Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛААЗЁРСКІ КАНА́Л,

меліярацыйны канал у Беларусі, у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобл., правы прыток Дняпроўска-Бугскага канала. Даўж. 16 км. Пачынаецца з воз. Белае на мяжы з Валынскай вобласцю Украіны, за 5,6 км на Пд ад в. Гаравіца. Упадае ў водападзельны б’еф Дняпроўска-Бугскага канала каля в. Селішча. Пабудаваны ў 1905—10 для падачы вады з Прыпяці; рэгулюецца плацінай каля в. Радастава.

т. 2, с. 378

БЕЛАБАРО́ДАЎ Афанасій Паўланцьевіч

(31.1.1903, в. Акініна-Баклашы Іркуцкай вобл., Расія — 1.9.1991),

генерал арміі (1963), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім франтах, камандаваў дывізіяй, корпусам, арміяй. Пад яго камандаваннем войскі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту вызначыліся ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. У 1963—68 камандуючы войскамі Маскоўскай ваен. акругі.

т. 2, с. 378

БЕЛАБЛО́ЦКІ Браніслаў

(1861, в. Астрашын, Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 14.4.1888),

рэвалюцыянер, сацыёлаг, літаратурны крытык, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся на юрыд. ф-це Пецярбургскага ун-та, адначасова ў Пецярбургскай АМ. Удзельнічаў у рабоце гурткоў «Народнай волі». З 1882 у Варшаве, супрацоўнічаў з дзеячамі партыі «Пралетарыят», вёў рэв. прапаганду. Друкаваўся ў газ. «Przegląd Tygodniowy» («Штотыднёвы агляд») і час. «Ateneum» («Атэнэум»), У літ.-крытычных творах падкрэсліваў грамадзянскі характар л-ры, патрабаваў рэаліст. адлюстравання жыцця працоўных. У сацыялагічных даследаваннях крытыкаваў т.зв. арганічную тэорыю грамадства Г.Спенсера, лічыў, што рухальнай сілай развіцця грамадства з’яўляюцца сац. супярэчнасці. Адзін з перакладчыкаў «Капіталу» К.Маркса на польскую мову.

Тв.:

Szkice literackie / Oprac. L. Krzywicki. Warszawa, 1932;

Szkice społeczme i literackie / Oprac. S.Sandler. Warszawa, 1954.

т. 2, с. 378

БЕЛАБО́Г,

Белы Бог, Бялун, персанаж язычніцкай міфалогіі славян, увасабленне белых (добрых) сіл; бог удачы і шчасця. Супрацьлегласць Белабога — Чарнабог.

т. 2, с. 379

БЕЛАБО́ЦКІ

(Белаблоцкі) Андрэй (Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У яго філас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),

«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал. паэт. творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».

т. 2, с. 379

«БЕЛАВЕ́ЖА»,

бел. літ.-маст. аб’яднанне ў Польшчы. Створана ў 1958 пры Гал. праўленні Бел. грамадска-культ. т-ва (БГКТ). Садзейнічае развіццю бел.-моўнай л-ры ў Польшчы. Друкуе літ. старонку ў газ. «Ніва» (Беласток). Выдала зб-кі «Рунь» (1959), «Мой родны кут» (1963), альманах «Белавежа» (1965, 1971, 1980, 1988). Надрукавала больш за 40 кніг асобных аўтараў. Члены аб’яднання праводзяць культ.-асв. работу сярод бел. насельніцтва Беласточчыны. У Мінску выйшаў зб. літ. твораў «белавежцаў» — «Літаратурная Беласточчына» (1973), выдадзены кнігі Н.Артымовіч, А.Барскага (А.Баршчэўскага), М.Гайдука, Я.Чыквіна, В.Шведа, С.Яновіча.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 379

БЕЛАВЕ́ЖСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ,

мучкапскае міжледавікоўе, гюнц-міндэльскае міжледавікоўе, другая міжледавіковая эпоха ранняга плейстацэну Беларусі (каля 543—532 тыс. гадоў назад). Наступіла пасля ясельдзінскага зледзянення (гюнцкага, данскога). Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1958. Тыповы разрэз адкладаў міжледавікоўя каля в. Боркі Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці (сапрапеліты і мергелі на глыб. 80—87 м). Магутнасць адкладаў Белавежскага міжледавікоўя 20 і больш метраў, пераважаюць азёрныя — сапрапеліты, мергелі, дыятаміты, супескі і суглінкі. Пароды Белавежскага міжледавікоўя найб. пашыраны ў Палессі, на Беларускай градзе і прылеглых раўнінах. Залягаюць блізка ад паверхні зямлі (нярэдка ў адорвенях) і да глыб. 210 м. Раней яны разглядаліся як адклады шклоўскага міжледавікоўя.

У час кліматычнага оптымуму міжледавікоўя раслі шыракалістыя лясы з дубу, вязу, ліпы, клёну, сярод вышэйшых раслін было 28% невядомых у сучаснай флоры Беларусі, развівалася адметная флора дыятомавых водарасцяў з характэрным відам цыклятэля рэчыцкая.

Літ.:

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Проблемы плейстоцена. Мн., 1985;

Плейстоцен Речицкого Приднепровья Белоруссии. Мн., 1986;

Березовский страторайон плейстоцена Белоруссии. Мн., 1993.

Г.К.Хурсевіч.

т. 2, с. 379

БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ГРАДА́,

у паўночнай частцы Прыбугскай раўніны, у Камянецкім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобласці. Цягнецца ад мяжы з Польшчай праз Белавежскую пушчу ў бок г.п. Шарашова і г. Пружаны ў выглядзе слабапукатай да Пд дугі выш. 180—200 м (да 203 м). З’яўляецца часткай канцова-марэнных утварэнняў адной са стадый адступання дняпроўскага ледавіка. Белавежская града больш старажытная, чым узвышшы Беларускай грады. Прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны.

Адклады антрапагену магутнасцю 80—140 м сфарміраваны ледавікамі ранняга, часткова сярэдняга плейстацэну, у іх развіты гляцыя-тэктанічныя парушэнні. Паверхня грады складзена з пясчанага і жвірова-галечнага матэрыялу, значна размытая. Вылучаюцца спадзістахвалістыя падняцці адноснай выш. 20—30 м (горы Казіная, Крамянёвая і інш.). Скразныя даліны злучаюць вярхоўі асн. рэк: Нарава і Ясельды, Нараўкі і Левай Лясной. Па градзе праходзіць частка водападзелу паміж Балтыйскім (рэкі Нараў з Нараўкай і Левая Лясная) і Чорным (Ясельда з прытокамі) морамі. У ПнЗ частцы Белавежскай грады стрататыповы разрэз Белавежскага міжледавікоўя.

т. 2, с. 379

БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА РАБО́ЧЫХ ЛЕСАРАСПРАЦО́ВАК 1932—33 у Заходняй Беларусі. Праходзіла з 15.10.1932 да сярэдзіны лют. 1933 пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый КПЗБ. Удзельнічала больш за 7 тыс. бел. і польскіх рабочых лесапільных з-даў, лесарубаў і возчыкаў лесу ў Белавежскай пушчы. Бастуючыя патрабавалі павышэння зарплаты на 50%, захавання 8-гадзіннага рабочага дня, сац. забеспячэння на выпадак хваробы і беспрацоўя, бясплатнай мед. дапамогі. У шэрагу вёсак былі створаны забастовачныя к-ты. Для абароны ад нападу паліцыі, недапушчэння да работы штрэйкбрэхераў арганізоўваліся дружыны самаабароны і забастовачныя пікеты. Паліцыя арыштавала больш за 100 актывістаў, адзін з іх быў павешаны. Забастоўкі салідарнасці з рабочымі Белавежскай пушчы адбыліся ў Белавежы, Беластоку, Брэсце, Вільні, Гайнаўцы і інш. Скончылася частковым задавальненнем патрабаванняў бастуючых.

М.П.Клімец, І.В.Палуян.

т. 2, с. 379

БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,

буйны лясны масіў на тэр. Беларусі (Брэсцкая і Гродзенская вобл.) і Польшчы, на водападзеле бас. Нёмана, Зах. Буга і Прыпяці. Агульная пл. больш за 150 тыс. га, з іх у Беларусі 87,5 тыс. га. Адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы. Першыя абмежаванні на паляванне ўведзены ў 13 ст., з 1541 у Белавежскай пушчы пачаў ахоўвацца зубр, з 1640 забаронена высечка лесу. Занесена ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі — дзярж. нац. парк Белавежская пушча, у межах Польшчы — Белавежскі нацыянальны парк.

Рэльеф Белавежскай пушчы — узгорыстая раўніна; найб. узвышаная цэнтр. ч., на ПдУ — Белавежская града. Клімат умерана цёплы. Найб. рэкі (бас. Буга): Нараў, Нараўка, Рудаўка, Гвозна, Правая і Левая Лясная. Воз. Лядскае (штучнае) і вадасх. Белавежская пушча. Глебы на Пд і Пн пераважна дзярнова-падзолістыя, у цэнтр. ч. бурыя лясныя (у нізінах трапляюцца балотныя і тарфяна-глеевыя).

У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, больш за 200 мохападобных, каля 290 лішайнікаў і больш за 2000 відаў грыбоў. Асн. лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, вольха, бяроза, дуб і інш. Пад лесам больш за 88% тэр. Пераважаюць бары (пад лесам каля 60% плошчы). Ельнікаў 10,3%. Шыракалістыя лясы (дубовыя, ясянёвыя, кляновыя і грабавыя) займаюць 6,8%, карэнныя чорнаальховыя і пушыстабярозавыя адпаведна 15,5 і 8,2, вытворныя драбналістыя (бародаўчатабярозавыя і асінавыя) 7,7%. Расце 26 відаў дрэў. Лясы належаць да вялікаўзроставых у Еўропе. Узрост бароў дасягае 180—200 гадоў, ельнікаў 120—160, дуброў 180—220. Захаваліся асобныя дрэвы-гіганты: хвоя (350 гадоў, выш. 35 м), елка (200 гадоў, 52 м), дуб (500 гадоў, дыяметр да 190 см) і інш. У фауне 59 відаў млекакормячых, 227 птушак, 11 земнаводных, 7 паўзуноў, 28 відаў рыб і 8,5 тыс. відаў насякомых. Белавежская пушча — апошняе прыроднае месца пражывання самага буйнога прадстаўніка еўрап. фауны зубра (каля 300 асобін, 1995). Водзяцца высакародны алень, казуля, лось, дзік, воўк, ліс, барсук, гарнастай, ласка, куніца, янотападобны сабака, выдра, бабёр (рэакліматызаваны ў 1956), зайцы русак і бяляк (апошні рэдкі), вавёрка, соні палчок, арэшнікавая і лясная, лятучыя мышы (13 відаў) і інш. Да пач. 17 ст. трапляўся тур, да пач. 19 ст. — лясны тарпан. З канца 19 ст. рабіліся спробы акліматызацыі лані (знікла ў пач. 1930-х г.), у 1962 завезены 5 тарпанападобных коней з Польшчы. Буры мядзведзь знішчаны ў сярэдзіне 19 ст. У невял. колькасці трапляецца рысь. У арнітафауне — тыповыя зах. віды (чырвоны каршун, канарэйкавы ўюрок), паўн. таежныя (трохпальцавы дзяцел, гіль, барадатая няясыць), птушкі паўд. шыракалістых лясоў (дзятлы зялёны і сівы, чаротніца дроздападобная, валасянка ястрабіная). Жывуць белы і чорны буслы, гогаль, 20 відаў драпежных птушак (у тым ліку змеяед, вялікі і малы падворлікі, арол-карлік, асаед, сокалы сапсан і каршачок, пустальга) і інш. На тэр. Белавежскай пушчы унікальныя прыродныя аб’екты: хвоя з пласцінкамі кары ў выглядзе каўнерыка, ніцая форма елкі, папарацевыя зараснікі, участкі піхты белай і дубу скальнага і інш. Складзены спіс 110 рэдкіх раслін пушчы, якія падлягаюць асаблівай ахове, 47 відаў раслін і 73 віды жывёл занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Працуе Музей прыроды Белавежскай пушчы (1945).

Літ.:

Карцов Г Беловежская пуща: Ее ист. очерк, соврем. охотничье хоз. и высочайшие охоты в пуще. СПб., 1903;

Беловежская пуща. Мн., 1980;

Ковальков М.П, Балюк С.С., Будниченко Н.И. Беловежская пуща: Аннот. библиогр. указ. отечеств. лит. Мн., 1985;

Николаева В.М., Зефиров Б.М. Флора Беловежской пущи. Мн., 1971.

В.В.Семакоў.

т. 2, с. 380