Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКУЛІ́НІН Аркадзь Андрэевіч

(16.5.1909, с. Вял. Лазаўка Токараўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 1986),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р біял. н. (1959), праф. (1960). Скончыў Варонежскі зоавет. ін-т (1932) і Ленінградскі вет. ін-т (1935). З 1947 у Віцебскім вет., з 1969 у Гродзенскім с.-г. ін-тах. Асн. працы па мікра- і макраскапічнай будове вегетатыўнай нерв. сістэмы свойскай жывёлы.

т. 1, с. 215

АКУЛІРО́ЎКА

(ад лац. oculus вока),

спосаб прышчэплівання раслін роставай пупышкай (вочкам). Найб. пашыраны спосаб размнажэння многіх пладовых дрэў. Спячым вочкам часцей за ўсё прышчэпліваюць сеянцы дзікіх відаў і культурных сартоў. Акуліроўка патрабуе найменшага расходу прышчэпачнага матэрыялу і забяспечвае адносна высокую прыжывальнасць прышчэпак. Прышчэпа прыдатная да акуліроўкі ў час летняга руху сокаў (ліпень—жнівень), калі ў раслін добра адстае кара. У першую чаргу акуліруюць костачкавыя культуры, потым грушу, насенныя прышчэпы яблыні і апошнімі — клонавыя прышчэпы.

т. 1, с. 215

АКУ́ЛІЧ Аляксандр Канстанцінавіч

(27.1.1888, в. Стары Мазалаў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1961),

ваен. дзеяч. Генерал-лейтэнант (1940). З 1915 у арміі, з 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны: старшыня палкавога ВРК, камандзір палка, нач. штаба, камандзір брыгады. У Вял. Айч. вайну з 1941 камандзір дывізіі на Волхаўскім фронце, удзельнік абароны Ленінграда. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 1, с. 215

АКУ́ЛІЧ Уладзімір Лявонцьевіч

(2.4.1904, г. Радвілішкіс, Літва — 17.12.1972),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў тэхнікум кінематаграфіі (Адэса, 1928). З 1947 на кінастудыі «Беларусьфільм». Зняў маст. фільмы «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Рагаты бастыён» (1965) і інш., сюжэты для кіначасопісаў і навук.-папулярных фільмаў, кінанарысы, дакумент. фільмы. Аператар-пастаноўшчык тэлевіз. маст. фільма «Побач з вамі» (1967).

т. 1, с. 216

Акуліч Аляксандр Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 331

Акуловіч Леанід Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 331

АКУ́ЛЫ

(Selachorpha),

надатрад пласцінашчэлепных рыб. Аб’ядноўвае 8 атр., каля 250 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, большасць у трапічных морах, некаторыя ў рэках (Ганг, Амазонка). Найб. старажытныя з рыб, вядомы з сярэдзіны дэвону.

Цела акулы верацёнападобнае, ад 20—30 см у некат. куніцавых (Triakidae) і катранавых (Squalidae) да 20 м (масай да 14 т) у гіганцкай (Cetorhinus maximus) і кітовай (Rhincodon typus). Луска плакоідная. Хваставы плаўнік магутны, гетэрацэркальны. Па баках галавы 5 (зрэдку 6—7) шчэлепных адтулін. Рот ніжні, зубы добра развітыя. Шкілет храстковы, плавальнага пузыра няма. Большасць драпежнікі (асобныя нападаюць на чалавека), некаторыя планктонафагі. Жыва-, яйцажыва- або яйцанараджальныя. Плоднасць ад 2 да 100 эмбрыёнаў. Аб’екты промыслу.

т. 1, с. 216

АКУЛЬТУРАЦЫЯ,

працэс і вынік узаемаўплыву культур; успрыманне адной з іх элементаў і каштоўнасцяў іншай. Як спецыфічны аб’ект даследавання вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. ў працах англ. і амер. этнографаў і сацыёлагаў. Ф.Боас, М.Мід, Б.Маліноўскі, Р.Рэдфілд і інш. вучоныя вылучалі ў акультурацыі донарскія і рэцыпіентныя групы ў культурным кантэксце (пераважна на прыкладзе ўздзеяння «белай» амер. культуры на індзейцаў, неграў, мексіканцаў, якія жывуць у ЗША). Было выяўлена, што рэцыпіентная культура ажыццяўляе адбор культ. каштоўнасцяў праз прызму сваіх своеасаблівасцяў, пры гэтым адны з іх адаптуе, другія адштурхоўвае. Праблема акультурацыі набывае актуальнасць у сувязі з працэсам нац.-культ. адраджэння Беларусі і неабходнасцю больш глыбокага вызначэння самабытнасці і своеасаблівасці культуры бел. народа, на якую моцна паўплывалі працэсы паланізацыі і русіфікацыі, а таксама ўзаемадзеяння яе з культурамі народаў Расіі, Польшчы, Літвы і інш.

Літ.:

Бахта В.М. Проблема аккультурации в современной этнографической литературе США // Современная американская этнография. М., 1963.

Я.М.Бабосаў.

т. 1, с. 216

АКУЛЬТУ́РВАННЕ ГЛЕ́БЫ,

павышэнне ўрадлівасці глебы з дапамогай агратэхн., аграхім. і меліярац. мерапрыемстваў. Акультурваюць паглыбленнем ворнага гарызонту, сістэм. апрацоўкай, угнойваннем, вапнаваннем або гіпсаваннем, рэгуляваннем воднага рэжыму. Праводзяць на глебах з нізкай прыроднай урадлівасцю. Ва ўмовах Беларусі водны рэжым рэгулююць асушэннем і арашэннем, адвядзеннем паверхневых водаў, баразнаваннем, рыхленнем падворнага гарызонту, унясеннем мікраўгнаенняў, увядзеннем севазваротаў з шматгадовымі травамі. Глебы, схільныя да воднай і ветравой эрозіі, аруць упоперак схілаў, на іх робяць перарывістае баразнаванне, залужэнне, садзяць лясныя палосы і інш. На землях, парушаных у выніку с.-г. работ, праводзіцца рэкультывацыя, ствараецца новы ворны гарызонт.

Літ.:

Кулаковская Т.Н. Почвенно-агрохимические основы получения высоких урожаев. Мн., 1978.

т. 1, с. 216

АКУЛЬТЫ́ЗМ

(ад лац. occultus патаемны, скрыты),

агульная назва ідэаліст. вучэнняў і поглядаў, што прызнаюць існаванне звышнатуральных, не даступных навук. даследаванню феноменаў і сіл у чалавеку і космасе. Да акультных вучэнняў адносяць магію, астралогію, спірытызм, тэасофію, парапсіхалогію, тэлепатыю, ёга і інш. У філас. плане блізкі да гілазаізму і пантэізму. Вядомы з часоў антычнасці. На розных этапах развіцця культуры быў у складаных узаемаадносінах з навукай, філасофіяй, рэлігіяй, мастацтвам.

т. 1, с. 216