Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕРГАМО́ТНАЯ,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Сапяжанка і Дуля остзейская. На Беларусі пашырана ў прысядзібным садаводстве.

Дрэва моцнарослае, крона акруглая, густая. Сорт зімаўстойлівы, высокаўраджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плоданашэнне пачынае на 6—7-ы год. Плады сярэдняй велічыні (110—120 г), шарападобныя, злёгку сплясканыя. Скурка светла-жоўтая з малінавым румянцам. Мякаць белая, рыхлая, сакаўная, салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.

М.Р.Мялік.

т. 3, с. 110

БЕРГА́НСА

(Berganza) Тэрэса (н. 16.3.1935, Мадрыд),

іспанская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Спявае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера»). Віртуозна валодае мастацтвам каларатуры. Выконвае найб. складаныя партыі ў операх Дж.Расіні «Севільскі цырульнік» (Разіна), «Італьянка ў Алжыры» (Ізабэла), В.А.Моцарта «Вяселле Фігара» (Керубіна), «Міласэрнасць Ціта» (Секст) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Э.Гранадаса, М. дэ Фальі і інш. ісп. кампазітараў.

т. 3, с. 110

БЕРГЕЛЬСО́Н Давыд Рафаілавіч

(12.8.1884, с. Сарны Чаркаскай вобл., Украіна — 12.8.1952),

яўрэйскі пісьменнік. Дэбютаваў аповесцю «Вакол вакзала» (1909). Вытанчаны псіхалагізм Бергельсона выявіўся ў раманах «Пасля ўсяго» (1913), «Адыход» (1920), дзе аўтар даў шырокі малюнак жыцця розных пластоў яўр. буржуазіі, паказаў розныя лёсы яўр. інтэлігенцыі. У 1921 выехаў за мяжу, жыў у Берліне. Тэма правамернасці Кастр. рэв. і грамадз. вайны — у рамане «Мера строгасці» (1926—27) і зб. апавяданняў «Бурныя дні» (1927). У 1929 вярнуўся ў СССР. Раман «На Дняпры» (кн. 1—2, 1932—40) — эпапея пра жыццё і барацьбу нар. мас на пач. 20 ст. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1957;

На Днепре. Т. 1—2. М., 1960.

т. 3, с. 110

БЕРГЕЛЬСО́Н Леў Давыдавіч

(н. 8.8.1918, г. Гайсін Вінніцкай вобл., Украіна),

савецкі біяхімік і хімік-арганік. Чл.-кар. АН СССР (1968). Скончыў Маскоўскі ун-т (1941). З 1946 у Ін-це арган. хіміі, з 1958 у Ін-це біяарган. хіміі АН СССР. Навук. працы па сінтэзе ліпідаў, антыбіётыкаў, стэроідаў і інш. фізіялагічна актыўных злучэнняў. Распрацоўваў тэхналогію сінтэзу ліпідаў. Даследаваў біял. мембраны. Дзярж. прэмія СССР 1985.

т. 3, с. 110

БЕ́РГЕН

(флам. Bergen),

гл. Монс.

т. 3, с. 110

БЕ́РГЕН

(Bergen),

горад на З Нарвегіі, на ўзбярэжжы Паўн. мора. Адм. ц. фюльке Хордалан. Засн. ў 11 ст. 218 тыс. ж. (1993). Важны трансп. вузел. Гандл. і рыбацкі порт. Аэрапорт. Машынабудаванне (у т. л. суднабудаванне), рыбалоўства, харч. (пераважна рыбаапрацоўчая), тэкст. (вытв-сць рыбалоўных снасцяў), швейная, папяровая прам-сць. Нафтаперапр. і хім. прам-сць (буйны нафтахім. комплекс у Монгстадзе — паўн. прыгарадзе Бергена). Ун-т. Турыстычны і культ. цэнтр. Арх. помнікі 13—17 ст. Дом-музей кампазітара Э.Грыга. З 1898 штогадовыя муз. фестывалі, засн. Грыгам.

т. 3, с. 110

БЕ́РГЕР Міхаіл Аркадзевіч

(28.8.1909, Мінск — 6.2.1981),

бел. піяніст і педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Праф. (1946). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1928) і Ленінградскую кансерваторыю (1933). З 1937 выкладаў у Бел. кансерваторыі (у 1937—41 дырэктар). Выступаў у канцэртах як саліст і ансамбліст. Аўтар фп. твораў (Варыяцыі, 1967; Эцюды, 1962; апрацоўкі нар. мелодый, п’есы для дзяцей), фантазіі для скрыпкі і фп. (1945) і інш.

т. 3, с. 111

БЕ́РГІУС

(Bergius) Фрыдрых (11.10.1884, Гольдшмідэн, цяпер у межах Вроцлава, Польшча — 30.3.1949),

нямецкі хімік-тэхнолаг. Скончыў Брэслаўскі ун-т (1907). Працаваў ва ун-тах Берліна і Гановера. У 1910 на свае сродкі стварыў лабараторыю, у 1914 стаў прадпрымальнікам. З 1938 займаўся вытв. дзейнасцю ў канцэрне «І.Г.Фарбэніндустры». Распрацаваў метады высокага ціску ў хіміі і хім. тэхналогіі. Прапанаваў працэсы гідрагенізацыі вугалю і ператварэння цэлюлозы ў кармавы цукар, што забяспечыла Германію ў гады 2-й сусв. вайны жыццёва неабходнымі рэсурсамі. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з К.Бошам).

т. 3, с. 111

БЕ́РГМАН Аляксандра Рыгораўна

(дзявочае Кучкоўская; парт. псеўд. Зіна, Стаха, Малеўская; н. 1.5.1906, Гродна),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, гісторык, публіцыст. Чл. КПЗБ з 1925. Працавала сакратаром падп. акр. к-таў КСМЗБ у Гродне, Вільні, Брэсце, Баранавічах, Беластоку. Дэлегат І з’езда КПЗБ (1928). З 1931 чл. Краявога Сакратарыята ДК КПЗБ. З 1934 у СССР. У 1935 рэпрэсіравана. З 1946 у Польшчы. Рэабілітавана ў 1956. Даследуе гісторыю КПЗБ, Бел. рэв. арг-цыі, Бел. сялянска-работніцкую грамаду, Бел. навук. т-ва ў Вільні, перыяд. друк. Аўтар манаграфій, артыкулаў, нарысаў пра дзеячаў КПЗБ і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, яўр. пісьменнікаў і журналістаў — ураджэнцаў Беларусі.

Тв.:

Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977;

Sprawy białoruskie w II Reczypospolitej. Warszawa, 1984;

Бел. пер. — Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гіст. жыццяпіс. Мн., 1996.

А.С.Ліс.

т. 3, с. 111

БЕ́РГМАН

(Bergman) Інгмар (н. 14.7.1918, г. Упсала, Швецыя),

шведскі рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. З 1942 працаваў у тэатры, ставіў п’есы У.Шэкспіра, Г.Ібсена, А.Стрындберга, А.Чэхава, сучасных драматургаў. Сусв. вядомасць набыў у кіно. У фільмах 1940-х г. («Крызіс», «Дождж над нашым каханнем», «Карабель ідзе ў Індыю», «Партовы горад», «Турма») стварыў вобразы людзей са зламанымі лёсамі, якія дарэмна шукаюць шчасця і цяпла ў абыякавым да іх грамадстве. У творчасці 1950-х г. маральныя і філас. праблемы сэнсу жыцця, сутыкнення паміж верай і нявер’ем («Усмешкі летняй ночы», «Сёмая пячатка», «Сунічная паляна», «Ля вытокаў жыцця», «Твар»). У фільмах 1960-х г. тэма пакутаў і зла, якое пануе ў свеце, паўстае асабліва рэзка, з мноствам жорсткіх падрабязнасцяў («Крыніца», «Як у люстэрку», «Прычасць», «Маўчанне»), Сярод найб. вядомых фільмаў 1970—80-х г. «Дотык», «Восеньская саната», «Фанні і Аляксандр». Многія фільмы Бергмана адзначаны на міжнар. кінафестывалях (у т. л. 3 прэміямі «Оскар»). Здымаў таксама дакумент. і тэлефільмы. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх стужак.

Літ.:

Бергман о Бергмане: Ингмар Бергман в театре и кино: Пер. с англ. и швед. М., 1985;

Bergom-Larsson M. Ingmar Bergman och den borgerliga ideologin. Stockholm, 1977.

Л.А.Сівалобчык.

т. 3, с. 111