БЕРАЗО́ЎСКІ Максім Сазонтавіч
(27.10.1745, г. Глухаў Сумскай вобл., Ўкраіна — 2.4.1777),
расійскі кампазітар. З канца 1750-х г. жыў у Пецярбургу. У 1769—73 вучыўся ў Балонскай філарманічнай акадэміі (у 1771 атрымаў званне акадэміка-кампазітара). Пасля вяртання з Італіі, дзе жыў у 1766—74, залічаны ў Прыдворную пеўчую капэлу. Аўтар оперы «Дэмафонт» (лібр. П.Метастазіо, 1773), духоўных канцэртаў, богаслужэбных песнапенняў. Майстар хар. пісьма а капэла, разам з Дз.Бартнянскім стварыў новы класічны тып рус. хар. канцэрта.
Літ.:
Рыцарева М. Композитор М.С.Березовский: Жизнь и творчество. Л., 1983.
т. 3, с. 106
БЕ́РАНАЎ Ігар Леанідавіч
(н. 20.1.1936, г. Екацярынбург, Расія),
рускі спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1970). Скончыў Горкаўскую кансерваторыю (1960), выкладаў у ёй (1980—92). У 1961—87 саліст Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1993 у Бел. акадэміі музыкі. На сцэне Опернай студыі акадэміі паставіў оперы «Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна, «Любоўны напітак» Г.Даніцэці, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага, кампазіцыю паводле оперы «Так робяць усе» В.А.Моцарта.
т. 3, с. 106
БЕРАНДЗЕ́ЙКА,
абцягнутая скурай драўляная трубка з вечкам для захоўвання і пераносу парахавых зарадаў для зброі, што зараджалася з дула; прататып патранташа. Некалькі (8—12) берандзеек мацаваліся да партупеі або рэменя стралка. У войсках ВКЛ і ў казакоў наз. парахаўніца.
т. 3, с. 106
БЕРАНЖЭ́
(Béranger) П’ер Жан дэ (19.8.1780, Парыж — 16.7.1857),
французскі паэт. Развіваў традыцыі франц. нар. песні. Весялосцю, жыццялюбствам, пачуццёвасцю адметныя яго раннія творы (зб. «Песні маральныя і іншыя», 1815). «Кароль Івето» — сатыра на напалеонаўскія войны і раскошу імператарскага двара. За антыдваранскія і антыклерыкальныя песні («Маркіз дэ Караба», «Святыя айцы» і інш. двухтомніка 1821, зб-каў 1825 і 1828) двойчы зняволены. Песні 1830—40-х г. апявалі барацьбу і гераізм удзельнікаў рэвалюцый («Ліпеньскія магілы» і інш.), выкрывалі буржуазную манархію Луі Філіпа («Бандзі» і інш.), выказвалі спадзяванне Беранжэ, які знаходзіўся пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму, на магчымасць мірнага пераўтварэння грамадства, ажыццяўленне хрысціянскай ідэі роўнасці («Вар’яты», «Чатыры эпохі»). Лепшыя творы прысвяціў простым людзям («Прыдворны фрак», «Разбітая скрыпка», «Рыжая Жанна» і інш.). Песні Беранжэ жанрава разнастайныя, простыя па змесце, злабадзённыя па тэме, адточаныя па форме, дасціпныя і іранічныя; сэнсавай і эмацыянальнай кульмінацыяй у іх з’яўляецца рэфрэн. Аўтар кн. «Мая біяграфія» (не скончана, 1861). На бел. мову творы Беранжэ перакладалі Э.Агняцвет, А.Дудар, А.Зарыцкі, Н.Мацяш і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Выбр. песні. Мн., 1960;
Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—2. 2 изд. М.; Л., 1936;
Песни. М., 1985.
Літ.:
Данилин Ю. Беранже и его песни. 2 изд. М., 1973;
Муравьёва Н.И. Беранже. М., 1965.
С.Д.Малюковіч.
т. 3, с. 106
БЕРАНШТЭ́ЙН Фелікс Якаўлевіч
(24.11.1904, г. Роўна, Украіна — 13.9.1977),
бел. біяхімік. Д-р біял. н. (1938), праф. (1935). Скончыў Харкаўскі вет. ін-т (1926). У 1935—41 і 1945—71 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па вывучэнні мікраэлементаў, іх ролі і значэнні ў жывёлагадоўлі, пытаннях клінічна-вет. біяхіміі, фіз.-хім. уласцівасцях біяарган. рэчываў.
Тв.:
Микроэлементы в физиологии и патологии животных. Мн., 1966.
т. 3, с. 106
БЕ́РАС
(Bērōssos; каля 350—280 да н.э.),
вавілонскі жрэц. Заснавальнік астралагічнай школы на в-ве Кос. Аўтар «Гісторыі Вавілона» ў 3 кн. (на грэч. мове), дзе на падставе стараж. храмавых хронік апісаў перыяд ад стараж. часоў да смерці Аляксандра Вялікага. Кніга 1-я прысвечана астралогіі. Творы Бераса вядомы па асобных фрагментах і цытатах у працах ант. і візант. гісторыкаў.
т. 3, с. 106
БЕ́РАСНЕЎ Алег Васілевіч
(н. 21.8.1940, г. Хойнікі Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р тэхн. н. (1982), праф. (1986). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1961). З 1964 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі, з 1978 яго дырэктар. Навук. даследаванні па тэорыі, метадах прагназавання надзейнасці і даўгавечнасці механізмаў машын, зніжэнні іх вібраакустычнай актыўнасці, стварэнні стандартаў і нарматываў для праектавання машын высокай надзейнасці.
Тв.:
Самоустанавливающиеся зубчатые колеса. Мн., 1983;
Аналитические методы механики в динамике приводов. Мн., 1992 (разам з А.М.Гоманам, М.М.Ішыным).
т. 3, с. 106
БЕРАСТАВІ́ЦА,
назва з 30.12.1975 да 28.3.1978 рабочага пас. Пагранічны.
т. 3, с. 107