Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕРТРА́Н ДЭ БОРН

(Bertran de Born; каля 1140, замак Перыгор, гіст. вобл. Лімузен, Францыя — каля 1215),

правансальскі паэт-трубадур. Выдатны майстар сірвентэса — паліт., воінскай і дыдактычнай куртуазнай песні, што адлюстроўвала рыцарскі кодэкс годнасці, погляды і пачуцці дробнага рыцарства. Валодаў замкам Альтафорт, удзельнічаў ва ўсіх тагачасных паліт. падзеях і феад. спрэчках. Паводле падання, быў адным з гал. віноўнікаў міжусобіцы на франц. землях сярод членаў каралеўскай сям’і Плантагенетаў. І хоць паданне не зусім адпавядала рэчаіснасці, Дантэ змясціў Бертрана дэ Борна як зласлівага дарадцу ў 8-е кола пекла, дзе той паўстае з адсечанай галавой у руцэ («Боская камедыя», Пекла, XXVIII, 118—122). Вельмі бурлівае, поўнае авантур жыццё паэта скончылася ў манастыры.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] Поэзия трубадуров;

Поэзия миннезингеров;

Поэзия вагантов. М., 1974.

Літ.:

Смирнов А.А. Лирика трубадуров и труверов // История зарубежной литературы: Средние века и Возрождение. 4 изд. М., 1987;

Ковалева Т.В. Рыцарская (куртуазная) литература // Ковалева Т.В., Лапин И.Л., Паньков Н.А. Литература Средних веков и Возрождения. Мн., 1988.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 123

БЕРТЫЛЬЁН,

Бертыён (Bertillon) Альфонс (22.4.1853, Парыж — 13.2.1914), французскі крыміналіст. Распрацаваў сістэму прыёмаў раскрыцця злачынства — судовую ідэнтыфікацыю, якая да пач. 20 ст. наз. бертыльянаж; потым выцеснена дактыласкапіяй. Удзельнічаў у суд. працэсе па справе Дрэйфуса ў якасці эксперта і даў памылковае заключэнне, па якім той быў асуджаны.

т. 3, с. 123

БЕРУГЕ́ТЭ

(Berruguete),

сям’я іспанскіх мастакоў 15—16 ст. Нарадзіліся ў г. Парэдэс-дэ-Нава (Іспанія).

Педра (каля 1450—1504), жывапісец. У 1475—82 працаваў у г. Урбіна (Італія), з 1483 — у Іспаніі. У сваіх карцінах (сцэны з жыцця св. Фамы) сумяшчаў навук. перспектыву і ўважлівае назіранне з сярэдневяковай статычнасцю позаў, а часам і з рознамаштабнасцю фігур.

Алонса (каля 1486—13.9.1561), скульптар, архітэктар, жывапісец. Сын і вучань Педра. Прадстаўнік ісп. Адраджэння. Каля 1504—17 вучыўся ў Італіі ў Мікеланджэла, з 1518 працаваў у Іспаніі. Яго скульптуры (пераважна алтарныя) адметныя экспрэсіяй і павышанай эмацыянальнасцю («Святы Себасцьян», 1526—32; «Ператварэнне», 1543-48).

т. 3, с. 123

БЕРУЛА́ВА Хута Міхайлавіч

(н. 10.12.1924, г. Зугдыды, Грузія),

грузінскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Друкуецца з 1941. Піша на груз. і рус. мовах. Аўтар зб-каў вершаў «Дні» (І950), «Гэтыя дваццаць гадоў...» (1963), «Эпітафія дойліду Светыцхавелі» (1974), «Родныя імёны: Успаміны» (1979), паэм «Рускае сэрца» (1950), «Калхецкая легенда» (1943—55), «Бурная цішыня» (1981) і інш. У творах каларытныя карціны прыроды, жыцця і побыту грузінскай вёскі. Піша для дзяцей. На груз. мову пераклаў творы Г.Бураўкіна, А.Грачанікава. Беларусі прысвяціў паэму «Хвалі Нёмана. Дванаццаць песень пра Беларусь» (1973). На бел. мову творы Берулавы перакладалі Р.Барадулін, А.Вольскі, Грачанікаў, Х.Жычка, В.Зуёнак, В.Лукша, У.Паўлаў, Я.Семяжон і інш.

т. 3, с. 123

БЕ́РУТ

(Bierut) Баляслаў (18.4.1892, Руры Езуіцкія, каля г. Люблін, Польшча — 12.3.1956),

палітычны і дзярж. дзеяч Польшчы. З 1912 удзельнік рэв. руху. З 1918 у Камуніст. партыі Польшчы. У 1930—32 дзеяч Камуніст. Інтэрнацыянала ў Аўстрыі, Чэхаславакіі і Балгарыі. У 1933—39 зняволены ў польск. турму. У час 2-й сусв. вайны ў падполлі ў Мінску, Кіеве, Беластоку (1939—44). У 1944—47 старшыня Краёвай Рады Нарадовай. У 1947—52 прэзідэнт ПНР і старшыня Дзярж. савета. У 1952—54 старшыня Савета Міністраў. З снеж. 1948 старшыня, з сак. 1954 першы сакратар ЦК ПАРП. Пры Беруце праводзілася прасавецкая палітыка ў Польшчы.

т. 3, с. 123

БЕ́РХТЭСГАДЭН

(Berchtesgaden),

горнакліматычны курорт у Германіі паблізу граніцы з Аўстрыяй (на. Пд ад г. Зальцбург). Размешчаны ў міжгорнай катлавіне Усх. Альпаў. Як курорт і цэнтр турызму развіваецца з 19 ст. Мяккая зіма і цёплае лета, ахаванасць ад вятроў, насычанае азонам чыстае паветра ствараюць умовы, спрыяльныя для лячэння неспецыфічных хвароб органаў дыхання, малакроўя, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы. Цэнтр зімовага спорту.

т. 3, с. 123

БЕ́РЦА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абабіца, за 20 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,42 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 3,83 км. Пл. вадазбору 9 км².

Схілы катлавіны ў ніжняй частцы стромкія, пясчаныя, парослыя лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пн і Пд нізкія, пад лесам. Дно плоскае, да глыб. 2 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадае ручай, пратокай злучана з воз. Дубра.

т. 3, с. 123

БЕРЦЬЕ́

(Berthier) Луі Аляксандр (20.11.1753, г. Версаль, Францыя — 1.6.1815),

ваенны і дзярж. дзеяч Францыі, маршал (1804). Удзельнік вайны за незалежнасць ЗША (1775—83). З 1789 нач. штаба нац. гвардыі Версаля. У 1792—95 удзельнічаў у задушэнні мяцяжоў у Вандэі. У 1796—97 нач. штаба, у 1797—98 камандуючы франц. Італьянскай арміяй. Ваенны міністр (1799, 1801—07) і нач. штаба пры Напалеоне. З 1814 на службе ў Людовіка XVIII. Распрацаваў асновы штабной службы, прынятыя пазней усімі еўрап. Арміямі. У час «ста дзён» Напалеона скончыў самагубствам.

т. 3, с. 123

БЕРЦЭ́ЛІУС

(Berzelius) Ёнс Якаб (20.8.1779, Веверсунда, каля г. Лінчэпінг, Швецыя — 7.8.1848),

шведскі хімік і мінералог. Чл. Каралеўскай шведскай АН (1808), яе прэзідэнт (1810—18). Скончыў Упсальскі ун-т (1801). У 1802—32 працаваў у Медыка-хірургічным ін-це ў г. Стакгольм. Адкрыў хім. элементы цэрый, селен, торый. Стварыў электрахім. тэорыю хім. роднасці, на яе аснове пабудаваў класіфікацыю элементаў, злучэнняў і мінералаў. Вызначыў ат. масы 45 хім. элементаў, увёў сучасныя сімвалы хім. элементаў, прапанаваў тэрмін «каталіз». Аўтар падручнікаў па хіміі.

Літ.:

Соловьев Ю.И., Курнной В.И. Якоб Берцелиус: Жизнь и деятельность. 2 изд. М., 1980.

т. 3, с. 124

БЕ́РШТАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

Бярштанскае возера, у Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Котра, за 36 км на ПнЗ ад г. Шчучын. Пл. 1,68 км², даўж. 3,36 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 17 м. Пл. вадазбору 43 км².

Схілы тэрасаваныя, разараныя, месцамі парэзаныя ярамі, частка пад хваёвым лесам. Берагі стромкія, паўд.-ўсх. спадзістыя. Дно сапрапелістае. З астравы агульнай пл. 0,09 га. Каля берагоў і на водмелях зарастае. Пратокай злучана з р. Котра, упадаюць р. Рудна і меліярац. канал.

т. 3, с. 124