Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ,

стварэнне аптымальнай сістэмы працоўнай дзейнасці людзей. Сутнасць арганізацыі працы ў межах асобнага прац. калектыву — у рацыянальным выкарыстанні рабочай сілы. Уключае: падбор і прафес. падрыхтоўку кадраў; аптымальную расстаноўку работнікаў у адпаведнасці з падзелам і кааперацыяй працы і вытв. задачамі; арганізацыю рабочых месцаў; нарміраванне, дысцыпліну і стымуляванне працы. Для эфектыўнага выкарыстання рабочай сілы ў вытв. працэсе ўводзіцца навуковая арганізацыя працы. Грамадская арганізацыя працы звязана з многімі фактарамі ў краіне: умовамі занятасці насельніцтва, падзелам і кааперацыяй працы, размеркаваннем яе вынікаў паміж членамі грамадства і інш.

т. 1, с. 466

«АРГАНІЗА́ЦЫЯ ТО́ТА»,

паўваенная спецыялізаваная арг-цыя ў фаш. Германіі ў 1938—45 (назва ад прозвішча яе заснавальніка — нацыста інжынера Ф.Тота). У 2-ю сусв. вайну займалася буд-вам і рамонтам шашэйных дарог, мастоў, аэрадромаў, умацаванняў і іншых ваен. аб’ектаў, у т. л. на акупіраванай Беларусі. Летам 1941 падраздзяленні «Арганізацыі Тота» рухаліся за наступаючымі ням. войскамі, аднаўлялі разбураныя камунікацыі, выкарыстоўваючы працу ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва. У 1943—44 арг-цыя ўдзельнічала ў стварэнні герм. стратэгічнага абарончага рубяжа — «Усходняга вала» па лініі р. Нарва—Пскоў—Віцебск—Орша—сярэдняе цячэнне р. Дняпро — рэкі Сож і Малочная. Падраздзяленні «Арганізацыі Тота» існавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Слуцку і ў інш. нас. пунктах.

т. 1, с. 466

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЎКРАІ́НСКІХ НАЦЫЯНАЛІ́СТАЎ

(АУН),

украінская паліт. арганізацыя. Створана ў 1929 Я.Канавальцам. У сваёй праграме абвяшчала непрымірымыя адносіны да камунізму. Паставіла сябе над інш. ўкр. партыямі і рухамі, пачаўшы з імі барацьбу. Імкнулася пры дапамозе ўсенар. паўстання аб’яднаць усе ўкр. землі ва Укр. Самастойную Саборную Дзяржаву (УССД). У 1940 з-за ўнутр. рознагалоссяў распалася на АУН (м) — мельнікаўцаў і АУН (б) — бандэраўцаў (паводле прозвішчаў кіраўнікоў — А.Мельніка і С.Бандэры). На пач. 2-й сусв. вайны выступіла супраць Польшчы, потым супраць СССР на баку Германіі. Пасля адмовы гітлераўскіх уладаў прызнаць Акт аднаўлення Украінскай Дзяржавы (30.6.1941) АУН (б) перайшла ў апазіцыю да акупац. рэжыму, разгарнула супраць яго прапаганду. На гэта фашысты адказалі арыштамі і расстрэламі бандэраўцаў. Мельнікаўцы стаялі на змоўніцкіх пазіцыях да фашыстаў. Вясной 1943 АУН (б) абвясціла стратэгію «двухфрантавой» барацьбы супраць Берліна і Масквы — «Украінская паўстанцкая армія» («УПА») пачала на Валыні і бел.-ўкр. Палессі дзеянні супраць гітлераўцаў і сав. партызанаў. З 1944 гал. сілы АУН разгарнулі антысав. барацьбу, якая ахапіла пераважна зах. вобласці Украіны і працягвалася да сярэдзіны 1950-х г. Пасля вайны асн. кадры абедзвюх частак АУН былі ў эміграцыі. З абвяшчэннем дзярж. суверэнітэту Украіны ў 1991 АУН перанесла сваю дзейнасць на радзіму і скіравала яе на пабудову дэмакр., паліт. і эканам. незалежнай укр. дзяржавы.

А.В.Кенцій.

т. 1, с. 466

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРАЛЬНААМЕРЫКА́НСКІХ ДЗЯРЖА́Ў

(Organization Central American States; АЦАД),

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Цэнтр. Амерыкі. Створана ў 1951. Аб’ядноўвае Гандурас, Гватэмалу, Коста-Рыку, Нікарагуа, Сальвадор. Статут прадугледжвае магчымасць далучэння Панамы. Паводле Хартыі 1965 мэта арг-цыі — узаемадапамога, эканам., сац. і паліт. супрацоўніцтва ў Цэнтр. Амерыцы. Вышэйшыя органы — нарады кіраўнікоў краін-удзельніц і міністраў замежных спраў. Штаб-кватэра ў Сан-Сальвадоры.

т. 1, с. 466

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАГА ДАГАВО́РУ

(The Central Treaty Organization; СЕНТО),

ваеннапалітычная арганізацыя на Б. і Сярэднім Усходзе ў 1955—79, да сак. 1959 наз. Арг-цыя Дагавору Блізкага Усходу. Дагавор аб яе стварэнні падпісаны ў 1955 у Багдадзе (Багдадскі пакт). Уваходзілі Ірак (выйшаў у 1958), Іран, Пакістан, Турцыя і Вялікабрытанія, у 1959 далучыліся ЗША. Пасля выхаду з СЕНТО Ірана і Пакістана (1979) па ініцыятыве Турцыі арг-цыя спыніла сваю дзейнасць.

т. 1, с. 466

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАГА СУПРАЦО́ЎНІЦТВА І РАЗВІЦЦЯ́

(Organization for Ekonomic Cooperation and Development; АЭСР),

міждзяржаўная арг-цыя. Створана ў 1961 у Парыжы. Уваходзяць 18 еўрап. краін, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, Турцыя (1994). Асн. мэты арг-цыі — імкненне да эканам. росту, павышэння ўзроўню жыцця і занятасці насельніцтва, падтрыманне фін. стабільнасці праз лібералізацыю міжнар. гандлю і руху капіталу, праз каардынацыю эканам. дапамогі менш развітым краінам. Кожная краіна-ўдзельніца прадстаўлена пастаяннай дэлегацыяй у Савеце АЭСР. Штаб-кватэра ў Парыжы.

т. 1, с. 467

АРГАНІЦЫ́ЗМ,

вучэнне, што растлумачвае прыродныя і сац. з’явы (працэсы) па аналогіі з біял. будовай арганізма. У яго аснову пакладзены прынцып біял. цэласнасці, які раскрывае найважнейшыя асаблівасці развіцця жывога (арганізм як цэласная сістэма, развіццё да ўсё больш складанай арганізацыі, іерархічная ўпарадкаванасць, адносная ўстойлівасць і самарэгуляцыя). Тэрмін «арганіцызм» уведзены ў 1918 англ. фізіёлагам Дж.С.Холдэйнам, які разам са сваімі паслядоўнікамі (Дж.Вуджэр, Г.Шаксель, Д.В.Харыс і інш.) гал. ўвагу канцэнтраваў на праблеме арган. цэласнасці. Пазней аўстр. біёлаг Л. фон Берталанфі ў сваёй тэорыі эквівалентных сістэм (1930-я г.) дапоўніў канцэпцыю арганіцызму палажэннем пра арганізмы як высокаарганізаваныя адкрытыя сістэмы, што знаходзяцца ў стане дынамічнай раўнавагі з асяроддзем. Ідэі арганіцызму атрымалі развіццё ў агульнай тэорыі сістэм, у кібернетыцы, тэорыі інфармацыі і інш.

Г.І.Шчарбіцкі.

т. 1, с. 467

АРГАНІ́ЧНАЕ ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,

гл. Біялагічнае выветрыванне.

т. 1, с. 467

АРГАНІ́ЧНАЕ ШКЛО,

гл. Шкло арганічнае.

т. 1, с. 467

АРГАНІ́ЧНАЯ АРХІТЭКТУ́РА,

творчы кірунак, у аснове якога ляжыць прынцып падпарадкавання формы архітэктурнага твора яго зместу. Узнікла ў 1-й пал. 20 ст. як рэакцыя супраць акадэмізму, рацыяналізму і эклектыкі. Ідэі арганічнай архітэктуры закладзены ў 1890-я г. амер. арх. Л.Салівенам, развіты ў тэорыі і практыцы буд-ва яго вучнем Ф.Л.Райтам. Канцэпцыі арганічнай архітэктуры зыходзяць з цеснай сувязі архітэктуры з прыродай, грунтуюцца на бесперапыннасці арх. прасторы, на праектаванні «з сярэдзіны — да навакольнага асяроддзя», рацыянальным выкарыстанні якасцяў буд. матэрыялаў, увядзенні элементаў нар. творчасці; сама функцыя будынка не абмяжоўвалася тэхнал. і фізіял. фактарамі, а ўключала і эстэтычны, таму арх. твор уяўляў сабой цэласны арганізм.

Пад уздзеяннем ідэй арганічнай архітэктуры склаліся рэгіянальныя арх. школы ў сканд. краінах (творчасць А.Аалта і інш.); у ЗША прынцыпы арганічнай архітэктуры выкарыстоўвала т.зв. каліфарнійская школа на чале з Р.Нейтрай. У 1940-я г. тэорыя падхоплена ў Італіі арх. Б.Дзэві; у 1945 у Рыме створана група АРАО (Associazione per Architettura Organica, Асацыяцыя арганічнай архітэктуры), якая падкрэслівала гуманіст. кірунак асн. палажэнняў арганічнай архітэктуры. Дыяпазон арганічнай архітэктуры быў абмежаваны гал. чынам буд-вам асабнякоў, вілаў, загарадных атэляў; у 1960-я г. арганічная архітэктура растварылася сярод рацыяналістычных кірункаў архітэктуры. Прынцыпы формаўтварэння, выпрацаваныя арганічнай архітэктурай, выкарыстоўваюцца ў бел. архітэктуры.

Літ.:

Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. з англ. М., 1960;

Zevi B. Towards an organic architecture. London, 1950.

т. 1, с. 467