Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́ІНСКІЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,

гл. Злачынствы воінскія.

т. 4, с. 256

ВО́ІНСКІЯ СТАТУ́ТЫ,

гл. Статуты воінскія.

т. 4, с. 256

ВО́ІНЫ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,

прынятая ў афіц. ужытку назва ваеннаслужачых Сав. Арміі, якіх накіроўвалі ў інш. краіны з мэтай забеспячэння інтарэсаў СССР і для падтрымкі камуніст. і прасавецкіх урадаў у іх барацьбе з апазіцыяй у час грамадз. войнаў ці замежнай інтэрвенцыі. Найб. пашыраны тэрмін «воіны-інтэрнацыяналісты» стаў у час знаходжання сав. войск у Афганістане (1979—89). Мед. і псіхал. рэабілітацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх сац. адаптацыя аднесены да праблем грамадскага значэння, якія рэгулююцца заканадаўствам і інш. прававымі актамі.

т. 4, с. 256

ВО́ЙКАВА,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр Камянкоўскага с/с і саўгаса. За 17 км на Пд ад г.п. Узда, 94 км ад Мінска, 39 км ад чыг. ст. Негарэлае, на аўтадарозе Узда—Капыль. 58 ж., 26 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 4, с. 256

ВО́ЙКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

другая назва Плешчаніцкага вадасховішча.

т. 4, с. 256

ВО́ЙНАВІЧ

(Vojnovič) Іва (9.10.1857, г. Дуброўнік, Харватыя — 30.8.1929),

харвацкі пісьменнік. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў югаславянскай драматургіі канца 19 — пач. 20 ст. Скончыў юрыд. ф-т Заграбскага ун-та (1880). У 1907—11 літ. кіраўнік Харвацкага нац. т-ра (Заграб). Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў навел («Пяром і алоўкам», 1884), вершаў і эсэ («Акорды», 1917), аповесці «Ксанта» (1886). У драмах «Эквіноцый» («Калі дзень роўны ночы», 1895), «Дуброўніцкая трылогія» (1902), «Маскарад на паддашшы» (1922) адлюстраваў працэс адмірання традыцый горада-рэспублікі Дуброўнік і выраджэння арыстакратыі. Ідэі яднання сербаў, харватаў і славенцаў адбіліся ў драмах «Смерць маткі Югавічаў» (1907), «Уваскрэсенне Лазара» (1913). Разнастайная тэматыка, сінтэз рэалізму і мадэрнізму, арыгінальныя пошукі ўласцівыя п’есам «Psyche» (1889), «Пані са сланечнікам» (1912), «Imperatrix» (1919).

Тв.:

Сабрана дела. Кн. 1—3. Београд, 1939—41.

І.А.Чарота.

т. 4, с. 256

ВО́ЙНА-ЯСЯНЕ́ЦКІ Валянцін Феліксавіч

(у манастве Лука; 27.4.1877, г. Керч, Крым — 11.6.1961),

вучоны-медык, рэліг. дзеяч. З бел. шляхецкага роду Войнаў-Ясянецкіх. Д-р медыцыны (1916). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Працаваў хірургам, земскім урачом у Чыце, Сімбірскай, Курскай і Саратаўскай губ. У 1917—30 гал. ўрач і хірург Ташкенцкай гар. бальніцы, адзін з арганізатараў Ташкенцкага ун-та. У 1923 прыняў манаства, за рэліг. дзейнасць тройчы цярпеў рэпрэсіі. У Вял. Айч. вайну хірург-кансультант эвакашпіталяў. Епіскап туркестанскі, архіепіскап краснаярскі, тамбоўскі і мічурынскі (1944), сімферопальскі і крымскі (1946). Да 1954 працягваў займацца медыцынай. Аўтар больш як 40 навук. прац. За распрацоўку пытанняў гнойнай хірургіі Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Поздние резекции при инфицированных огнестрельных ранениях суставов. М., 1944;

Очерки гнойной хирургии. 3 изд. Л., 1956.

Літ: Поповский М. Жизнь и житие Войно-Ясенецкого, архиепископа и хирурга: [Док. повесть] // Октябрь. 1990. № 2—4.

Ф.А.Ігнатовіч.

т. 4, с. 256

ВО́ЙНЕВІЧЫ,

вёска ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на Пд ад г. Дзятлава, 199 км ад Гродна, 25 км ад чыг. ст. Слонім. 226 ж., 87 двароў (1996). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (1897).

т. 4, с. 256

ВО́ЙНІЧ Міхаіл Леанардавіч

(падп. псеўд. Кяльчэўскі Іван Міхайлавіч, Вільфрэд і інш.; 31.10.1865, г. Цяльшай, Літва — 17.3.1930),

дзеяч народніцкага і польскага сацыяліст. руху. Муж Э.Л.Войніч. Вучыўся ў Шаўляйскай і Сувалкаўскай гімназіях, Віленскім рэальным вучылішчы. Вёў рэв. работу ў Расіі, Польшчы, на Беларусі і Украіне. Разам з гродзенскімі нарадавольцамі і дзеячамі польскай рабочай партыі «Пралетарыят» удзельнічаў у падрыхтоўцы плана ўцёку паліт. зняволеных з варшаўскай цытадэлі. У 1885 арыштаваны, высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. З 1890 у Англіі. Удзельнічаў у выданні час. «Free Russia» («Свабодная Расія»), адзін з заснавальнікаў у 1891 Фонду вольнай рускай прэсы. Перапісваўся з Г.В.Пляханавым, В.І.Засуліч, П.Л.Лаўровым. У 1894 разам з жонкай стварыў «Саюз кніганош» з мэтай дастаўкі рэв. л-ры ў Рас. імперыю. У канцы 1890-х г. адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1920 у ЗША.

В.М.Чарапіца.

т. 4, с. 256

ВО́ЙНІЧ

(Voynich) Этэль Ліліян (11.5.1864, г. Корк, Ірландыя — 28.7.1960),

англійская пісьменніца. Жонка М.Л.Войніча. Скончыла кансерваторыю ў Берліне. У 1887—89 жыла ў Расіі, з 1920 у Нью-Йорку. Блізкая да расійскіх і міжнародных рэв. колаў. Пачынала як перакладчыца твораў рус. пісьменнікаў. У трылогіі «Авадзень» (1897, бел. пер. 1934), «Перарваная дружба» (1910), «Здымі абутак свой» (1945), раманах «Джэк Рэйманд» (1901), «Алівія Лэтам» (1904) рэалістычныя тэндэнцыі спалучаюцца з неарамантычнымі. З Войніч сустракаліся бел. журналісты, пісьменнікі П.Глебка, І.Новікаў. У 1948 Бел. т-р імя Я.Коласа паставіў паводле рамана «Авадзень» спектакль.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1975.

Літ.:

Таратута Е.А. Этель Лилиан Войнич: Судьба писателя и судьба книги. 2 изд. М., 1964;

Яе ж. По следам «Овода». 2 изд. М., 1967;

Этель Лилиан Войнич: Библиогр. указ. М., 1958.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 256