Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́ЛЬША,

рака, гл. Сухадроўка.

т. 4, с. 270

ВО́ЛЬШЫЦА,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 40 км на У ад г. Докшыцы. На тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 3,98 км², даўж. 3,32 км, найб. шыр. 1,9 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 9,75 км. Пл. вадазбору 113 км². Схілы катлавіны і берагі нізкія, забалочаныя. Дно плоскае, высланае сапрапелямі, месцамі глеямі. Празрыстасць вады да дна. Моцна зарастае.

т. 4, с. 270

ВОЛЮСТ

(ад ням. Wollust сладастраснасць),

сладастраснае пачуццё, якое ўзнікае ў час палавога акта. Пры фрыкцыях у час палавой блізкасці ў партнёраў адбываецца нарастанне спецыфічных адчуванняў, што прыводзіць да макс. сексуальнага ўзбуджэння і аргазму. У залежнасці ад псіхаэмацыянальнага і фіз. стану чалавека волюст мае розныя пачуццёвыя адценні: ад вельмі прыемных і востраўзбуджальных да згладжаных, а пры некаторых захворваннях нерв. сістэмы або палавых органаў — да хваравіта-раздражняльных. Аслабляюць інтэнсіўнасць волюсту алкагольнае ап’яненне, захворванні палавой сферы, сексуальныя дысфункцыі.

т. 4, с. 270

ВО́ЛЯ,

1 у псіхалогіі свядомая самарэгуляцыя суб’ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты. Розныя вытлумачэнні волі ў філасофіі і псіхалогіі звязаны з процілегласцю канцэпцый дэтэрмінізму і індэтэрмінізму. Першы разглядае волю як абумоўленую звонку (фіз., псіхал., сац. прычынамі або божым прадвызначэннем), другі — як аўтаномную і незалежную сілу (гл. Свабода волі). У вучэннях валюнтарызму воля ўяўляецца як адвечная і першасная падстава сусветнага працэсу і чалавечай дзейнасці. У т.зв. «аўтагенетычных» тэорыях воля разглядаецца як нешта спецыфічнае, незалежнае, што не зводзіцца да якіх-н. працэсаў (В.Вунт, Н.Ах, І.Ліндворскі), а ў «гетэрагенетычных» тэорыях — як нешта другаснае, прадукт інш. псіхал. фактараў і з’яў (І.Ф.Гербарт, Г.Эбінгаўз, Э.Блейлер, прадстаўнікі асацыянізму).

2) У праве — адлюстраваная ў сістэме нормаў права воля класа, які эканамічна і палітычна пануе ў грамадстве. Тэрмін «воля» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве і як сінонім волевыяўлення ўдзельнікаў праваадносін.

т. 4, с. 270