Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЕРТЛО́, Бертэло (Berthelot) П’ер Эжэн Марселен (25.10.1827, Парыж — 18.3.1907), французскі хімік, дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сінтэтычнага кірунку арган. хіміі. Скончыў Парыжскі ун-т (1849). З 1859 праф. Вышэйшай фармацэўтычнай школы ў Парыжы, у 1864—1906 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па арган. хіміі, хім. кінетыцы, тэрма- і аграхіміі, гісторыі хіміі. Сінтэзаваў арган. злучэнні розных класаў. Вынайшаў каларыметрычную бомбу, увёў паняцце экза- і эндатэрмічных рэакцый. У 1886—87 міністр асветы, у 1895 міністр замежных спраў Францыі.

Літ.:

Манолов К. Великие химики. Т. 1—2: Пер. с болг. 3 изд. М., 1986.

П.Э.М.Бертло.

т. 3, с. 122

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Габрыэль Эміль) (17.5.1867, Парыж — 20.6.1962),

Французскі біяхімік, хімік, батанік, бактэрыёлаг. Чл. Франц. мед. акадэміі і Парыжскай АН (1923). Праф. (1908). Замежны чл.-кар. Расійскай АН і АН СССР (1924). Скончыў Вышэйшую фармацэўтычную школу ў Парыжы. З 1900 у Сарбоне, адначасова ў Пастэраўскім ін-це. Навук. працы па энзімалогіі. Распрацаваў колькасныя метады выяўлення цукрыдаў (1906) і мікраэлементаў раслін і жывёл.

т. 3, с. 122

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Жазеф Луі Франсуа) (11.3.1822, Парыж — 3.4.1900),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1856), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1896, чл.-кар. з 1859). З 1862 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі груп. Аўтар падручнікаў па матэматыцы.

т. 3, с. 123

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Марсель) (2.7.1847, Парыж — 13.2.1907),

французскі геолаг. Чл. Парыжскай АН (1896). Праф. горнай школы ў Парыжы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1899). Упершыню выказаў меркаванне аб перыяд. характары буйных тэктанічных рухаў і асн. эпохах складкавасці (гуронскай, каледонскай, герцынскай, альпійскай), выявіў шэраг заканамернасцяў у развіцці магматычных працэсаў. Яго назіранні ў Альпах далі пачатак тэорыі шар’яжаў (гл. Покрыва тэктанічнае).

т. 3, с. 123

БЕРТРАНІ́ЗМ, некрасадызм,

рэдкая палавая ненармальнасць, якая вызначаецца спалучэннем некрафіліі і садызму. Выяўляецца палавой цягай да трупаў людзей, жаданнем катаваць іх, іншы раз адбываецца палавы акт з трупам.

т. 3, с. 123

БЕРТРА́Н ДЭ БОРН (Bertran de Born; каля 1140, замак Перыгор, гіст. вобл. Лімузен, Францыя — каля 1215),

правансальскі паэт-трубадур. Выдатны майстар сірвентэса — паліт., воінскай і дыдактычнай куртуазнай песні, што адлюстроўвала рыцарскі кодэкс годнасці, погляды і пачуцці дробнага рыцарства. Валодаў замкам Альтафорт, удзельнічаў ва ўсіх тагачасных паліт. падзеях і феад. спрэчках. Паводле падання, быў адным з гал. віноўнікаў міжусобіцы на франц. землях сярод членаў каралеўскай сям’і Плантагенетаў. І хоць паданне не зусім адпавядала рэчаіснасці, Дантэ змясціў Бертрана дэ Борна як зласлівага дарадцу ў 8-е кола пекла, дзе той паўстае з адсечанай галавой у руцэ («Боская камедыя», Пекла, XXVIII, 118—122). Вельмі бурлівае, поўнае авантур жыццё паэта скончылася ў манастыры.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] Поэзия трубадуров;

Поэзия миннезингеров;

Поэзия вагантов. М., 1974.

Літ.:

Смирнов А.А. Лирика трубадуров и труверов // История зарубежной литературы: Средние века и Возрождение. 4 изд. М., 1987;

Ковалева Т.В. Рыцарская (куртуазная) литература // Ковалева Т.В., Лапин И.Л., Паньков Н.А. Литература Средних веков и Возрождения. Мн., 1988.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 123

БЕРТЫЛЬЁН, Бертыён (Bertillon) Альфонс (22.4.1853, Парыж — 13.2.1914), французскі крыміналіст. Распрацаваў сістэму прыёмаў раскрыцця злачынства — судовую ідэнтыфікацыю, якая да пач. 20 ст. наз. бертыльянаж; потым выцеснена дактыласкапіяй. Удзельнічаў у суд. працэсе па справе Дрэйфуса ў якасці эксперта і даў памылковае заключэнне, па якім той быў асуджаны.

т. 3, с. 123

БЕРУГЕ́ТЭ (Berruguete),

сям’я іспанскіх мастакоў 15—16 ст. Нарадзіліся ў г. Парэдэс-дэ-Нава (Іспанія).

Педра (каля 1450—1504), жывапісец. У 1475—82 працаваў у г. Урбіна (Італія), з 1483 — у Іспаніі. У сваіх карцінах (сцэны з жыцця св. Фамы) сумяшчаў навук. перспектыву і ўважлівае назіранне з сярэдневяковай статычнасцю позаў, а часам і з рознамаштабнасцю фігур.

Алонса (каля 1486—13.9.1561), скульптар, архітэктар, жывапісец. Сын і вучань Педра. Прадстаўнік ісп. Адраджэння. Каля 1504—17 вучыўся ў Італіі ў Мікеланджэла, з 1518 працаваў у Іспаніі. Яго скульптуры (пераважна алтарныя) адметныя экспрэсіяй і павышанай эмацыянальнасцю («Святы Себасцьян», 1526—32; «Ператварэнне», 1543-48).

А.Беругетэ. Святы Себасцьян. 1526—32.

т. 3, с. 123

БЕРУЛА́ВА (Хута Міхайлавіч) (н. 10.12.1924, г. Зугдыды, Грузія),

грузінскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Друкуецца з 1941. Піша на груз. і рус. мовах. Аўтар зб-каў вершаў «Дні» (1950), «Гэтыя дваццаць гадоў...» (1963), «Эпітафія дойліду Светыцхавелі» (1974), «Родныя імёны: Успаміны» (1979), паэм «Рускае сэрца» (1950), «Калхецкая легенда» (1943—55), «Бурная цішыня» (1981) і інш. У творах каларытныя карціны прыроды, жыцця і побыту грузінскай вёскі. Піша для дзяцей. На груз. мову пераклаў творы Г.​Бураўкіна, А.​Грачанікава. Беларусі прысвяціў паэму «Хвалі Нёмана. Дванаццаць песень пра Беларусь» (1973). На бел. мову творы Берулавы перакладалі Р.​Барадулін, А.​Вольскі, Грачанікаў, Х.​Жычка, В.​Зуёнак, В.​Лукша, У.​Паўлаў, Я.​Семяжон і інш.

т. 3, с. 123

БЕ́РУТ ((Bierut) Баляслаў) (18.4.1892, Руры Езуіцкія, каля г. Люблін, Польшча — 12.3.1956),

палітычны і дзярж. дзеяч Польшчы. З 1912 удзельнік рэв. руху. З 1918 у Камуніст. партыі Польшчы. У 1930—32 дзеяч Камуніст. Інтэрнацыянала ў Аўстрыі, Чэхаславакіі і Балгарыі. У 1933—39 зняволены ў польск. турму. У час 2-й сусв. вайны ў падполлі ў Мінску, Кіеве, Беластоку (1939—44). У 1944—47 старшыня Краёвай Рады Нарадовай. У 1947—52 прэзідэнт ПНР і старшыня Дзярж. савета. У 1952—54 старшыня Савета Міністраў. З снеж. 1948 старшыня, з сак. 1954 першы сакратар ЦК ПАРП. Пры Беруце праводзілася прасавецкая палітыка ў Польшчы.

т. 3, с. 123