Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БРАЎН ((Brown) Джон) (9.5.1800, г. Торынгтан, штат Канектыкут, ЗША — 2.12.1859),

адзін з лідэраў абаліцыянісцкага руху ў ЗША (гл. Абаліцыянізм). У 1855—56 арганізаваў узбр. барацьбу супраць рабаўладальнікаў у штаце Канзас. Распрацаваў план стварэння ў Алеганскіх гарах (штат Віргінія) свабоднай рэспублікі, склаў праект яе дэмакр. «Часовай канстытуцыі». З мэтай ажыццяўлення плана 16.10.1859 Браўн з узбр. атрадам захапіў урадавы арсенал у Харперс-Феры. Атрад быў знішчаны, загінулі 2 сыны Браўна, а ён сам, цяжка паранены, быў арыштаваны і павешаны. Паўстанне Браўна папярэднічала Грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65.

т. 3, с. 250

БРАЎН, Броўн (Brown) Джордж (у манастве Юзаф; 1.6.1801—31.12.1879), гісторык, бібліёграф, педагог. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Пецярбурга і Полацка, Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1817 уступіў у ордэн езуітаў. З 1820 выкладаў тэалогію ў езуіцкіх калегіумах Цярнопаля і Львова. У 1861—70 супрацоўнічаў з час. «Tygodnik katolicki» («Каталіцкі штотыднёвік»), у якім друкаваў артыкулы па гісторыі Беларусі. Вывучаў гісторыю ордэна езуітаў на Беларусі і ў Польшчы. Стварыў біябібліягр. слоўнік на лац. мове «Бібліятэка пісьменнікаў польскай часткі таварыства Ісуса» (1856). Напісаў на лац. мове гісторыю езуітаў на Беларусі (не апубл., рукапіс захоўваецца ў архіве езуітаў у Рыме).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 3, с. 250

БРАЎН ((Brown) Майкл Сцюарт) (н. 13.4.1941, Нью-Йорк),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША, Амерыканскай акадэміі навук і мастацтва. Скончыў Пенсільванскі ун-т (1962). Д-р медыцыны (1966). З 1968 у Нац. ін-це артрытаў і абменных хвароб, з 1971 праф. у Тэхаскім ун-це, у 1980 г. дырэктар Цэнтра генет. хвароб у Паўд.-Зах. мед. школе Тэхаскага ун-та. Навук. працы ца механізме транспарту ліпідаў і рэгуляцыі халестэрынавага абмену ў арганізме чалавека і жывёл. Нобелеўская прэмія 1985 (разам з Дж.Л.Голдстайнам).

М.Браўн.

т. 3, с. 251

БРАЎН ((Braun) Маціяш Бернард) (25.2.1684, Эц, зямля Ціроль, Аўстрыя — 15.2.1738),

чэшскі скульптар. Прадстаўнік барока. Вучыўся ў Італіі, зазнаў уплыў Л.Берніні. Працаваў у Зальцбургу, з 1710 — у Празе. Асн. работы: скульпт. група з св. Луітгардай на Карлавым мосце (1710) і скульпт. аздабленне касцёла св. Клемента (1715—21) у Празе; скульпт. кампазіцыі касцёла і шпіталя, дэкар. статуі ў сядзібе Куке (каля Двур-Кралаве, 1712—19, 1726—29), скульптуры партала замка ў Канапішце (1720-я г.), статуя імператара Карла VI у Ярамержы (пасля 1724), св. Войцех на галоўным алтары касцёла ў Бенешаве (Чэхія, каля 1730).

Я.​Ф.​Шунейка.

М.Браўн. Святы Войцех на галоўным алтары касцёла ў Бенешаве (Чэхія). Каля 1730.

т. 3, с. 251

БРАЎН (Мікалай Леапольдавіч) (15.1.1902, с. Парахіна Арсеньеўскага р-на Тульскай вобл. — 12.2.1975),

рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1929). У зб-ках «Даліны Радзімы маёй» (1947), «Жывапіс» (1963), «Вехі часу» (1971), «Да вяршыні веку» (1975) адлюстраваў жыццё Радзімы, яе гісторыю, прыгажосць роднай зямлі. Пераклаў на рус. мову творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ф.​Багушэвіча, П.​Глебкі, А.​Куляшова, М.​Танка, П.​Панчанкі, В.​Таўлая і інш. На бел. мову творы Браўна пераклалі А.​Бялевіч, А.​Бачыла, С.​Грахоўскі, А.​Грачанікаў, А.​Зарыцкі, М.​Калачынскі, Ю.​Свірка.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Л., 1972;

Бел. пер. — Ленінградскае неба. Мн., 1977;

У кн.: Прызнанне: Вершы паэтаў Ленінграда. Мн., 1979.

Літ.:

Филиппов Г. Николай Браун: Жизнь и поэзия. Л., 1981.

т. 3, с. 251

БРА́ЎНЕР ((Brauner) Багуслаў) (8.5.1855, Прага — 15.2.1935),

чэшскі хімік, заснавальнік чэшскай хім. школы. Вучыўся ў Пражскай тэхн. школе. У 1882—1925 працаваў у Пражскім ун-це (з 1897 праф.). Навук. працы па пацвярджэнні і далейшым развіцці перыяд. закону Дз.​І.​Мендзялеева. Даказаў (1884) двухвалентнасць берылію. Устанавіў атамныя масы рэдказямельных элементаў (1903) і вызначыў іх месца ў перыяд. сістэме.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 68.

т. 3, с. 251

БРА́ЎНІНГ ((Browning) Роберт) (7.5.1812, Лондан — 12.12.1889),

англійскі паэт. Першая паэма «Паліна» (1833). Пра подзвіг служэння людзям паэмы «Парацэльс» (1835), «Сардэла» (1840). Вядомасць прынеслі драм. паэма «Піпа праходзіць» (1841), зб-кі «Драматычная лірыка» (1842), «Драматычныя паэмы» (1845). У 1846 пасяліўся ў Італіі. Там напісаў зб. «Мужчыны і жанчыны» (1855), псіхал. паэму «Пярсцёнак і кніга» (1868—69). Выкарыстоўваў форму драм. маналога, адметнага экспрэсіяй пачуццяў і філас. глыбінёй думкі (маналогі «Фра Ліпа Ліпі», «Андрэа дэль Сарта», абодва 1855). Зб. «Драматычныя ідыліі» (1879—80) склалі літ. стылізацыі. Аб’яднаў у сваёй творчасці эстэт. прынцыпы рамантызму і рэалізму (маст. маніфест «Пра паэта, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, аб мэтах апошняга, пра Шэлі, чалавека і паэта», 1851).

Тв.:

У кн.: Дьяконова Н.Я., Амелина Т.А. Хрестоматия по английской литературе XIX века. Л., 1978. С. 164—170;

Рус. пер. — у кн.: Английская поэзия в русских переводах XIV—XIX в. М., 1981. С. 418—425.

Літ.:

Клименко Е.И. Творчество Р.​Браунинга. Л., 1967.

П.​М.​Саркісава.

т. 3, с. 251

БРАЎНІ́Т (ад прозвішча ням. вучонага М.​Браўна),

мінерал класа аксідаў, аксід марганцу, Mn​2 + Mg​63 + Si12. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі біпірамідальныя і інш. Агрэгаты зярністыя. Колер чорны ці сталёва-шэры. Цв, 6—6,5. Крохкі. Шчыльн. 4,7—4,9 г/см³. Паводле паходжання метамарфічны, радзей гідратэрмальны, іншы раз трапляецца ў скарнах. Важная марганцавая руда.

т. 3, с. 251

БРАЎНШВА́ЙГ (Braunschweig),

горад у ФРГ, зямля (адм. адзінка) Ніжняя Саксонія. Засн. ў 11 ст. 192,1 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на р. Окер і Сярэднегерманскім канале. Машынабудаванне (у т. л. аўтамабілебудаванне, вытв-сць пішучых машынак, абсталявання для харч. прам-сці, эл.-тэхн.), оптыка-мех., тэкст., харч. (цукр., кансервавая) прам-сць; выраб муз. інструментаў. Ун-т. Музей герцага Антона Ульрыха. Арх. помнікі 12—16 ст.

т. 3, с. 251

БРАЎНШТЭ́ЙН (Аляксандр Яўсеевіч) (26.5.1902, г. Харкаў, Украіна — 1986),

савецкі біяхімік Акад. АН СССР (1964), АМН СССР (1945). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў Харкаўскі мед. ін-т (1925). З 1928 у мед. навук. установах Расіі, з 1960 у Ін-це малекулярнай біялогіі АН СССР. Навук. працы па абмене амінакіслот і хіміі ферментаў. Адкрыў рэакцыі пераамінавання і абгрунтаваў іх ролю пры азоцістым абмене. Распрацаваў (разам з М.М.Шамякіным, 1952) агульную тэорыю дзеяння ферментаў, якія маюць вітамін B6. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 3, с. 251