Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЕРАСЦЯ́НЫЯ ГРА́МАТЫ,

пісьмы, запіскі, дакументы 11—15 ст. на бяросце, выяўленыя пры раскопках стараж. усх.-слав. гарадоў. На тым баку бяросты, што прылягаў да дрэва, літары надрапвалі завостранай касцяной ці жал. палачкай — пісалам. Вядома больш за 750 Берасцяныя граматы, у т. л. Ноўгарада, Старой Русы (23 граматы), Смаленска (10), Пскова (8), Звянігарада (Украіна; 3) і інш. На Беларусі выяўлены ў Віцебску (13—14 ст.) і Мсціславе (пач. 13 ст.). Асн. тэма грамат 11—12 ст. — крэдыторства, пазыка грошай; 13—15 ст. — валоданне зямлёй, клопаты пра сяўбу і ўборку збожжавых, пра даходы, феад. павіннасці, абавязацельствы, завяшчанні. У наўгародскіх граматах упамінаюцца жыхар Полацка і палонны, выкуплены з Полацка; берасцяная грамата 11 ст. напісана Жыравітам, жыхаром Полацка, Смаленска ці Віцебска.

Літ.:

Арциховский А.В. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1958—1961 гг.). М., 1963;

Янин В.Л. Я послал тебе бересту... 2 изд. М., 1975;

Тарасаў С.В. З гісторыі полацкай эпіграфікі X—XV ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991.

Г.​В.​Штыхаў.

Берасцяная грамата 13—14 ст. з Віцебска.

т. 3, с. 109

БЕ́РАЎ (Майсей Залманавіч) (н. 23.12.1909, г. Веліж Смаленскай вобл., Расія),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1934). У 1934—78 на кінастудыі «Беларусьфільм», здымаў дакумент. і навук.-папулярныя фільмы. У 1941—45 франтавы аператар; яго сюжэты і асобныя рэпартажы ўвайшлі ў дакумент. фільмы «Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў пад Масквой», «Бой за Віцебск», «Мінск — наш!», «Вызваленне Савецкай Беларусі» і інш., выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З лепшых фільмаў: «Белавежская пушча» (1948), «Архітэктурныя помнікі мінулага» (1959), «Жыццё на сцэне» (1966), «Генерал Пушча» (1967), «Хлопчык і чапля» і «Сапраўднае імя — Мікалай Судзілоўскі» (абодва 1969), «Палескія калядкі» (з У.​Цеслюком) і «У час цішыні» (абодва 1972) і інш.

т. 3, с. 109

БЕРБЕ́РСКІЯ МО́ВЫ,

група сваяцкіх моў карэннага белага насельніцтва Паўн. і Зах. Афрыкі. Належаць да семіта-хаміцкіх моў і ўтвараюць моўныя астраўкі ў араб. асяроддзі. Падзяляюцца на 2 дыялектныя групы: кабільская, берабер, шлех, туарэг, зенага і інш. (пераважна на тэр. Марока, Маўрытаніі і Сахары); сукупнасць моў пад агульнай назвай зенет (Алжыр, Туніс, Трыпалітанія). Берберскім мовам уласцівы афіксацыя і ўнутраная флексія кораня, які можа складацца з дзвюх ці трох зычных. Большая частка моў беспісьмовая. Да гэтай групы адносяцца і мёртвыя мовы: лівійская, нумідыйская і гетульская.

Літ.:

Завадовский Ю.Н. Берберский язык. М., 1967.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 3, с. 109

БЕРБЕ́РЫ (саманазва амахаг),

група народаў (тамазігхт, рыф, шыльх, туарэгі, кабілы, зенага і інш.), карэннае насельніцтва Паўн. Афрыкі, Цэнтр. і Зах. Судана. Больш за 10,5 млн. чал. (1987). Гавораць на бербера-лівійскіх мовах. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты.

т. 3, с. 109

БЕ́РВІ-ФЛЯРО́ЎСКІ (сапр. Берві) Васіль Васілевіч

(літ. псеўданім Н.​Фляроўскі і інш.; 28.4.1829, г. Разань, Расія — 4-10.1918),

рускі сацыёлаг, эканаміст, публіцыст, пісьменнік, удзельнік грамадскага руху 1860-х г. У 1862—87 у ссылцы, супрацоўнічаў у час. «Дело», «Слово», «Отечественные записки» і інш. У канцы 1860-х г. зблізіўся з рэв. народнікамі — меў сувязь з гурткамі «чайкоўцаў» (па іх прапанове напісаў кн. «Азбука сацыяльных навук», ч. 1—2, 1871) і далгушынцаў. З пазіцый народніцтва крытыкаваў сац.-паліт. і эканам. парадкі ў Расіі; прапаведаваў новую рэлігію брацтва і свабоды. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў і маст. твораў (раман «На жыццё і смерць», ч. 1 — 3, 1877, і інш.).

Тв.:

Записки революционера-мечтателя. М.; Л., 1929;

Положение рабочего класса в России. М., 1938.

т. 3, с. 109

БЕРГ (Аксель Іванавіч) (10.11.1893, г. Арэнбург, Расія — 9.7.1979),

савецкі вучоны ў галіне радыётэхнікі. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1943), адмірал-інжынер (1955). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Марскі корпус (1914), Ваенна-марскую акадэмію ў Ленінградзе (1925). У 1924—43 на пед. і навук. рабоце, з 1959 у АН СССР. Навук. працы па радыётэхніцы, кібернетыцы. Залаты медаль АН СССР імя Папова 1951.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2 М.; Л., 1964.

А.І.Берг.

т. 3, с. 110

БЕРГ ((Berg) Альбан) (9.2.1885, Вена — 24.12.1935),

аўстрыйскі кампазітар. Вучыўся ў А.Шонберга (1904—10). Разам з Шонбергам і А.Вебернам уваходзіў у новую венскую школу. Прадстаўнік муз. экспрэсіянізму (струнны квартэт, 1910, 4 п’есы для кларнета і фп., 1913). Дасягнуў вяршыні ў жанры песні (5 песень на сл. П.​Альтэнберга, 1912). Опера Берга «Воцэк» (паводле п’есы Г.​Бюхнера, 1925, Берлін) — адна з вяршыняў опернай драматургіі 20 ст. Адзін са стваральнікаў серыйнай тэхнікі і дадэкафоніі. Выкарыстоўваў найб. сучасныя прыёмы, у т. л. калаж («Лірычная сюіта» для стр. квартэта, 1926). Стварыў новыя тыпы камернага ансамбля («Лірычная сюіта») і інстр. канцэрта (камерны і для скрыпкі з арк. «Памяці анёла», 1935). Аўтар прац пра кампазітараў новай венскай школы.

Літ.:

Тараканов М. Музыкальный театр Альбана Берга. М., 1976;

Adorno W. Alban Berg. Wien, 1968.

т. 3, с. 110

БЕРГ (Леў Сямёнавіч) (14.3.1876, г. Бендэр, Малдова — 24.12.1950),

рускі фізіка-географ і біёлаг. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1928). Засл. дз. нав. РСФСР (1934). Праф. Петраградскага (потым Ленінградскага) ун-та (1916). Вёў даследаванні ў Зах. Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Усх.-Еўрап. раўніне і інш. Распрацаваў вучэнне пра ландшафты, глебавую тэорыю ўтварэння лёсаў, класіфікацыю клімату на ландшафтнай аснове. Займаўся лімналогіяй і іхтыялогіяй. Аўтар прац па геамарфалогіі, палеагеаграфіі, геалогіі. Даследчык гісторыі рус. геагр. адкрыццяў і Геагр. т-ва СССР. Прэзідэнт Геагр. Т-ва СССР (1940—50). Дзярж. прэмія СССР 1951. Імем Берга названы дзеючы вулкан на в-ве Уруп (Курыльскія а-вы), пік на Паміры, ледавікі на Паміры і ў Джунгарскім Алатау і інш.; імя Берга ўвайшло ў лацінскія назвы больш як 60 жывёл і раслін.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—5. М., 1956—62.

Л.С.Берг.

т. 3, с. 110

БЕРГ (Мікалай Канстанцінавіч) (1828—81),

урач; адзін з арганізатараў аховы здароўя на Беларусі. Скончыў мед. ф-т Маскоўскага ун-та (1853). З 1853 у марскім ведамстве, з 1860 урач у Пензе, інспектар урачэбнай управы ў Архангельску. У 1864—71 у Мінску. У 1863 заснаваў т-ва архангельскіх, у 1867 — мінскіх урачоў, прэзідэнтам якога быў да 1871; дзейнасць т-ва мела санітарна-гігіенічны кірунак.

Літ.:

Молчанов А.П. Забытое имя // Неман. 1967. № 9.

т. 3, с. 110

БЕ́РГАМА (Bergamo),

горад на Пн Італіі, каля падножжа Бергамскіх Альпаў. Адм. ц. правінцыі Бергама. 118 тыс. ж. (1990). Эл.-металургія; эл.-тэхн., хім., цэм., паліграф., тэкст., швейная, мэблевая прам-сць. Турызм. Ун-т. Арх. помнікі 12—18 ст. Акадэмія Карара з карціннай галерэяй. Музей кампазітара Г.​Даніцэці.

т. 3, с. 110