмежаванне правоў казацтва пасля сялянска-казацкага паўстання 1637—38 на Украіне. «Ардынацыя» абмяжоўвала прывілеі рэестравых казакоў, скасоўвала пасаду гетмана, адмяняла выбарнасць есаулаў і палкоўнікаў; замест гетмана соймам назначаўся камісар, які ажыццяўляў вайсковую і судовую ўладу. У рэестры (на дзярж. службе) было пакінута 6 палкоў па 1 тыс. чал., астатнія пераводзіліся ў паспалітых казакоў (сялян). «Ардынацыя» страціла значэнне пасля вызв. вайны на Украіне 1648—54.

т. 1, с. 476

АРДЫ́НСКІ ВЫ́ХАД,

даніна з рус. земляў Залатой Ардзе ў час мангола-татарскага панавання 13—15 ст. Збіраўся з усяго насельніцтва, акрамя духавенства. Велічыня пабораў была не пастаянная, а залежала ад «запросаў» хана. Напачатку ардынскі выхад збіралі баскакі, адкупшчыкі-мусульмане. Нар. паўстанні ў рус. княствах (1257, 1259, 1262, 1289) супраць баскакаў прымусілі ханаў перадаць збор даніны рус. князям. Даніна ішла ў Залатую Арду праз вял. князя уладзімірскага. Пасля Кулікоўскай бітвы 1380 ардынскі выхад плацілі нерэгулярна, з 1470-х г. перасталі плаціць зусім.

т. 1, с. 476

АРДЫ́НШЧЫНА,

дзярж. падатак у ВКЛ у 15—16 ст., які ішоў на выплату даніны крымскаму хану. Накладвалася на воласць, горад ці мястэчка, спаганялася з мяшчан і сялян. У гады спагнання ардыншчыны з падаткаплацельшчыкаў, як правіла, не збіраўся дзярж. падатак на патрэбы войска — сярэбшчына. У адрозненне ад грашовай сярэбшчыны ардыншчына пераважна сплачвалася пушнінай.

П.А.Лойка.

т. 1, с. 476

АРДЫ́Н-НАШЧО́КІН Афанасій Лаўрэнцьевіч

(каля 1605, Пскоў — 1680),

расійскі дзярж. і ваенны дзеяч, дыпламат. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у штурме Віцебска (1654), кіраваў штурмам Дрысы (1655). Ваявода Друі (1654), Кокнеса (1656—61). Заснаваў на Зах. Дзвіне суднаверф. У 1658 у Валіесары заключыў на 3 гады перамір’е са Швецыяй, паводле якога за Расіяй заставаліся заваяваныя ў Лівоніі землі. Прыхільнік саюзу з Рэччу Паспалітай для барацьбы супраць Швецыі. Падпісаў Андросаўскае перамір’е 1667. У 1671 пастрыгся ў манахі. У 1679 вёў перагаворы з Рэччу Паспалітай, каб прадоўжыць Андросаўскае перамір’е. Ініцыятар стварэння паштовай сувязі паміж Масквою, Рыгай і Вільняй.

Літ.:

«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломатич. службы XVI—XVII веков. М., 1989. С. 108—146.

т. 1, с. 476

АРДЫШЭ́ВА,

возера ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса. За 46 км на У ад г. Сянно. Пл. 0,52 км². Даўж. 1,22 км, найб. шыр. 0,74 км, найб. глыб. 2,4 м. Пл. вадазбору каля 6 км². Даўж. берагавой лініі 3,2 км. Берагі нізкія, сплавінныя. Дно выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Схілы катлавіны да 3 м пад лесам. Зарастае да глыб. 1 м. Упадае ручай, выцякаюць рэкі Зелянуха і Ардышэўка, ручай у воз. Дзевінскае.

т. 1, с. 476