БЕЛАВУ́САВА-ПЯТРО́ЎСКАЯ Таццяна Паўлаўна
(н. 29.9.1950, Мінск),
бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-мастацкі ін-т (1972). Працуе пераважна ў галіне маст. ткацтва. Творчасць характарызуецца пошукамі выяўленчых магчымасцяў тэкстылю. Асн. работы: дэкар. тканіны «Святочная» (1972), «Натхненне» (1983), габелен-заслона «Нараджэнне планеты кветак» (1978), трыптыхі «Вясна» (1984), «Азёрны» (1986), дыптых «Каляровае паветра» (1988), габелен-скульптура «Лялька» (1989), габелены «А калі б магла» (1990), «Рэльефная кампазіцыя» (1991), «Кантрасты» (1995). Стварае ўзоры вырабаў для маст. прам-сці (абрусы, дарожкі, сурвэткі). Працуе таксама ў галіне пастэлі і малюнка.
т. 2, с. 381
БЕЛАВУ́САЎ Алег Паўлавіч
(н. 16.11.1945, г. Слуцк),
бел. мастацтвазнавец, дзеяч кінамастацтва. Скончыў БДУ (1966). Заснавальнік і мастацкі кіраўнік майстэрні мультфільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» (1975—89), анімацыйных студый (1989—95), віцэ-прэзідэнт кінавідэастудыі «Кадр-2» (з 1995). З 1963 выступае ў друку па праблемах бел. выяўл. мастацтва. Аўтар сцэнарыяў хранікальна-дакумент. і публіцыстычных фільмаў «Прафесар прыгажосці» (1972, з У.Бойкам), «Загадка Ф.Скарыны» (1973), «Развітальны вальс» (1977), «Задума» (1979), «Нераскрыты» (1992) і інш. Стваральнік анімацыйных фільмаў: «Казка пра вясёлага клоуна» (1980, рэжысёр), «Несцерка» (1978, аўтар сцэнарыя з В.Вольскім), аўтар сцэнарыяў і рэжысёр стужак «Песня пра зубра» (1983), «Вельмі стары чалавек» (1989), «Дэкамерон» (1994, і прадзюсер).
Л.Д.Фінкельштэйн.
т. 2, с. 381
БЕЛАВУ́САЎ Андрэй Мінавіч
(2.10.1906, в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобласці — 18.11.1976),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну партызан, з чэрв. 1944 на фронце, сапёр. Вызначыўся ў 1945: у студз. ў час прарыву варожай абароны зняў 42 міны, у лютым пераправіў цераз Одэр 400 скрынак боепрыпасаў, 1,5 т прадуктаў; у сак. з групай байцоў зрабіў 2 праходы ў мінных палях, зняў 150 мін; у крас. зрабіў праходы ў мінных палях, размініраваў шашу, узначаліў групу па буд-ве моста цераз канал, чым забяспечыў паспяховы праход сав. тэхнікі.
т. 2, с. 382
БЕЛАВУ́САЎ Іван Аляксеевіч
(9.12.1863, Масква — 7.1.1930),
рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1882. Аўтар вершаў і апавяданняў для дзяцей. У творах апяваў родную прыроду, працу простых людзей. Першая кн. перакладаў «З «Кабзара» Т.Шаўчэнкі» (1887). На рус. мову пераклаў вершы Р.Бёрнса, А.Негры, М.Канапніцкай, А.Ісаакяна. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.Купалы ў сав. час, складальнік і рэд. 1-га зб. вершаў паэта на рус. мове «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919).
Літ.:
Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981 С. 35—56.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 382
БЕЛАВУ́САЎ Мікалай Аляксеевіч
(н. 29.12.1925, г. Тамбоў, Расія),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1991), праф. (1994). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1962) і Армавірскі пед. ін-т (1967). З 1975 працуе ў БДУ. Працы па героіка-патрыятычным выхаванні моладзі, педагогіцы вышэйшай і сярэдняй спец. школы, удасканаленні пед. майстэрства настаўнікаў.
т. 2, с. 382
БЕЛАВУ́САЎ Павел Кірылавіч
(28.8.1915, г. Такмак, Украіна — 21.11.1980),
бел. скульптар. Скончыў Варашылаўградскае маст. Вучылішча (1939). З 1960 жыў у Мінску. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Творы адметныя дынамікай, пластычнасцю формы, лаканічнасцю выяўл. сродкаў. Аўтар помніка воінам Сав. Арміі і партызанам у калгасе «Камуніст» (Старадарожскі р-н Мінскай вобл., 1962); кампазіцый «Варатар» (1957), «Апошні бастыён» і «Мінчанка» (1958), «Хірург» (1962), «Салдаты, 1941 год» (1969), «Сяргей Ясенін» (1973), «Юрый Смірноў» і «А маці ўсё чакаюць» (1975); партрэтаў У.Маякоўскага (1957), А.Р.Саенкі (1975) і інш.
т. 2, с. 382
БЕЛАВУ́САЎ Уладзімір Пракопавіч
(н. 1.1.1921, в. Слабодка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1954). У 1954—83 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў мастацкія фільмы: «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з А.Грыгар’янцам), «Строгая жанчына» (1959), «Першыя выпрабаванні» (1960, з Ю.Булычовым), «Апавяданні пра юнацтва» (1961), «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Дзяменцьевым), «Рагаты бастыён» (1965), «Чужое імя» (1966), «І ніхто іншы» (1968), «Таму што кахаю» (1974), «Шлюбная ноч» (1980), «Дачка камандзіра» (1981, з У.Чарнышовым), «Кантрольная па спецыяльнасці» (1982); тэлефільмы: «Побач з вамі» (1967), «Руіны страляюць...» (1973; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Лёгка быць добрым» (1976), «Антаніна Брагіна» (1978). Сярод жывапісных работ: «На рацэ» (1958), «На руінах» (1960), «Рэйкавая вайна» (1973), пейзажы «Апошнія дні зімы» (1988) і інш.
т. 2, с. 382
БЕЛАВУ́САЎШЧЫНА,
вёска ў Беларусі, у Пружанскім с/с Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці. Цэнтр эксперым. базы «Белавусаўшчына». За 5 км ад Пружан, 93 км ад Брэста, 20 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 592 ж., 205 двароў (1995). Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 382