ВО́ЛЯ,

1 у псіхалогіі свядомая самарэгуляцыя суб’ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты. Розныя вытлумачэнні волі ў філасофіі і псіхалогіі звязаны з процілегласцю канцэпцый дэтэрмінізму і індэтэрмінізму. Першы разглядае волю як абумоўленую звонку (фіз., псіхал., сац. прычынамі або божым прадвызначэннем), другі — як аўтаномную і незалежную сілу (гл. Свабода волі). У вучэннях валюнтарызму воля ўяўляецца як адвечная і першасная падстава сусветнага працэсу і чалавечай дзейнасці. У т.зв. «аўтагенетычных» тэорыях воля разглядаецца як нешта спецыфічнае, незалежнае, што не зводзіцца да якіх-н. працэсаў (В.Вунт, Н.Ах, І.Ліндворскі), а ў «гетэрагенетычных» тэорыях — як нешта другаснае, прадукт інш. псіхал. фактараў і з’яў (І.Ф.Гербарт, Г.Эбінгаўз, Э.Блейлер, прадстаўнікі асацыянізму).

2) У праве — адлюстраваная ў сістэме нормаў права воля класа, які эканамічна і палітычна пануе ў грамадстве. Тэрмін «воля» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве і як сінонім волевыяўлення ўдзельнікаў праваадносін.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)