АРАША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.
Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.
А.П.Ліхацэвіч.
т. 1, с. 456
АРАШО́НКАВА Ганна Уладзіміраўна
(н. 21.11.1928, б. маёнтак Альба, Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыла БДУ (1953). З 1956 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе сучасную бел. мову і культуру мовы, лексікаграфію, дыялекталогію. Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (кн. 1—2, 1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» (вып. 1, 1988); «Беларуская граматыка» (ч. 1, 1985); «Слоўнік беларускай мовы» (1987), «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (1987) і «Кароткі слоўнік беларускай мовы» (1994, абодва з В.П.Лемцюговай); «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994) і інш.
т. 1, с. 456
АРАШЭ́ННЕ,
ірыгацыя, падвядзенне вады на палі пры недахопе вільгаці, павелічэнне яе запасаў у глебе; адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца праз арашальныя сістэмы. Аснову арашэння складаюць гідратэхн. прыёмы нармаванага паступлення вады ў глебу. Рэгулюе таксама т-ру паверхневага слоя глебы, прыземнага слоя паветра, станоўча ўздзейнічае на мікрабіял. працэсы ў глебе, рост і развіццё раслін, ураджай, пажыўныя якасці харч. культур. Дае магчымасць далучыць да с.-г. абароту дадатковыя плошчы, больш прадукцыйна выкарыстоўваць угоддзі. У зоне пустыняў і паўпустыняў земляробства існуе толькі на арашальных землях у аазісах. Амаль усе пасевы пад бавоўнікам і большасць пасеваў рысу размешчаны на арашоных землях. Адрозніваюць арашэнне рэгулярнае (самацёчнае ці з мех. водападыманнем помпавымі станцыямі) і перыядычнае з падачай вады 1 раз у год ці толькі ў час моцнай засухі. Паводле спосабу падачы вады вылучаюць арашэнне паверхневае (затапленнем глебы), дажджаванне, унутрыглебавае (з дапамогаю падземных трубаў), аэразольнае (паляпшае мікраклімат у прыземным слоі паветра).
Арашэнне вядома з часоў неаліту. Да пач. 19 ст. сусветная плошча арашоных зямель складала 8 млн. га, да 20 ст. — 48 млн. та. У Расіі ў 1913 плошча арашэння каля 4 млн. га. Вял. плошчы (больш за 265 млн. га, 1990) арашоных зямель у Індыі, Пакістане, Кітаі, ЗША Мексіцы, Іране, Японіі, Егіпце, Іраку, Узбекістане, Італіі, Балгарыі, Францыі і інш.
На Беларусі арашаюць пераважна пасевы шматгадовых траў, культурную пашу і ўчасткі пад агародніннымі культурамі; прадугледжваецца арашэнне палёў у час засухі (пл. 67,8 тыс. га; 1994). Арашальныя сістэмы складаюць 6,3 тыс. км падземных трубаправодаў, каля 2,5 тыс. шт. дажджавальных машын і ўстановак, 545 электрыфікаваных помпавых станцый, больш за 300 вадасховішчаў і сажалак.
Б.Я.Кухараў.
т. 1, с. 456
АРА́ ГЕХЕЦЫ́К,
Ара Прыгожы, у армянскім эпасе бог, які памірае і ўваскрасае, сын Арама, цар армянскай дзяржавы. Паводле міфаў, адмовіўся стаць мужам ці каханкам багіні кахання, царыцы Асірыі Шамірам, за што тая пайшла вайной на Арменію. Ара гехецык загінуў у баі, але па загадзе Шамірам аралезы (духі) ажывілі яго. Імем ара гехецык назв. Арарацкая раўніна, гара Цахкеванк (другая яе назва Ара).
т. 1, с. 442
АРБА́
(цюрк.),
павозка, 2-калёсная высокая ў Сярэдняй Азіі, 4-калёсная доўгая на Каўказе і Пд Украіны.
т. 1, с. 457
АРБАВІ́РУСЫ,
група РНК-змяшчальных вірусаў пазваночных жывёл і чалавека, якія пераносяцца членістаногімі крывасмокамі (кляшчы, камары, маскіты, макрацы). Вядома больш за 300 арбавірусаў, з якіх патагенныя для чалавека каля 80. Выклікаюць арбавірусныя хваробы. На Беларусі вядомы зах. кляшчовы энцэфаліт, ліхаманка Зах. Ніла.
т. 1, с. 457
АРБАЛЕ́Т
(франц. Arbalète),
старажытная ручная зброя ў выглядзе стальнога або драўлянага лука з драўляным ложам-прыкладам і механізмам для нацягвання цецівы. Пушчаныя з арбалета драўляныя стрэлы з жал. наканечнікамі ляцелі на адлегласць 300—400 крокаў і прабівалі рыцарскія латы. У краінах Еўропы вядомы з 11 ст. (ёсць звесткі, што ў Еўропу арбалет прынеслі крыжаносцы, якія запазычылі яго ў сарацынаў). На Русі наз. самастрэлам. На Беларусі выкарыстоўваўся ў 12—16 ст.
т. 1, с. 457
АРБАЛІ́Т
(ад лац. arbor дрэва + ...літ),
лёгкі бетон, сумесь арган. запаўняльнікаў (драблёных адыходаў дрэваапрацоўкі, чароту, кастрыцы, канапель і інш.), вяжучага (звычайна партландцэменту) і вады. Сярэдняя (па аб’ёме) шчыльнасць 400—700 кг/м³. З арбаліту робяць сценавыя блокі, панэлі, пліты і да т.п. для малапавярховага будаўніцтва.
т. 1, с. 457
АРБАРЫЦЫ́ДЫ
[ад лац. arbor дрэва + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы, якія знішчаюць дрэвавую расліннасць і хмызнякі. Арбацыдамі з’яўляюцца эфіры і солі паліхлорзмяшчальных фенаксівоцатнай і амінапікалінавай кіслот. Выкарыстоўваюць арбацыды для знішчэння дрэвавай расліннасці на пашах, сенажацях (апырскваюць парасткі, глебу, свежыя пні ці наносяць на кару дрэў), а таксама для хім. падсушвання дрэў на корані. Таксічныя для жывёл і чалавека рэчывы.
т. 1, с. 457
АРБЕ́ЛІ Іосіф Абгаравіч
(20.3.1887, Кутаісі — 2.2.1961),
сав. гісторык-усходазнавец. Акад. АН СССР (1935) і АН Арм. ССР (1943). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911). У 1914—31 дацэнт, праф. Пецярбургскага ун-та. З 1920 хавальнік фондаў, у 1934—51 дырэктар Эрмітажа. Першы прэзідэнт АН Арм. ССР (1943—47). Асн. даследаванні па каўказазнаўстве, гісторыі сярэдневяковай культуры Б. Усходу.
т. 1, с. 457