Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́РКМАН Юзаф

(4.8.1838, г. Валожын Мінскай вобл. — 19.7.1919),

бел. жывапісец. Скончыў гімназію ў Вільні. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, маст. адукацыю атрымаў у Пецярбургскай АМ. За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі сасланы ў Сібір, дзе і жыў пасля адбыцця катаргі; у Іркуцку меў жывапісную майстэрню. З 1877 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1880 — у Лібаве (цяпер г. Ліепая, Латвія). Пісаў пераважна сцэны з паўстання і жыцця ссыльных паўстанцаў («Труна Серакоўскага», «Смерць Нарбута»). Гэтай жа тэматыцы прысвечаны серыі акварэляў (да Вял. Айч. вайны захоўваліся ў Львоўскай карціннай галерэі). Сярод работ жывапісныя карціны «Коннік з двума канямі», «Тройка» (абедзве 1877), «Чацвёрка» (1914) і інш. Большасць твораў захоўваецца ў Іркуцкім маст. музеі.

т. 3, с. 113

БЕ́РКУТ

(Aquila chrysaëtos),

драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў лясных, горных і пустынных раёнах Еўразіі, Паўн. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі від, адзначаны ў Бел. Паазер’і і на Палессі. У час вандровак і пралёту трапляецца часцей. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. 80—95 см, размах крылаў да 2 м, маса да 6,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае, знізу святлейшае з дамешкам залаціста-рыжаватага колеру. Пер’е на патыліцы і ззаду шыі залаціста-жоўтае. Цэўка аперана да пальцаў. Дзюба і лапы дужыя, жоўтыя. Кіпцюры вялікія, чорныя. Гнёзды на высокіх дрэвах і скалах. Корміцца млекакормячымі, птушкамі, земнаводнымі, мярцвячынай. Выкарыстоўваецца як лоўчая птушка.

т. 3, с. 113

БЕ́РЛАГЕ

(Berlage) Хендрык Петрус (21.2.1856, Амстэрдам — 12.8.1934),

галандскі архітэктар, заснавальнік сучаснай галандскай архітэктуры. Найб. значная праца — будынак Біржы ў Амстэрдаме (1897—1909), у якім рысы нац.-рамант. стылю (падкрэсленая масіўнасць збудавання з асіметрычна пастаўленай вежай, вял. плоскасці цагляных сцен) спалучаюцца з функцыянальнай абумоўленасцю плана і смеласцю канструкцыйнага вырашэння. Імкненне да прастаты, рацыянальнасці і геам. строгасці кампазіцыі найб. паслядоўна выявіліся ў планах расшырэння Амстэрдама (1902—17) і рэканструкцыі Гаагі (1908—09), у пазнейшых пабудовах (Муніцыпальны музей, Гаага, 1916—35).

т. 3, с. 113

БЕРЛА́НГА

(Berlanga) Луіс Гарсія (н. 12.6.1921, г. Валенсія, Іспанія),

іспанскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Вучыўся ва ун-це ў Валенсіі, у кінаінстытуце ў Мадрыдзе (1947). З 1948 працуе як рэжысёр. Паставіў сатыр. фільмы «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), камедыі «Нацыянальная стрэльба» (1978), «Нацыянальны набытак» (1981), «Нацыянальнае III» (1982). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў (у т. л. разам з рэж. Х.А.Бардэмам).

т. 3, с. 113

БЕРЛІЁЗ

(Berlioz) Гектор Луі (11.12.1803, Кот-Сент-Андрэ, дэп. Ізер, Францыя — 8.3.1869),

французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык; прадстаўнік муз. рамантызму. Чл. Ін-та Францыі (1856). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1830). На час заканчэння кансерваторыі напісаў шэраг сталых твораў, у т. л. «Фантастычную сімфонію, або Эпізод з жыцця артыста», якая стала маст. абагульненнем ідэйна-эстэт. імкненняў эпохі, маніфестам франц. рамантызму ў музыцы. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам класічнай і рамант. л-ры, творчасці К.В.Глюка, Л.Бетховена, У.Шэкспіра, І.В.Гётэ. У творах 1830—40-х г. экзальтацыя пачуццяў, схільнасць да медытацыі, пачуццё адзіноцтва і ў той жа час грамадз.-рэв. парывы: сімфонія «Гарольд у Італіі», опера «Бенвенута Чэліні», драм. сімфонія для аркестра, салістаў-спевакоў і хору «Рамэо і Джульета», «Жалобная трыумфальная сімфонія», драм. легенда «Асуджэнне Фауста» (паводле Гётэ). З 1842 гастраліраваў як дырыжор у многіх краінах, з найб. поспехам у Расіі. У творах 1850—60-х г. адышоў ад вострых праблем сучаснасці, застаючыся верным ідэалам гуманіст. мастацтва: араторыя «Дзяцінства Хрыста» на ўласныя тэксты, оперная дылогія «Траянцы» паводле Вергілія. Апошні яго твор — вытанчаная, поўная гумару опера «Беатрычэ і Бенядзікт» (паводле «Многа шуму з нічога» Шэкспіра, 1862). Берліёз пераўтвараў традыц. жанры, смела сінтэзаваў элементы оперы, араторыі, сімфоніі. Як кампазітар-наватар, ён апіраўся на нац. муз. традыцыі. Адсюль манументальнасць, маляўнічасць, тэатральнасць яго музыкі. Шмат новага ўнёс у вучэнне аб муз. форме, голасавядзенні, гармоніі, рытме; зрабіў адкрыцці ў галіне аркестроўкі, развіў прынцып тэмбравай драматургіі і інш. Разам з Р.Вагнерам заклаў асновы сучаснай школы дырыжыравання. Аўтар артыкулаў, прысвечаных муз.-эстэт. праблемам і з’явам, творчасці Бетховена, Глюка, Г.Спанціні, К.М.Вебера, Вагнера, Н.Паганіні, Ф.Ліста, М.Глінкі і інш.

Літ. тв.: Oeuvres littéraires. Vol. 1—2. Paris, 1968—69; Рус. пер. — Дирижер оркестра. М., 1912; Избр. статьи. М., 1956; Мемуары. 2 изд. М., 1967; Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке. Ч. 1—2. М., 1972; Избр. письма. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1984—85.

Літ.:

Хохловкина А. Берлиоз. 2 изд. М., 1966;

Dömling W. H.Berlioz und seine Zeit. Laaber, 1986.

т. 3, с. 113

БЕРЛІ́Н

(Berlin),

горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ. цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс. ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л. міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сць трансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.

Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл. цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл. Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл. Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя аб вярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.

Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.А.Нерынг, А.Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.В.Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс; Драм. т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.Ф.Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.Берэнс, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, В.Гропіус, Б.Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.Аалта, О.Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.Фёлькер, Р.Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.Іобст, В.Кроер, Г.Віле, Ф.Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.Кербель, У.Цыгаль).

Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л. Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар. муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).

т. 3, с. 114

БЕРЛІ́НА,

пласкадоннае драўлянае грузавое судна з палубай, двухсхільным дахам і мачтай. Даўж. 21—45 м, шыр. 4—11 м, грузападымальнасць ад 50 да 600 т. На рэках Беларусі з’явілася ў 2-й чвэрці 19 ст., паступова выцесніла байдак і віціну. Бытавала да пач. 20 ст. Хадзіла ўверх і ўніз па цячэнні ракі з дапамогай вёслаў, бусакоў, ветразяў, а таксама буксірнага парахода. Падзяляліся на барачныя (руская берліна з закругленым носам, стромкай кармой і разгорнутымі бакамі) і лодачныя (заходняя, або нямецкая, з доўгім вострым носам і завостранай кармой). Рускія берліны хадзілі па Дняпры і Прыпяці, заходнія — па Нёмане, Прыпяці, а таксама ў Прусіі і Польшчы.

Н.І.Буракоўская.

т. 3, с. 115

БЕ́РЛІНГ

(Berling) Зыгмунт (27.6.1896, г. Ліманова Кракаўскага ваяв., Польшча — 11.7.1980),

польскі военачальнік, ген. броні Польшчы. Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (Масква, 1947). Да 1939 у Войску Польскім. 22.6.1941 першы падпісаў пісьмо 13 афіцэраў б. польск. арміі сав. ўраду з просьбай даць магчымасць змагацца за сваю радзіму супраць фаш. Германіі. Застаўся ў СССР пасля эвакуацыі сфарміраванай тут Польскай арміі (Андэрса). У 1943—44 камандзір сфарміраванай у СССР польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі, са жн. 1943 адначасова камандзір 1-га польск. корпуса, з сак. 1944 камандуючы польск. арміяй у СССР, з ліп. 1944 на камандных пасадах Войска Польскага. У 1948—53 нач. Акадэміі Генштаба Войска Польскага.

т. 3, с. 115

БЕРЛІ́НГУЭР

(Berlinguer) Энрыка (25.1.1922, г. Сасары, Італія — 11.6.1984),

дзеяч італьян. і міжнар. камуністычнага руху. Юрыст. З 1937 удзельнік антыфаш. руху. Чл. Італьян. камуніст. партыі (ІКП) з 1943, чл. ЦК ІКП з 1948. У 1950—56 сакратар Італьян. федэрацыі камуніст. моладзі. У 1950—53 прэзідэнт Сусв. федэрацыі дэмакр. моладзі. З 1968 дэпутат парламента. У 1972—84 ген. сакратар ІКП. Аўтар канцэпцыі «гістарычнага кампрамісу», адзін з заснавальнікаў еўракамунізму, які адмаўляў вядучую ролю КПСС у сусв. камуніст. руху. Ініцыятар прыняцця ІКП рэзалюцый з асуджэннем уварвання СССР у Венгрыю (1956), Чэхаславакію (1968), Афганістан (1979), увядзення ваен. становішча ў Польшчы (1981).

т. 3, с. 115

«БЕРЛІ́НЕР АНСА́МБЛЬ»

(Berliner Ensemble),

нямецкі драм. тэатр. Засн. ў 1949 у Берліне Б.Брэхтам (узначальваў яго да 1956) і яго жонкай А.Вейгель як т-р антыфаш. і антымілітарысцкага кірунку (эмблема «Берлінер ансамбля» — «Голуб міру» П.Пікаса). У рэпертуары п’есы Брэхта, творы сусв. класікі, ням. і замежных драматургаў. У аснове мастацтва т-ра — звяртанне да думкі, інтэлекту гледача. Спектаклі вылучаюцца выразнасцю рэжысёрскага вырашэння, вобразным лаканізмам дэкарацый.

т. 3, с. 115