Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕРАГАВЫ́Я ХРЫБТЫ́

(Coast Ranges),

ланцуг невысокіх горных хрыбтоў і масіваў уздоўж зах. ўзбярэжжа ЗША (ад 34° паўн. ш. да 48°30′ паўн. ш.). Найб. выш. 2428 м (г. Алімпус). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод. Характэрны землетрасенні. Радовішчы нафты, вугалю, ртуці. На Пн ад 42° паўн. ш. схілы ўкрыты лясамі з сітхінскай елкі, туі, дугласіі, вышэй — лугі, горныя тундры, асобныя ледавікі. На Пд — хваёвыя лясы і вечназялёныя ксерафільныя хмызнякі (чапараль), участкі лясоў з гіганцкай секвоі. Нац. парк Алімпік.

т. 3, с. 104

БЕРАГАВЫ́ ВАЛ,

акумулятыўная форма рэльефу, утвораная з доннага матэрыялу (пяску, жвіру, галькі, ракушачніку) прыбоем. Уяўляе сабой нізкую граду (вал), выцягнутую ўздоўж лініі берага мора або возера. Даўжыня дасягае соцень метраў або некалькіх кіламетраў, выш. да 1—4 м. Павернуты ў бок мора схіл берагавога вала называецца пляжам.

т. 3, с. 104

БЕРАГАВЫ́ КАНА́Л,

гл. Унутраны берагавы канал.

т. 3, с. 104

БЕРАГАВЫ́ ЎСТУП,

гл. Кліф.

т. 3, с. 104

БЕРАГАВЫ́ ХРЫБЕ́Т

(Coast Range),

горны хрыбет у сістэме Кардыльер Паўн. Амерыкі, у Канадзе і ЗША. Даўж. каля 1700 км. Выш. да 4042 м (г. Уодынгтан). Складзены пераважна з гранітаў. Моцна расчлянёны глыбокімі папярочнымі далінамі і фіёрдамі. Да выш. 1000—1800 м хвойныя лясы (дугласія, зах. хемлак, туя, сітхінская елка), вышэй — альпійскія лугі і горныя тундры. Вечныя снягі і ледавікі, якія месцамі апускаюцца да ўзроўню мора.

т. 3, с. 104

БЕ́РАГАЎ Барыс Сямёнавіч

(н. 30.8.1936, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1989). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча войскаў ППА (1959). З 1979 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі (з 1990 нам. дырэктара). Навук. працы па метадах і сродках апрацоўкі інфармацыі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу, стварэнні геаінфарм. сістэм, лічбавых картаў. Дзярж. прэмія СССР 1985.

Тв.:

Методы оценки качества изображений в системах дистанционного зондирования земной поверхности. Мн., 1988;

Automatic mapdigitising: problems and solution. Computing and Control (разам з С.У.Абламейка, А.М.Кручковым) // Engineering Journal. 1994. Vol. 5, № 1. р. 33—39.

М.П.Савік.

т. 3, с. 104

БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

збудаванні для аховы берагоў вадаёмаў (рэк, мораў, вадасховішчаў, каналаў і інш.) ад разбуральнага ўздзеяння хваляў, напору вады, лёду і інш. Паводле характару ўзаемадзеяння з водным патокам берагаўмацавальныя збудаванні падзяляюць на актыўныя (паток выкарыстоўваецца для намыву і захавання берагавых наносаў: на рэках — папярочныя паўзапруды, рэгулявальныя дамбы, струмененакіравальныя шчыты; на морах і азёрах — буны, што затрымліваюць наносы, хваляломы) і пасіўныя (воднаму патоку проціпастаўляецца трываласць канструкцыі: на рэках — каменная накідка, цюфякі, бетонныя і жалезабетонныя пліты; на морах — хвалеадбойныя сцены, накідка з буйных блокаў і фігурных масіваў). Выбар берагаўмацавальных збудаванняў залежыць ад рэльефу берага, яго гідрагеал. рэжыму і геал. Будовы.

т. 3, с. 104

БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ НАСАДЖЭ́ННІ,

палосы дрэвавай, кустовай або травяністай расліннасці, якія ствараюцца або захоўваюцца па берагах вадаёмаў з мэтай прадухілення ці спынення працэсаў берагавой эрозіі і абразіі. Шыр. 50—300 м. Берагаўмацавальныя насаджэнні замацоўваюць грунт, затрымліваюць змыванне ў вадаёмы ўрадлівай глебы і ўгнаенняў, паляпшаюць умовы пражывання жывёл, павышаюць сан.-аздараўленчыя і рэкрэацыйныя якасці водных аб’ектаў і сумежных тэрыторый. Найлепшыя берагаўмацавальныя насаджэнні: густыя кустовыя зараснікі розных відаў раслін, камбінаваныя складаныя насаджэнні з вярбы (ломкая, руская, шэрая, белая і інш.) і густасцябловых травяністых шматгадовых раслін (чарот, асака, інш. Злакі).

т. 3, с. 104

БЕ́РАГ СЛАНО́ВАЙ КО́СЦІ,

назва дзяржавы Кот-д’Івуар да 1986.

т. 3, с. 103

БЕРАЖА́НСКАЯ ГАДЗІ́ННІКАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1789—93 у Беларусі ў в. Беражань б. Дубровенскага графства Горацкага пав. Засн. па ініцыятыве Р.А.Пацёмкіна (яму належала Дуброўна), які ў 1784 даручыў шведу Нордштэйну буд-ва гадзіннікавай мануфактуры і навучанне гадзіннікаваму майстэрству прыгонных хлопчыкаў. У 1789 выраблена гадзіннікаў і інш. рэчаў на 9729 руб. У 1794 паводле загаду Кацярыны II Беражанская гадзіннікавая мануфактура была перавезена ў г. Екацярынаслаў.

т. 3, с. 104