Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРГАНА́ЎТЫ,

у грэчаскай міфалогіі героі паходу па залатое руно, якое ахоўваў дракон. Больш за 50 арганаўты пад кіраўніцтвам Ясона накіраваліся на караблі «Арго» ў Калхіду. З дапамогай чараўніцы Медэі захапілі руно і прывезлі яго ў Грэцыю. Паход арганаўтаў — часты сюжэт у творах ант. і пасляант. мастацтва (рэльеф у Дэльфах, кратэр сярэдзіны 5 ст. да н.э.); ён выкарыстаны ў эпасах Апалонія Радоскага і В.Флака, драм. трылогіі Ф.Грыльпарцэра, оперы Л.Керубіні і інш.

т. 1, с. 460

АРГА́НА-МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

гумінавыя ўгнаенні, угнаенні з арган. рэчываў і звязаных з імі хімічна ці адсарбцыйна мінер. злучэнняў. Атрымліваюць апрацоўкай гумінавых кіслот ці матэрыялаў, у якіх яны ёсць (торф, буры вугаль, сланец, глей, перагной), аміякам, аміячнай вадой, аміячнымі растворамі фасфатаў, фосфарнай к-той, калійнымі солямі. Маюць розны састаў і назву: гумафос, гумафоска, торфа-аміячныя ўгнаенні, гуматы натрыю, амонію і інш. Найб. пашыраны торфа-мінеральныя і торфа-аміячна-мінер. ўгнаенні.

т. 1, с. 460

АРГАНЕ́ЛЫ,

спецыялізаваныя структуры цытаплазмы аднаклетачнай жывёлы, аналагічныя аднаму з органаў шматклетачнай, што выконваюць пэўныя функцыі: рухальныя, скарачальныя, рэцэпторныя, стрававальныя, сакраторныя і экстраторныя, нападу і абароны.

т. 1, с. 460

АРГАНІЗАВА́НАЯ ЗЛАЧЫ́ННАСЦЬ,

форма злачыннай дзейнасці аб’яднанняў злачынцаў. Вызначаецца высокай самаарганізацыяй, прафесіяналізмам, іерархічнай сістэмай узаемаадносін, манапалізацыяй розных сфераў злачыннай дзейнасці з мэтай здабычы максімальных даходаў і выкарыстання легальных шляхоў для «адмывання» злачынна здабытых сродкаў, нейтралізацыяй і карумпіраваннем дзярж. органаў, пашырэннем злачынных сувязяў за межы краіны. Гл. таксама Мафія, Рэкет.

т. 1, с. 460

АРГАНІЗАВА́НЫ НАБО́Р РАБО́ЧЫХ,

планавае міжгаліновае і тэрытарыяльнае пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў у б. СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі для забеспячэння патрэб нар. гаспадаркі ў рабочай сіле і для працаўладкавання грамадзян. Ажыццяўляўся спец. дзярж. органам. Рабочыя арганізаванага набору мелі льготы, накіроўваліся пераважна на новабудоўлі. З Беларусі да 1941 па арганізаваным наборы рабочых накіравана 1 млн. 629 тыс. чал. (пераважна сельскага насельніцтва) на лесанарыхтоўкі, у рыбную прам-сць, у Данбас, на будоўлі Масквы, Ленінграда і інш. За 1944—76 арганізаваны набор рабочых склаў 588,4 тыс. чал., найб. інтэнсіўны ён быў у 1950—53. У 1956—66 з БССР на асваенне цалінных зямель накіравана больш за 48 тыс. сем’яў (каля 179 тыс. чал.). У 1961—71 штогодні набор зменшыўся больш як у 5 разоў. З фарміраваннем рыначнай эканомікі забеспячэнне нар. гаспадаркі рабочай сілай адбываецца праз рынак працы.

т. 1, с. 460

АРГАНІЗАЦЫ́ЙНАЯ СТРУКТУ́РА ў эканоміцы, сукупнасць устойлівых і лагічных суадносін узроўняў кіравання і функцыянальных сфераў суб’екта гаспадарання, прызначаных забяспечыць эфектыўнае дасягненне мэты. Аптымальная арганізацыйная структура — найважнейшая ўмова арганізацыі вытворчасці.

т. 1, с. 461

АРГАНІЗАЦЫ́ЙНАЯ ТЭ́ХНІКА,

гл. Аргтэхніка.

т. 1, с. 461

АРГАНІЗА́ЦЫЯ

(франц. organisation ад позналац. organizo надаю зграбны выгляд, упарадкоўваю),

1) ступень і характар упарадкаванасці элементаў сістэмы, яе адэкватнасць функцыям, што выконвае гэта сістэма. Паняцце «арганізацыя» азначае сістэмны аб’ект, упарадкаванасць, мэтанакіраваную дзейнасць кібернетычных сістэм, сац. сістэму як сродак дасягнення мэты. Сама канцэпцыя арганізацыі, такім чынам, уключае агульнафіласофскі, сістэмны, кібернетычны і сацыялагічны падыходы. Стварыць агульнае вучэнне аб арганізацыі спрабаваў А.А.Багданаў (1913), які выказаў ідэю ізамарфізму розных арганізацыйных структур, блізкую да агульнай тэорыі сістэмы, кібернетыкі, сінергетыкі, канцэпцыі глабальнага эвалюцыянізму і інш. Вызначальныя рысы арганізацыі — упарадкаванасць, функцыянальнасць, іерархічнасць. Упарадкаванасць уключае парадак (разнастайнасць устойлівых сувязяў у патоку змен), кампазіцыю элементаў (від ўладкаванасці) і функцыянальную залежнасць (змена элемента вядзе да змены інш. элементаў ці ўсёй сістэмы ў цэлым і, наадварот, змена сістэмы вядзе да змены яе структурных элементаў). Функцыянальнасць характарызуе адносіны сістэмы з навакольным асяроддзем, дасягненне за кошт арганізацыі прыстасавальнага (функцыянальнага) эфекту. Сутнасць іерархічнасці ў тым, што кожная арганізацыя мае розныя ўзроўні (сістэмы і падсістэмы, ступені, формы, структуры, тыпы і г.д.), разуменне якіх спрыяе выяўленню генетычнай сувязі паміж імі: у нежывой прыродзе — ад субклетачнага да Метагалактыкі, у жывой прыродзе — ад субклетачнага да біясфернага (і ноасфернага), у грамадстве — ад чалавека да соцыума.

2) Аб’яднанне людзей для сумеснай рэалізацыі пэўнай праграмы ці мэты на аснове вызначаных правілаў дзеяння.

3) Сукупнасць працэсаў ці дзеянняў, якія вядуць да ўтварэння і ўдасканальвання ўзаемасувязяў паміж часткамі цэлага.

Літ.:

Богданов А.А. Текстология: Всеобщая организационная наука. Кн. 1—2. М., 1989;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986.

Г.І.Шчарбінкі.

т. 1, с. 461

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ

(United Nacions; ААН),

міжнародная арганізацыя, створаная для падтрымання міру, бяспекі і развіцця супрацоўніцтва паміж усімі краінамі.

Арганізац. і структурныя асновы ААН закладваліся ў час 2-й сусв. вайны вядучымі дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі. 1.1.1942 у Вашынгтоне 26 краін падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый (назву «Аб’яднаныя Нацыі» прапанаваў прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт). У Дэкларацыі, прынятай 30.10.1943 на Маскоўскай нарадзе міністраў замежных спраў, ад імя ўрадаў заяўлена пра неабходнасць «заснавання ў найкарацейшы тэрмін агульнай міжнароднай арганізацыі для падтрымання міру і бяспекі, заснаванай на прынцыпе суверэннай роўнасці ўсіх міралюбівых дзяржаў». На Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 прадстаўнікі Вялікабрытаніі, ЗША, Кітая і СССР распрацавалі прапановы па статуце такой арг-цыі. На Крымскай канферэнцыі 1945 кіраўнікі Вялікабрытаніі, ЗША і СССР дамовіліся на ўстаноўчую канферэнцыю ў Сан-Францыска ў якасці першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН запрасіць Беларускую ССР і Украінскую ССР, ацэньваючы ўклад народаў гэтых рэспублік у перамогу над фашызмам. Сан-Францыская канферэнцыя 1945 прыняла Статут ААН. Урачыстае яго падпісанне адбылося 26.6.1945 прадстаўнікамі 50 дзяржаў, у т. л. і БССР. Гэтыя краіны, а таксама не прадстаўленая на канферэнцыі Польшча (падпісала Статут некалькі пазней), сталі першапачатковымі дзяржавамі — членамі ААН. Афіц. датай утварэння ААН лічыцца 24.10.1945, калі яе Статут набыў сілу пасля здачы ратыфікацыйных грамат Вялікабрытаніяй, ЗША, Кітаем, СССР, Францыяй і большасцю інш. краін, якія яго падпісалі (БССР ратыфікавала Статут 30.8.1945). 24 кастр. адзначаецца штогод як Дзень ААН.

Паводле Статута мэты ААН: падтрымліваць міжнар. мір і бяспеку, выкарыстоўваючы эфектыўныя калект. захады супраць агрэсіі ці інш. парушэнняў міру; праводзіць мірнымі сродкамі адпаведна з прынцыпамі справядлівасці і міжнар. права ўрэгуляванне або вырашэнне міжнар. спрэчак ці сітуацый, што могуць прывесці да парушэння міру; развіваць дружалюбныя адносіны паміж нацыямі на аснове павагі прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў і рабіць адпаведныя захады на ўмацаванне ўсеагульнага міру; ажыццяўляць міжнар. супрацоўніцтва ў вырашэнні праблем эканам., сац., культ. характару, заахвочваць і ўмацоўваць павагу да правоў чалавека і асн. свабод для ўсіх, незалежна ад расы, полу, мовы і рэлігіі. У сваёй дзейнасці ААН кіруецца прынцыпамі суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў, добрасумленнага выканання імі прынятых на сябе ў адпаведнасці са Статутам абавязацельстваў, вырашэння міжнар. спрэчак мірнымі сродкамі, неўмяшання ў справы, якія па сутнасці ўваходзяць ва ўнутр. кампетэнцыю любой дзяржавы. ААН забяспечвае ў апаведнасці з яе прынцыпамі дзейнасць дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі арг-цыі. Паводле Статута прыём у члены ААН адкрыты для ўсіх міралюбівых дзяржаў, якія бяруць на сябе абавязкі, абумоўленыя Статутам, могуць і жадаюць іх выконваць. Прыём праводзіцца Генеральнай Асамблеяй ААН па рэкамендацыі Савета Бяспекі ААН. Статут прадугледжвае прыпыненне ажыццяўлення правоў і прывілеяў дзяржавы — члена ААН або выключэнне з ААН за парушэнне прынцыпаў Статута. На 1.4.1995 членамі ААН з’яўляліся 185 дзяржаў свету.

Гал. органы арг-цыі: Генеральная Асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і сацыяльны савет ААН (ЭКАСОС), Савет па апецы ААН, Міжнародны суд ААН і Сакратарыят ААН.

У Ген. Асамблеі прадстаўлены ўсе члены ААН. Яна можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута або якія адносяцца да паўнамоцтваў і функцый любога з органаў ААН, даваць рэкамендацыі Савету Бяспекі і яго членам па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, на якія распаўсюджваюцца паўнамоцтвы Савета Бяспекі; вызначае мэты і кіруе дзейнасцю ў галіне развіцця, склікае сусв. канферэнцыі, абвяшчае міжнар. гады і г.д. Паводле Статута ААН на Савет Бяспекі ўскладзена гал. адказнасць за падтрыманне міру і бяспекі. Ён складаецца з 5 пастаянных (Вялікабрытанія, ЗША, Кітай, Расія і Францыя) і 10 непастаянных (выбіраюцца Ген. Асамблеяй на 2 гады) членаў. Дзейнічае паводле прынцыпу аднагалосся. Рашэнні Савета Бяспекі абавязковыя для ўсіх членаў ААН. У выключную кампетэнцыю Савета Бяспекі ўваходзіць, вырашэнне пытанняў стварэння і функцыянавання ўзброеных сіл ААН. Эканам. і сац. савет каардынуе пад эгідай Ген. Асамблеі дзейнасць ААН у галіне эканам. і сац. супрацоўніцтва. Складаецца з 54 чал., якія выбіраюцца Ген. Асамблеяй. Задача Савета па апецы — назіранне за кіраўніцтвам падапечнымі тэрыторыямі, якія ўключаны ў сістэму апекі. Міжнар. суд — гал. суд. орган ААН. Яго члены выбіраюцца Ген. Асамблеяй і Саветам Бяспекі. Сакратарыят абслугоўвае інш. органы ААН, выконвае праграмы і ажыццяўляе прынятую імі палітыку. Узначальвае Сакратарыят Генеральны сакратар ААН (з 1.1.1993 Бутрас Бутрас-Галі).

Існуе вял. колькасць розных органаў ААН: спец. камітэты, камісіі, канферэнцыі і інш. Асобна вылучаюцца спецыялізаваныя ўстановы ААН, якія дзейнічаюць аўтаномна, маюць свае ўстановы і членства. Штаб-кватэра ААН размешчана ў Нью-Йорку. У шэрагу гарадоў свету дзейнічаюць інфарм. цэнтры і розныя службы арг-цыі. У Вене і Жэневе размешчаны Аддзяленні ААН. Афіц. мовы ААНангл., ісп., кіт., рус., франц.; араб. мова дабаўлена як афіц. мова Ген. Асамблеі, Савета Бяспекі і ЭКАСОС. Мае сваю эмблему і сцяг. У Мінску дзейнічае Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь.

В.М.Іваноў, Г.К.Кісялёў.

т. 1, с. 461

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПРАМЫСЛО́ВЫМ РАЗВІЦЦІ́

(United Nations Industrial Development Organization; ЮНІДО),

міжурадавая арг-цыя ў сістэме ААН. Створана ў 1966. Паводле статута (прыняты ў 1979 у Вене) ЮНІДО аўтаномная спецыялізаваная ўстанова (з 1986). Чл. арганізацыі з’яўляюцца 147 дзяржаў (1990).

Асн. мэты і віды дзейнасці: дапамога краінам, што развіваюцца, у правядзенні і паскарэнні індустрыялізацыі, распрацоўка і каардынацыя з гэтай нагоды мерапрыемстваў ААН; садзейнічанне ва ўмацаванні супрацоўніцтва паміж індустрыяльна развітымі краінамі і тымі, што стаяць на шляху развіцця; правядзенне адпаведных кансультацый і перагавораў, падтрымка інвестыцыйных працэсаў, перадача тэхналогій і г.д. Аказвае тэхн. дапамогу, распрацоўвае праграмы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці, выступае як цэнтр па зборы, сістэматызацыі і распаўсюджванні прамысл. інфармацыі.

Асн. органы — Ген. Канферэнцыя, Савет па прамысл. развіцці і К-т па праграме і бюджэце. Штаб-кватэра арг-цыі ў Вене.

т. 1, с. 464