Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́РДЫЖ,

паселішча эпохі верхняга палеаліту касцёнкаўска-вілендорфскай культуры каля в. Бердыж Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.; адно з самых стараж/ паселішчаў на тэр. Беларусі. Яго ўзрост 27—25 тыс. гадоў. Адкрыта ў 1926, даследавана ў 1927—29, 1938—39, 1958—60, 1967—71. Культурны пласт 0,3—0,7 м. Выяўлены рэшткі 4 жытлаў з адкрытымі агнішчамі і 5 гасп. ям, у будаўніцтве якіх выкарыстаны чарапы, буйныя плоскія і трубчастыя косці маманта і інш. жывёл. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі коп’яў, разцы, нажы-кінжалы, скрабкі, адбойнікі і інш.), пласціны з біўня маманта з геам. Арнаментам.

т. 3, с. 112

БЕРЖЭ́

(Berger),

карставая бездань у Зах. Альпах, у масіве Веркор, на тэр. Францыі. Уваход на выш. 1460 м, глыб. 1248 м (адна з найглыбейшых на Зямлі). На глыб. больш за 200 м бездань пераходзіць у пячору (Вялікую галерэю), якая апускаецца па нахіле слаёў. У глыбіні — вял. каньён, вадаспад Урагана. Спадзістая апошняя ч. заканчваецца водным сіфонам.

т. 3, с. 112

БЕ́РЗІН

(Берзінь) Рэйнгольд Іосіфавіч (16.7.1888, б. маёнтак Кінігсгоф, Валміерскі р-н, Латвія — 11.11.1939),

савецкі ваен. дзеяч. З 1905 чл. РСДРП. З 1914 у арміі. У 1917 старшыня выканкома корпуса, нам. старшыні выканкома 2-й арміі (Нясвіж), чл. ВРК Зах. фронту. Камандаваў 1-м Мінскім рэв. атрадам, 2-й рэв. арміяй у час ліквідацыі ў Магілёве Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі як цэнтра контррэвалюцыі, у барацьбе супраць Цэнтр. Рады на Украіне, у час разгрому антысав. мяцяжу 1-га польск, корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. У 1918 галоўнакамандуючы Зах. фронтам па барацьбе з контррэвалюцыяй, камандуючы Паўн.-Урала-Сібірскім фронтам. З 1919 чл. Рэўваенсавета Зах., Паўд.-Зах., Паўд., Туркестанскага франтоў, з 1924 — Зах. ваен. акругі. З 1927 на гасп. рабоце. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 3, с. 112

БЕ́РЗІНЬ

(Bērzoņa) Ліліта [сапр. Прыедэ-Берзіня (Priede-Berziņa) Лілія Давыдаўна; 17.7.1903, Рыга — 27.5.1983], латышская актрыса. Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1978). З 1922 у Маст. т-ры імя Я.Райніса. Яе творчасць адметная дакладнасцю псіхал. малюнка ролі, лаканічнасцю выразных сродкаў, высокай сцэн. культурай. Сярод роляў: Аснатэ, Спідала, Маці («Іосіф і яго браты», «Агонь і ноч», «Ветрык, вей!» Райніса),

Шурка, Багаеўская («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага), Маша («Тры сястры» А.Чэхава), Ганна Карэніна («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Філумена («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1947, Дзярж. прэмія Латвіі 1982.

т. 3, с. 112

БЕРК

(Berck),

прыморскі кліматычны курорт у Францыі. На ПдЗ ад г. Кале, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Развіваецца з 19 ст. Умерана вільготны марскі клімат з мяккай зімой і цёплым сонечным летам спрыяльны для лячэння дзіцячых хвароб туберкулёзнага паходжання; клімататаласатэрапію выкарыстоўваюць пры хваробах органаў руху і апоры.

т. 3, с. 112

БЕ́РКАВЕЦ,

даўняя мера масы. На Беларусі ў 16—18 ст. 1 беркавец = 5 камяням = 200 фунтам = 74,96 кг. Выкарыстоўваўся ў аптовым гандлі для ўзважвання мёду, воску, паташу і інш.

т. 3, с. 112

БЕ́РКАЎ Павел Навумавіч

(14.12.1896, г. Белгарад-Днястроўскі Адэскай вобл., Украіна — 9.8.1969),

рускі літаратуразнавец. Чл.-кар. АН СССР (1960). З 1936 праф. Ленінградскага ун-та. Даследаваў рус. л-ру 18—20 ст., узаемасувязі рус. і зарубежных л-р, гісторыю тэатра і журналістыкі 18 ст., кнігазнаўства, тэксталогію, тэхніку літ.-знаўчай работы, тэорыю і методыку бібліяграфіі. Навук. кіраўнік і адзін з рэдактараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69). Цэнтр. навук. бібліятэка імя Я.Коласа АН Беларусі набыла кнігазбор Беркава.

Тв.:

Введение в технику литературоведческого исследования. Л., 1955;

Библиографическая эвристика. М., 1960;

Ф.Скарына і пачатак усходнеславянскага вершаскладання // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Избранное: Тр. по книговедению и библиографоведению. М., 1978.

т. 3, с. 112

БЕРКЕНГЕ́ЙМ Барыс Майсеевіч

(25.4.1885, Масква — 23.4.1959),

савецкі хімік. Д-р хім. н. (1936). Засл. дз. нав. і тэхн. Расіі (1945). У 1921—27 у Мінску: арганізатар і першы заг. кафедры неарган., аналітычнай і фіз. хіміі БДУ. З 1927 у ВНУ Масквы. Вывучаў склад і ўласцівасці мінер. рэсурсаў Беларусі.

Літ.: Б.М.Беркенгейм // Успехи химии. 1959. Т. 28, вып. 5.

т. 3, с. 113

БЕ́РКЛІ

(Berkeley) Джордж (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),

англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1 — 1732) і інш.

т. 3, с. 113

БЕ́РКЛІЙ

(лац. Berkelium),

Bk, штучны радыеактыўны хім. элемент з групы актыноідаў. Назва ад г. Берклі (ЗША), дзе атрыманы (1949). Ат. н. 97; вядома 10 ізатопаў з масавым лікам 240—251 (акрамя 241). Найб. доўгаіснуючыя ​247Bk (перыяд паўраспаду 1380 гадоў, α-выпрамяняльнік), ​249Bk (перыяд паўраспаду 314 сутак, β-выпрамяняльнік).

Серабрыста-белы метал, tпл 980 °C, вельмі рэакцыйназдольны. Атрымліваюць у ядз. рэактарах апрамяненнем плутонію, амерыцыю і кюрыю нейтронамі. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях адз. фізікі і радыяхіміі. Высокатаксічны, ГДК у паветры 5,9·10​-4 Бк/л.

т. 3, с. 113