Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРГАНІ́ЧНАЯ БУДО́ВА КАПІТА́ЛУ,

адносіны паміж вартасцю пастаяннага капіталу і вартасцю пераменнага капіталу, катэгорыя марксісцкай палітэканоміі. Адлюстроўвае тэхн. склад капіталу: колькасныя адносіны сродкаў вытв-сці да рабочай сілы. Чым больш машын, абсталявання, матэрыялаў і інш. сродкаў вытв-сці прыпадае на аднаго рабочага, тым арганічная будова капіталу і яго тэхн. будова вышэйшыя. З развіццём вытворчасці, паскарэннем тэмпаў навуковатэхн. прагрэсу гэты паказчык павялічваецца. Гэта азначае, што доля жывой працы змяншаецца, а доля мінулай працы расце, у выніку прадукцыйнасць працы павышаецца.

т. 1, с. 467

АРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

галіна хіміі, якая вывучае злучэнні вугляроду з інш. элементамі (арганічныя злучэнні) і іх ператварэнні. Займаецца сінтэзам і вызначэннем структуры арган. злучэнняў, вывучэннем сувязі хім. будовы рэчываў з рэакц. здольнасцю і фіз. ўласцівасцямі, практ. выкарыстаннем. Падзяляецца на стэрэахімію, хімію высокамалекулярных злучэнняў, прыродных рэчываў (антыбіётыкаў, вітамінаў, гармонаў і інш.), металаарган., фторарган., комплексных злучэнняў, фарбавальнікаў. Цесна звязана з біяхіміяй, медыцынай, біялогіяй, арган. геахіміяй, малекулярнай біялогіяй і інш. галінамі навук.

З’явілася ў пач. 19 ст. ў выніку абагульнення ведаў пра ўласцівасці рэчываў жывёльнага і расліннага паходжання і ўяўленняў таго часу аб жыццёвай сіле (vis vitalis), якая быццам бы стварае арган. рэчывы толькі ў жывых арганізмах. Тэрмін «арганічная хімія» ўведзены Ё.Берцэліусам (1827). Сінтэз мачавіны (Ф.Вёлер; 1828), аніліну (М.М.Зінін; 1842), воцатнай кіслаты (А.Кольбе; 1845), рэчываў тыпу тлушчаў (П.Бертло; 1854), цукрыстага рэчыва (А.М.Бутлераў; 1861) паказаў магчымасць штучнага атрымання арган. рэчываў. З 2-й чвэрці 19 ст. пачалі развівацца тэарэт. ўяўленні арганічнай хіміі, у т. л. тэорыя радыкалаў (Ю.Лібіх, Вёлер, Э.Франкленд, Р.Бунзен), тэорыя тыпаў (Ж.Дзюма, Ш.Жэрар і О.Ларан), паняцце пра валентнасць хім. элементаў, чатырохвалентнасць вугляроду і здольнасць яго атамаў ствараць складаныя малекулы. Абгрунтаваная ў 1861 Бутлеравым хімічнай будовы тэорыя прапанавала існаванне сувязі паміж будовай і ўласцівасцямі арган. злучэнняў, растлумачыла з’яву прасторавай ізамерыі арган. злучэнняў. А.Кекуле ў 1865 створана тэорыя будовы араматычных злучэнняў (на прыкладзе бензолу); у 1874 Я.Вант-Гоф і Ж.Ле Бель заклалі асновы стэрэахіміі, вылучылі аптычную ізамерыю і геаметрычную ізамерыю арган. рэчываў. Развіццё арганічнай хіміі ў пач. 20 ст. звязана з дасягненнямі квантавай фізікі і электронных тэорый хім. сувязі. Вызначаны тыпы хім. сувязі; Г.Льюіс, В.Косель, К.Інгалд, Л.Полінг распрацавалі і дапоўнілі ўяўленнямі квантавай хіміі і квантава-хімічнымі разлікамі электронную тэорыю будовы арган. злучэнняў, прадказалі і растлумачылі арганічнай хіміі рэакцыйную здольнасць. У 2-й пал. 20 ст. пачалося станаўленне фізічнай арганічнай хіміі, у якой абагульнены ўяўленні па механізмах рэакцый і сувязі паміж структурай арган. злучэнняў і іх рэакц. здольнасцю; шырокае выкарыстанне ў даследаваннях храматаграфіі, рэнтгенаскапіі, масспектраскапіі, метадаў ЭПР, ЯМР, ІЧ- і УФ-спектраскапіі. Сінтэзаваны новыя класы крэмнійарган. злучэнняў (полісілаксаны), поліаміды (нейлон), фторпалімеры (тэфлон), цэнавыя злучэнні пераходных металаў (ферацэн), фізіялагічна актыўныя злучэнні, лекавыя прэпараты, атрутныя рэчывы, сродкі аховы раслін, антыпірэны. Метады арганічнай хіміі разам з фіз. метадамі даследавання выкарыстоўваюцца ў вызначэнні будовы нуклеінавых кіслотаў, бялкоў, складаных прыродных злучэнняў, з дапамогай матэм. мадэлявання ажыццяўляецца мэтанакіраваны сінтэз арган. рэчываў з зададзенымі ўласцівасцямі. Магчымасці арганічнай хіміі дазволілі сінтэзаваць хларафіл, вітамін B12 (Р.Вудварт), полінуклеатыды (А.Тод), распрацаваць аўтаматызаваны сінтэз ферментаў. Сучаснае дасягненне арганічнай хіміі ў геннай інжынерыі — сінтэз актыўнага гена (Х.Каран; 1976). Выкарыстанне дасягненняў арганічнай хіміі прывяло да стварэння тэхналогій вытв-сці сінт. каўчукаў, пластычных масаў, сінт. валокнаў, фарбавальнікаў, кінафотаматэрыялаў, атрутных рэчываў, сродкаў аховы раслін, духмяных рэчываў, лек. прэпаратаў.

На Беларусі даследаванні па арганічнай хіміі пачаліся ў 1924 у БДУ і вядуцца ў ін-тах фізіка-арган. і біяарган. хіміі АН, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, с.-г., мед. і інш. НДІ. Сінтэзаваны і вывучаны ператварэнні металаарган., поліхлорарган., пераксідных злучэнняў, ацыклічных і гетэрацыклічных злучэнняў, стэроідаў, гетэрастэроідаў, простагландзінаў, нуклеатыдаў, тэрпеноідаў. Буйнейшыя прадпрыемствы: ВА «Палімір» (г. Наваполацк), ВА «Азот» (г. Гродна), Магілёўскі камбінат сінт. валокнаў.

Літ.:

Несмеянов А.Н., Несмеянов Н.А. Начала органической химии. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1974;

Нейланд О.Я. Органическая химия. М., 1990.

К.Л.Майсяйчук.

т. 1, с. 467

АРГАНІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў сацыялогіі, кірунак у зах. сацыялогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., звязаны са спробамі тэарэт. абгрунтаваць сутнасць і развіццё грамадства на аснове аналогіі з прыродай жывога арганізма. Абапіраючыся на дасягненні біялогіі (клетачнай будовы арганізмаў і эвалюцыйнай тэорыі Дарвіна), імкнулася, каб сацыялогія заняла прамежкавае месца паміж прыродай чалавека і чалавечым грамадствам. Асобныя прынцыпы такой тэорыі вядомы яшчэ ў сац.-філас. канцэпцыях Платона, Арыстоцеля, Гобса, Мантэск’е і інш. У поглядах Кона і Спенсера ідэя біял. рэдукцыянізму набыла больш выразны сацыялагічны характар. Класічныя прадстаўнікі школы А.Шэфле (Германія), Р.Вормс і А.Эспінас (Францыя), П.Ліліенфельд (Расія) сцвярджалі, што грамадства і ёсць арганізм, атаясамліваючы чалавека з клеткай, сац. інстытуты з яго органамі (напр., урад з галаўным мозгам, трансп. зносіны з кровазваротам, сувязь з нерв. сістэмай і г.д.). Сац. канфлікты яны зводзілі да хвароб, а іх прафілактыку і лячэнне звязвалі з «сацыяльнай гігіенай». Падобныя аналогіі стваралі бачнасць тэарэт. вырашэння сац. праблем, але не давалі адказаў на шматлікія пытанні, з якімі сутыкаліся і навукоўцы, і практыкі (палітыкі, эканамісты, кіраўнікі і г.д.). Таму да пач. 20 ст. ідэі арганічнай школы саступілі месца больш строгім тэарэт. канцэпцыям, якія арыентуюцца на вывучэнне грамадства як больш складанай і самаст. сістэмы.

Літ.:

Вормс Р. Биологические принципы в социальной эволюции: Пер. с фр. Киев, 1912;

История социологии. Мн., 1993.

Е.М.Елсукоў.

т. 1, с. 468

АРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

вуглевадародныя злучэнні і іх вытворныя. Падзяляюцца на ацыклічныя злучэнні, карбацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні, Араматычныя злучэнні) і гетэрацыклічныя злучэнні. Уласцівасці арганічных злучэнняў вызначаюцца прыродай замяшчальнікаў у вугляродным ланцугу ці цыкле, функцыянальных груп і наяўнасцю кратных сувязяў.

Арганічныя злучэнні, якія адрозніваюцца колькасцю CH2-груп, утвараюць гамалагічныя шэрагі, напр. метан (CH4), этан (C2H4), прапан (C3H8) і інш.; злучэнні з аднолькавым лікам атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі — генетычныя шэрагі, напр. этан (C2H6), этылхларыд (C2H5Cl), этанол (C2H5OH), ацэтальдэгід (CH3CHO), воцатная к-та (CH3COOH) і інш. Паводле характару элементаў, якія ўтвараюць сувязь з атамам вугляроду, адрозніваюць галаген-, кісларод-, сера- і азотзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў, шэраг элементаарганічных злучэнняў, у т. л. металаарганічных злучэнняў. Арганічныя злучэнні даследуюцца арганічнай хіміяй.

т. 1, с. 468

АРГАНІ́ЧНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

угнаенні, у якіх ёсць пажыўныя для раслін хім. элементы пераважна ў форме арган. злучэнняў расліннага ці жывёльнага паходжання. Да арганічных угнаенняў адносяцца гной, гнойная жыжка і птушыны памёт, таксама кампосты (сумесі на аснове гною з торфам, фасфатнай мукой), торф, глей (сапрапель), зялёныя ўгнаенні, сцёкавыя воды і інш. адходы прам-сці і камунальнай гаспадаркі. Забяспечваюць расліны азотам, фосфарам, каліем, неабходнымі мікраэлементамі, паляпшаюць фіз. і фіз.-хім. ўласцівасці глебы, яе водны і паветраны рэжым, змяншаюць шкоднае ўздзеянне кіслотнасці на расліны, актывуюць жыццядзейнасць азотфіксавальных бактэрый. Перапрэлы гной (пры вільготнасці 75%) мае (у %): азоту (N) 0,5, фосфару (P2O5) 0,25, калію (K2O) 0,6, кальцыю (CaO) 0,7; курыны памёт (пры вільготнасці 56%) 2,2; 1,8; 1,1; 2,4 адпаведна. Калій і натрый у арганічных угнаеннях больш засваяльныя, чым у мінеральных угнаеннях. Праз арганічныя ўгнаенні ажыццяўляецца кругаварот пажыўных рэчываў: глеба — расліны — жывёла — расліны — глеба.

т. 1, с. 468

АРГАНІ́ЧНЫ СТАТУ́Т КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАГА 1832

(«Органический статут» 1832),

прававы акт, уведзены рас. ўладамі пасля задушэння паўстання 1830—31 у Каралеўстве Польскім замест скасаванай канстытуцыі 1815. Выдадзены 26.2.1832 у Пецярбургу царом Мікалаем I. Паводле статута тэр. Каралеўства ўключалася ў склад Рас. імперыі, скасоўваліся асобны акт каранацыі цара ў Варшаве, сейм і частка ўрадавых камісій, польск. армія, але захоўваліся аўтаномныя польскія ўстановы (намесніцтва, адм. і дзярж. саветы і інш.), польск. мова ва ўстановах і ў школах і інш. Дэклараваныя статутам элементы польск. аўтаноміі па меры ўвядзення ў Каралеўстве адм. нормаў Рас. імерыі былі ліквідаваны (напр., Дзярж. савет у 1841).

т. 1, с. 468

АРГАНО́ІДЫ

(ад грэч. organon прылада, інструмент + eidos від),

пастаянныя спецыялізаваныя цытаплазматычныя структуры жывёльнай ці расліннай клеткі, што выконваюць пэўную функцыю. Да іх адносяцца мітахондрыі, комплекс Гольджы, рыбасомы, эндаплазматычная сетка, клетачны цэнтр, мікратрубачкі, філаменты, лізасомы і інш., у раслінных клетках — пластыды. Спецыяльныя арганоіды — цытаплазматычныя структуры, што выконваюць спецыфічную функцыю пэўнага тыпу клетак (міяфібрылы, тонафібрылы, базафільнае рэчыва нейрона). Іх часта наз. арганеламі.

т. 1, с. 468

А́РГАС,

Аргус, у грэчаскай міфалогіі велікан, сын Геі. Цела Аргаса пакрыта мноствам вачэй (паводле інш. міфаў, 100 ці 4 вокі), прычым спалі адначасова толькі 2. Гера даручыла Аргасу пільнаваць каханку Зеўса Іо, якую ператварыла ў карову. Паводле загаду Зеўса Аргас быў забіты Гермесам.

т. 1, с. 468

А́РГАС

(Argos),

горад у Грэцыі на п-ве Пелапанес. Засн. ў пач. 2-га тыс. да н.э. У 15—14 ст. да н.э. адзін з цэнтраў ахейскага аб’яднання. Пасля захопу яго ў 12—11 ст. да н.э. дарыйцамі гал. сапернік Спарты. Дасягнуў росквіту ў час праўлення тырана Федона (7 ст. да н.э.), які першы ў Грэцыі пачаў чаканіць сярэбраную манету. У час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. захоўваў нейтралітэт. У 4 ст. да н.э. трапіў у залежнасць ад Македоніі. У 229 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. З 146 да н.э. пад уладай Рыма. У 297 і 395 н.э. разбураны готамі. У ант. часы з мастацкай школы Аргаса выйшлі грэч. скульптары Агелад, Паліклет, Палімед. Археал. раскопкі вядуцца з 1902.

т. 1, с. 468

АРГАТЫ́ЗМ

(франц. argotisma),

умоўнае або штучнае слова, якое выкарыстоўваецца ў мове замест агульнавядомага. Аргатызмы маюць вузкаспец. характар і знаходзяцца па-за межамі літ. мовы: напр., «філон» — гультай, «стукач» — даносчык, «хіляць» — ісці, «хвост» — акадэмічная запазычанасць і інш. Эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка, выразнае адценне зніжанасці або грубаватасці, уласцівае аргатызму, дазваляе карыстацца імі ў маст. творах для стварэння каларыту адпаведнага сац. асяроддзя, вобраза ці своеасаблівага камічнага эфекту.

І.Л.Бурак.

т. 1, с. 468