Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПЕРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАЯ,

адасобленая і закончаная частка (элемент) вытв. працэсу. Выконваецца адным ці групай рабочых на адным рабочым месцы пры нязменным прадмеце працы. Асн. разліковая адзінка для вызначэння прадукцыйнасці працы, тэхн. нарміравання, загрузкі і выкарыстання абсталявання. Змест аперацыі вытворчай залежыць ад прадукцыі, якая вырабляецца, матэрыялаў і тэхнал. метадаў вытворчасці. Адрозніваюць аперацыі ручныя, механізаваныя, машынныя, аўтаматызаваныя і інш. Падзяляюцца на тэхнал. (асноўныя), дапаможныя і абслуговыя.

Тэхналагічная аперацыя накіравана на змену якаснага стану, формы, памераў ці становішча ў прасторы прадмета працы з мэтай атрымання прадуктаў працы. Дапаможныя аперацыі — выраб на ўласныя патрэбы прадпрыемства аснасткі, інструменту, рамонт абсталявання, будынкаў і інш. Абслуговыя аперацыі забяспечваюць асн. і дапаможныя вытв. працэсы матэрыяламі, паўфабрыкатамі, энергіяй, транспартам, кантрольнымі, лабараторна-выпрабавальнымі і доследнымі работамі. Шырока выкарыстоўваецца метад сумяшчэння аперацыі вытворчай, што спрыяе росту прадукцыйнасці працы; з сукупнасці іх фарміруюцца тэхнал цыклы.

Р.М.Шахлевіч.

т. 1, с. 425

АПЕРА́ЦЫЯ ХІРУРГІ́ЧНАЯ,

асноўны метад лячэння хірургічных хвароб, пры якім паталагічныя ачагі ліквідуюцца, лакалізуюцца або даследуюцца з дапамогай спец. хірургічных інструментаў. Можа суправаджацца нанясеннем ран, значнымі аб’ёмамі рассячэння тканак з крывацёкам, які спыняюць штучна (пры рэзекцыі страўніка ці кішэчніка, аперацыях на лёгкіх, сэрцы і інш. унутраных органах), або ашчадным унутраным умяшаннем і нязначнымі кровастратамі (пры біяпсіі, мікрахірургіі, лазерным лячэнні, упраўленні вывіхаў суставаў, састаўленні касцявых абломкаў і інш.). Аперацыя хірургічная з нанясеннем раны і рассячэннем тканак бываюць: радыкальныя, калі паталаг. ачаг (язва, пухліна, орган) выдаляецца поўнасцю або часткова; паліятыўныя, якія аблягчаюць стан хворага; дыягнастычныя — для высвятлення прычыны захворвання, калі яе нельга ўстанавіць дакладна інш. метадамі. Памяншэнне страт крыві пры аперацыі хірургічнай дасягаецца перавязкай (лігіраваннем) рассечаных сасудаў або каагуляваннем з дапамогай электранажоў, лазерных, плазмавых скальпеляў і інш. Характар паталогіі вызначае мэту аперацыі хірургічнай: ускрыццё паталаг. ачага (гнайнікоў, абсцэсаў), частковае (рэзекцыя) або поўнае (экстырпацыя) выдаленне пухлін і пашкоджаных тканак, частковую або поўную ампутацыю органаў (напр., канечнасцяў), трансплантацыю органаў і тканак, аднаўленне іх функцый (пластычныя аперацыі, касметычныя аперацыі). Раны пры аперацыі хірургічнай, як правіла, зашываюць, склейваюць, радзей пакідаюць адкрытымі. Сучасная хірургія скіравана на распрацоўку найб. ашчаджальных для арганізма аперацый хірургічных на аснове выкарыстання найноўшых тэхн. дасягненняў. Да іх належаць аперацыі хірургічныя эндаскапічныя, тэлеэндаскапічныя, мікрахірургічныя.

Эндаскапічныя аперацыі робяць з выкарыстаннем спец. валаконнай тэхнікі (эндаскопаў), што дазваляе бачыць «на вока» структуры стрававальнага тракту, поласцевыя ўтварэнні. Некаторыя маюць прыстасаванні для выдалення паліпаў страўніка, кішэчніка, камянёў з мачавога пузыра і жоўцевывадных пратокаў, каб узяць кавалачак тканкі на мікраскапічнае даследаванне. Аперацыі тэлеэндаскапічныя базіруюцца на эндаскапічнай тэхніцы, дзе адлюстраванне выводзіцца на тэлеэкран, што дазваляе бачыць орган у 10—20 разоў павялічаны. Тэлевізійная камера праз праколы ў тканках уводзіцца ў орган. Пад яе кантролем уводзяць хірург. інструменты. Мікрахірургічныя аперацыі праводзяцца пад кантролем спец. двух-, трохакулярных аперацыйных мікраскопаў на дробных сасудах, пры рэплантацыі канечнасцяў, іх сегментаў, самых складаных аперацыях у хірургіі вока, перасадцы складаных скурна-падскурна-мышачных ласкутоў у пластычнай хірургіі пры лячэнні дэфектаў тканкі, астэаміэліту, пры стварэнні органаў (лячэнне транссексуалізму) і інш. Аперацыі пад кантролем тэлевізійных камп’ютэраў робяць на дробных структурах (жоўцевывадных шляхах, матачных трубах і інш. органах), якія ў павялічаным выглядзе перадаюцца на тэлевізійную ўстаноўку. На Беларусі такі метад выкарысталі І.М.Грышын і В.М.Стасевіч (1994).

І.М.Грышын.

т. 1, с. 425

АПЕРО́Н

(ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),

участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.Жакобам і Ж.Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.

Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.

т. 1, с. 425

АПЕРТУ́РА

(ад лац. apertura адтуліна),

дзейная адтуліна аптычнай сістэмы, якая вызначаецца памерамі лінзаў або дыяфрагмамі. Раздзяляльная здольнасць аптычнай прылады прапарцыянальная апертуры. Вуглавая апертура — вугал α паміж крайнімі прамянямі канічнага светлавога пучка, які ўваходзіць у аптычную сістэму. Лікавая апертура вызначаецца як п n sin(α/2), дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца прадмет.

т. 1, с. 426

АПЕРЦЭ́ПЦЫЯ

(ад лац. ad да + perceptio успрыманне),

залежнасць успрымання ад мінулага вопыту, псіхічнага стану і індывідуальных асаблівасцяў чалавека. Тэрмін уведзены ням. філосафам Г.Лейбніцам, які трактаваў аперцэпцыю як выразнае (усвядомленае) успрыманне душой пэўнага зместу. І.Кант разам з «эмпірычнай» аперцэпцыяй увёў паняцце «трансцэндэнтальнай» аперцэпцыі, якая дазваляе сінтэзаваць шматлікія ўспрыманні на аснове спрадвечнага, нязменнага «адзінства свядомасці» як умовы ўсялякага вопыту і пазнання. У заснаванай В.Вунтам псіхалогіі аперцэпцыя (канец 19 — пач. 20 ст.) — успрыманне, якое патрабуе напружання волі і ад якога залежаць усе формы псіхічнай дзейнасці чалавека. Сучасная псіхалогія трактуе аперцэпцыю як вынік жыццёвага вопыту індывіда, які адлюстроўваецца ў кожным псіхічным працэсе (ад прасцейшага ўспрымання да найскладанейшых відаў дзейнасці). Адрозніваюць устойлівую аперцэпцыю — залежнасць успрымання ад асаблівасцяў асобы (светапогляду, перакананняў, адукаванасці і інш.) і часовую аперцэпцыю, у якой звязваюцца сітуацыйна розныя формы псіхічнага стану (эмоцыі, устаноўкі і г.д.).

Літ.:

Лейбниц Г.В. Новые опыты о человеческом разуме. М.; Л., 1936;

Вундт В. Очерки психологии. М., 1912;

Гримак Л.П. Резервы человеческой психики. 2 изд. М., 1989.

т. 1, с. 426

АПЕРЫТЫ́Ў

(франц. apèritif),

спіртны напітак, прызначаны для ўзбуджэння апетыту. Ужываецца перад ежай. Як аперытыў выкарыстоўваюць звычайна вермут, херас, моцныя спіртныя напіткі, разбаўленыя фруктовым сокам, тонікам, мінер. вадою і інш.

т. 1, с. 426

АПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,

працэс пераходу дынамічнай сістэмы ў стан устойлівай раўнавагі, пры якім выхадная велічыня, што характарызуе такі пераход, набліжаецца да ўстойлівага значэння (крывая 1) або мае адзін экстрэмум (крывая 2). Напр., да аперыядычнага працэсу набліжаюцца ваганні вагальнай сістэмы пры павелічэнні страт энергіі ў іх да крытычнага значэння (у эл. вагальнага контура крытычнае супраціўленне R = √L/C, дзе L і С — індуктыўнасць і ёмістасць контура адпаведна).

т. 1, с. 426

АПЕРЭ́ТА

(італьян. operetta літар. маленькая опера),

адзін з відаў муз. тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва; твор для гэтага тэатра.

У 17 — 1-й пал. 19 ст. — невял., звычайна камічная опера з размоўнымі дыялогамі. На Беларусі гэта былі «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага (паст. 1789) і «Агатка, або Прыезд пана» Я.Д.Голанда на лібр. М.Радзівіла (паст. 1784), якія вызначаліся дэмакр. характарам, адлюстроўвалі перадавыя ідэі свайго часу. У сярэдзіне 19 ст. тэрмінам «аперэта» часта вызначаў свае п’есы В.І.Дунін-Марцінкевіч, задумваючы іх як лібрэта невял. опер. У супрацоўніцтве з ім С.Манюшка стварыў свае аперэты «Рэкруцкі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» (1852). У 1861 паст. аперэта «Канкурэнты» Ф.Міладоўскага (лібр. М.Лапіцкага і У.Сыракомлі).

Сучасная аперэта — від тэатра, які займае прамежкавае становішча паміж операй і драмай. Аснову муз. драматургіі складаюць звычайна куплетная песня і танец, а таксама традыц. оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, уверцюра), якія часцей маюць песенна-танц. характар і больш простыя, чым у оперы. У адрозненне ад вадэвіля і інш. відаў муз. камедыі з развітым драм. тэкстам, музыка ў аперэце нясе асн. сэнсавую нагрузку.

Як самаст. від муз. тэатра аперэта сфарміравалася ў 1850-я г. ў Францыі. Яе вытокі — камічная опера, франц. вадэвіль, аўстрыйскія і ням. зінгшпілі і інш. Вылучаюць некалькі нац.-гіст. разнавіднасцяў аперэты з устойлівымі жанрава-стылявымі прыкметамі: парыжская (1850—70-я г., заснавальнік — Ж.Афенбах; Ф.Эрвэ, Ш.Лекок, Р.Планкет), венская (Ф.Зупэ, К.Мілёкер, І.Штраус-сын, К.Цэлер), неавенская (1900—1920-я г., Ф.Легар, І.Кальман). У пач. 1920-х г. у ЗША зацвердзіўся новы від муз. т-ра — мюзікл, які ў некат. сваіх разнавіднасцях набліжаецца да аперэты (творы Ф.Лоу, Дж.Гершвіна, Р.Роджэрса, Л.Бернстайна і інш.). У Расіі пачатак аперэты пакладзены ў 1920-я г. І.Дунаеўскім і М.Стрэльнікавым, сярод майстроў Ю.Мілюцін, Б.Аляксандраў, К.Лістоў, В.Салаўёў-Сядой, А.Фельцман, В.Баснер і інш.

На Беларусі з 1-й пал. 20 ст. развіваліся блізкія да аперэты формы муз.-камедыйнага тэатра («Каваль-ваявода» Е.Міровіча з муз. У.Тэраўскага і Л.Маркевіча, 1925; «Простыя сэрцы» С.Заяіцкага, С.Розанава і М.Міцкевіча з муз. В.Сакалова-Фядотава, 1929; «Кок-сагыз» М.Чуркіна, 1939; «Цудоўная дудка» В.Вольскага з муз. М.Шчаглова, 1939), а таксама «Кухня святасці» («Мільён Антоніяў») Я.Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С-.Палонскага і М.Іванова (1940), якія вызначаліся сучаснікамі як «першыя сав. аперэты». У 1970-я г. з’явіліся творы, найб. адпаведныя жанру аперэты: «Паўлінка» Ю.Семянякі са шматпланавай муз. драматургіяй, скразнымі муз. тэмамі, разгорнутымі сольнымі нумарамі, ансамблямі, харамі і «Несцерка» Р.Суруса, якія дзякуючы зместу, народнасці муз. мовы і ўдалым масавым сцэнам сталі сапраўднымі аперэтамі буйной формы. Шэраг бел. твораў, блізкіх да жанру аперэты, класіфікуюць як «гераічная муз. камедыя» («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, 1985), «муз. камедыя» («Мільянерка» Я.Глебава, 1987), мюзікл («Джулія», 1991, і «Шклянка вады», 1994, У.Кандрусевіча).

Сярод артыстаў аперэты: Г.Шнайдэр (Францыя), А.Жырардзі (Аўстрыя), Г.Марышка і Х.Хонці (Венгрыя), Р.Ярон, Т.Шмыга (Расія), М.Вадзяной (Украіна); у бел. т-ры Н.Гайда, В.Мазур, Р.Харык, А.Ранцанц, З.Вяржбіцкая, Г.Казлоў і інш.

Літ.:

Владимирская А. Звездные часы оперетты. 2 изд. Л., 1991;

Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987;

Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993.

Б.С.Смольскі, Н.А.Юўчанка.

т. 1, с. 426

АПЕТЫ́Т

(ад лац. appetitus жаданне),

эмацыянальнае выяўленне і адчуванне патрэбы чалавека ў ежы ўвогуле або ў асобных яе відах. У адрозненне ад пачуцця голаду звязаны з прыемнымі эмоцыямі і ўяўленнямі. Адбітак на яго (стымулявальны ўплыў або прыгнечанне) могуць накладваць нац. традыцыі, індывід. прывычкі і прыхільнасці, выгляд, пах, кампаненты, смакавыя якасці і спосабы падачы ежы. Фізіял. аснову апетыту складае ўмеранае ўзбуджэнне пэўных аддзелаў ц. н. с., што суправаджаецца слінацячэннем, выдзяленнем «запаляльнага» стрававальнага соку, узмацненнем перыстальтыкі стрававальна-кішачнага тракту. У аснове расстройстваў апетыту могуць ляжаць парушэнні рэжыму і ўмоў харчавання, рэзкія змены яго звыклага рацыёну, а таксама ўкладу жыцця, фіз. і нерв. ператамленне, захворванні і інш. фактары. У асобных выпадках яны могуць выклікаць поўную адсутнасць апетыту (анарэксія) ці неадольнае жаданне есці (булімія), што сведчыць пра неабходнасць мед. абследавання.

т. 1, с. 427

АПЁК,

пашкоджанне тканак арганізма, якое выклікаецца высокай т-рай (тэрмічны апёк), хім. сродкамі (хімічны апёк), электрычным токам (электрычны апёк), сонечнымі і рэнтгенаўскімі прамянямі (сонечны і радыяцыйны апёк). У чалавека і жывёл адрозніваюць 4 ступені апёку: 1-я — пачырваненне скуры, ацёк; 2-я — узнікненне пухіроў; 3-я — амярцвенне скуры на ўсю таўшчыню; 4-я — амярцвенне падскурнай тлушчавай клятчаткі, мышцаў і касцей (абвугліванне). Лячэнне залежыць ад памераў апечанай паверхні, агульнага стану арганізма і г.д., уключае барацьбу з шокам, хірург. апрацоўку апечаных месцаў, тэрапеўтычныя метады. У раслін бываюць апёкі кары (напр., сонечны апёк пладовых дрэў), лісця і пладоў пры няправільным карыстанні ядахімікатамі, пашкоджанні грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі.

т. 1, с. 427