Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕРАСТАВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ ВІЗІТА́ЦЫІ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,

помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны каля 1615 у г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. па фундацыі Гераніма Хадкевіча пад уплывам касцельнай архітэктуры Дж.Трэвана. У 1741 і 1855 касцёл рамантаваўся, у 1794 пры ім існаваў шпіталь, у 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. дзейнічала школа. Храм — мураваная 3-нефавая базіліка з трансептам, паўкруглай апсідай і 2 нізкімі сакрысціямі па баках алтарнай часткі. Гал. зах. фасад бязвежавы, падзелены пілястрамі на 3 часткі і завершаны ступеньчатым атыкам. Рэліквіяй касцёла быў абраз анёлаў-ахоўнікаў работы мастака Ф.Смуглевіча (1797—1807). Пад будынкам крыпта (пахавальня) — 9 памяшканняў, злучаных пераходамі.

Т.В.Крук, Т.Т.Маліноўская.

т. 3, с. 107

БЕРАСТАВІ́ЦКІ РАЁН,

на З Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Крынкаўскі, з 1944 Бераставіцкі. Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 21,5 тыс. чал., гарадскога — 33% (1996). Сярэдняя шчыльн. 26 чал./км². Цэнтр раёна — г.п. Вялікая Бераставіца, р.п. Пагранічны, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Алекшыцкі, Канюхоўскі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Пархімаўскі, Эйсмантаўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах паўд. адгалінавання Бел. грады (адгор’і Ваўкавыскага ўзвышша і Гродзенскага ўзвышша) і Верхнянёманскай нізіны. Пераважаюць выш. 160—200 м (найвыш. пункт 212 м на Пн раёна). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 560 мм за год. Вегетац. перыяд 200 дзён. Найб. р. Свіслач з прытокамі Верацейка, Бераставічанка, Уснарка, Одла. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 16% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, дубовыя, грабавыя лясы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,9 тыс. га, з іх асушана 7,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 2 саўгасы і 11 калгасаў. Асн. галіны — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне цукр. буракоў, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, агародніны. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (масласырзавод, спіртзавод), вытв-сць буд. матэрыялаў (цагельны і лесазавод). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Ваўкавыск—Пагранічны (чыг. ст. Бераставіца), аўтадарога Гродна—Пагранічны—Ваўкавыск. У раёне 8 сярэдніх, 6 базавых, муз. школы, дзіцячаюнацкая спарт. школа, 2 ПТВ, 13 дашкольных устаноў, 23 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна Непамука (1850) у в. Вял. Эйсманты, царква (1860) у в. Гарбачы, царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Клепачы, Крыжаўзвіжанскі касцёл канца 18 ст. ў в. Макараўцы, сядзібны дом 18 ст. ў в. Малая Бераставіца, царква Раства Багародзіцы (1796) у в. Масаляны, сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Муравана. Выдаецца раённая «Бераставіцкая газета».

С.І.Сідор.

т. 3, с. 107

Берастаў Аляксандр Віктаравіч

т. 18, кн. 1, с. 351

Берастаў Іван Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 351

БЕ́РАСЦЕ,

адна з летапісных назваў г. Брэста. Ужывалася таксама ў зах.-бел. і сав. бел. друку ў 1920—40-я г.

т. 3, с. 107

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

Брэсцкае ваяводства, адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1566. Цэнтр — г. Берасце (Брэст). Падзялялася на 2 паветы: Берасцейскі (уваходзілі Брэст, Камянец, Кобрын) і Пінскі (уваходзілі Пінск, Давыд-Гарадок, Тураў, Дубровіца). З канца 17 ст. ў адрозненне ад Брэст-Куяўскага ваяв. ў Польшчы наз. Брэст-Літоўскім. У 1791 утвораны Кобрынскі і Пінска-Зарэчны (з цэнтрам у Плотніцы) пав. У 1792 Пінска-Зарэчны пав. перайменаваны ў Запінскі з цэнтрам у Століне. У 1793 у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Пінскі і Запінскі пав. ўвайшлі ў склад Рас. імперыі (у Мінскай губ.). У 1795 у выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Берасцейскае ваяводства скасавана, б.ч. яго тэр. ўвайшла ў Слонімскую губ. Рас. імперыі. Зах. частка ваяводства адышла да Аўстрыі.

т. 3, с. 107

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЕ СТАРО́СТВА,

гл. Берасцейская эканомія.

т. 3, с. 107

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ВЕ́ЖА.

Існавала ў 13 — 1-й пал. 19 ст. ў Брэсце (Берасці). Пабудавана ў 1276—88 на дзядзінцы стараж. Берасця валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам, які валодаў горадам у 2-й пал. 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як «столп высотою яко Каменецкий». Адносілася да тыпу манум. абарончых вежаў, прызначаных для адбіцця атак з выкарыстаннем каменямётных машын. Пазней уваходзіла ў абарончую сістэму Берасцейскага замка. На планах 18—19 ст. прамавугольная (5,9×6,3 м), таўшчыня сцен каля 1,3 м, вышыня каля 20 м. Была складзена з брусковай цэглы на вапнавай рошчыне. Верагодна, выява Берасцейскай вежы змешчана на гар. гербе 1554. Разабрана ў 1831 у сувязі з буд-вам Брэсцкай крэпасці.

т. 3, с. 107

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная вобласць у 10—16 ст. у бас. сярэдняга цячэння рэк Зах. Буг і Нараў. Найб. гарады: Бельск, Берасце (Брэст), Драгічын над Бугам, Камянец, Кобрын, Мельнік. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, з канца 11 да сярэдзіны 12 ст. ва ўладанні тураўскіх, пасля — валынскіх князёў. У 11—13 ст. тут сутыкаліся інтарэсы кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, менскіх, галіцка-валынскіх, а з пач. 14 ст. і князёў ВКЛ з інтарэсамі польскіх феадалаў. Польскія князі Казімір II у 1179 і 1182, Конрад Мазавецкі і Лешка Кракаўскі ў 1210 часова захоплівалі Берасцейскую зямлю Драгічынскую воласць захапілі ням. рыцары, якіх у 1237 разбіў валынскі кн. Даніла Раманавіч. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 у Берасцейскую зямлю з Пд уварваліся манголы. З пач. 14 ст. Берасцейская зямля ў складзе ВКЛ, ва ўладанні вял. князя Кейстута. У 1349 на некат. час Берасцейскую зямлю захапіў польскі кароль Казімір III. У 1382 кн. Януш Мазавецкі асадзіў Берасце, захапіў Драгічын, Мельнік і інш. З 1413 Берасцейская зямля ў складзе Трокскага ваяв. У 1566 створана Берасцейскае ваяводства.

т. 3, с. 107

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,

перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял. князем ВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.

т. 3, с. 107