ЛА́ГЕР РЫ́МСКІ від палявога ўмацавання стараж.-рым. войска, яго апорны пункт пры вядзенні баявых дзеянняў. Вядомы з 3—2 ст. да н.э. Будаваўся пасля кожнага дзённага пераходу, пры асадзе крэпасцей ці для працяглага размяшчэння войск (пастаянны лагер). Меў выгляд квадрата або прамавугольніка з 4 варотамі. Вакол часовага лагера рабілі роў і земляны вал з плеценымі шчытамі наверсе; пастаянны лагер умацоўвалі больш глыбокім ровам і высокім валам з частаколам, драўлянымі, радзей мураванымі вежамі. Унутры лагера ставілі роўнымі лініямі палаткі, у пастаянных лагерах — казармы. Многія пастаянныя лагеры з часам ператварыліся ў крэпасці, вакол якіх выраслі гарады. Вопыт Л.р. пазней перанялі інш. народы (гл. Лагер).
т. 9, с. 88
ЛАГІ́,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 26 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,24 км², даўж. 820 м, найб шыр. 360 м, даўж. берагавой лініі 2,2 км, Пл. вадазбору 11,5 км² Схілы катлавіны выш. 15—25 м, пад хмызняком, месцамі ў верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. На З упадае ручай з возера без назвы, на ПнУ выцякае ручай у р. Ушача.
т. 9, с. 89
ЛА́ГІН (Лазар Іосіфавіч) (4.12.1903, г. Віцебск — 16.7.1979),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі імя Пляханава (1925), вучыўся ў Ін-це чырв. прафесуры ў Маскве (1930—33). Працаваў у газ. «Правда», час. «Крокодил». Друкаваўся з 1921. Аўтар аповесці-казкі для дзяцей «Стары Хатабыч» (1938, сцэнарый аднайм. фільма, 1957). У раманах «Патэнт «АВ» (1947), «Востраў расчаравання» (1951), «Атавія Проксіма» (1956; пад назвай «Трагічны астэроід», 1972), «Блакітны чалавек» (1966) арганічна спалучаны фантастыка і рэальнасць. Напісаў ваен. аповесць «Браняносец «Анюта» (1945), сатыр. цыкл «Крыўдных казак» (нап. 1942—63), сатыр. аповесць «Маёр Вэл Энд’ю» (1962) і інш., успаміны пра У.Маякоўскага «Жыццё таму назад» (1974).
Тв.:
Избранное. М., 1975.
т. 9, с. 89
ЛАГІНО́ВІЧ Іосіф Каятанавіч, гл. Корчык Павел.
т. 9, с. 89
ЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. logistikē мастацтва вылічаць, разважаць),
1) назва этапа ў развіцці матэматычнай логікі, прадстаўленага працамі Б.Расела і яго школы (гл. Лагіцызм). У антычнасці тэрмінам «Л.» называлі практычныя аперацыі вылічэнняў і вымярэнняў у арыфметыцы ў процілегласць тэарэт. матэматыцы. У Г. Лейбніца — абазначэнне «вылічэння вывадаў» (calculus ratiocinator) 2) Сінонім ( у пэўнай ступені архаічны) тэрміна «матэм. логіка». У наш час тэрмін «Л.» выкарыстоўваюць для абазначэння матэм. логікі пры вырашэнні эканам. задач, аптымізацыі кіраўніцкіх функцый і інш. Вытворнымі ад «Л.» з’яўляюцца паняцці «лагістычны метад» (спосаб пабудовы фармалізаваных моў для розных раздзелаў логікі) і «лагістычная сістэма» (фармальная частка гэтых моў).
В.М.Пешкаў.
т. 9, с. 89
ЛАГІЦЫ́ЗМ,
кірунак у асновах матэматыкі, у якім зыходныя паняцці матэматыкі зводзяцца да паняццяў логікі. Ідэі Л. прапанаваны Г.В.Лейбніцам. У сістэматызаваным выглядзе выкладзены Г.Фрэге ў кн. «Асноўныя законы арыфметыкі» (т. 1—2, 1893—1903). Ён прапанаваў звядзенне асноўнага для матэматыкі паняцця натуральнага ліку да аб’ёмаў паняццяў і распрацаваў лагічную сістэму, сродкамі якой можна было даказаць усе тэарэмы арыфметыкі. Дактрына Л. развіта Б.Раселам, які выявіў у сістэме Фрэге супярэчнасць («парадокс Расел», гл. Парадокс). У кн. «Прынцыпы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Н.Уайтхед прапанавалі т.зв. тэорыю тыпаў, у якой парадоксаў можна пазбегнуць пры дапамозе спец. іерархіі паняццяў. У далейшым К.Гёдэль паказаў, што сістэмы Л. няпоўныя, іх сродкамі можна сфармуляваць змястоўна правільныя, але не вырашальныя матэм. сцвярджэнні (сцвярджэнні, якія нельга даказаць і нельга абвергнуць). Сістэмы Л. садзейнічалі фарміраванню і ўдакладненню важнейшых логіка-матэм. ідэй, зрабілі значны ўплыў на развіццё матэматычнай логікі і навукі.
В.М.Пешкаў.
т. 9, с. 89
ЛАГІ́ЧНАЕ І ГІСТАРЫ́ЧНАЕ,
гл. Гістарычнае і лагічнае.
т. 9, с. 89
ЛАГІ́ЧНЫ АТАМІ́ЗМ,
вучэнне аб рэчаіснасці, паводле якога свет уяўляе сабой сукупнасць толькі знешне звязаных паміж сабой атамарных (якія не маюць састаўных частак) фактаў. Распрацавана Б.Раселам і Л.Вітгенштэйнам у пач. 20 ст. Тэарэт. вытокі Л.а. — неэўклідава геаметрыя, матэматыка, розныя сістэмы фармальнай логікі. Праграма Л.а. прадугледжвала пабудову «лагічна дасканалай мовы» на ўзор лагічнай мовы. Сутнасць пераўтварэнняў у адносінах да мовы зводзілася да распрацоўкі элементарных, простых, далей не раскладальных у сэнсавых адносінах сказаў — своеасаблівых «атамаў» мовы, сапраўднасць якіх можна было б лёгка пацвердзіць эмпірычным шляхам. Распрацоўкі Л.а. былі выкарыстаны Венскім гуртком, адыгралі пазітыўную ролю ў развіцці логікі.
Літ.:
Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972;
Современная буржуазная философия. [Ч. 2]. М., 1978.
Т.І.Адула.
т. 9, с. 89
ЛАГІ́ЧНЫ ЗАКО́Н,
любое сапраўднае лагічнае сцвярджэнне. Да Л.з. адносяцца законы логікі выказванняў (напр., закон несупярэчнасці, закон выключанага трэцяга, закон ускоснага доказу) або логікі прэдыкатаў. Напр., у выраз «няправільна, што р і не-р адначасова верныя» (закон несупярэчнасці) замест пераменнай р трэба падставіць выказванне; усе вынікі такіх падстановак уяўляюць сабой сапраўдныя выказванні (напр., «няправільна, што 11 — просты лік і разам з тым не з’яўляецца простым»). Кожная з лагічных сістэм утрымлівае бясконцае мноства Л.з. і ўяўляе сабой абстрактную знакавую мадэль, якая дае апісанне якога-н. пэўнага фрагмента або тыпу разважанняў. На фармалізаванай мове логікі ўсякі яе закон — гэта заўсёды сапраўдная, правільна пабудаваная формула; можна пабудаваць бясконцае мноства такіх формул, але Л.з. лічаць толькі тыя з іх, якія інтэрпрэтаваны на пазнаючае чалавечае мысленне. Гл. таксама Інтуіцыянізм.
В.М.Пешкаў.
т. 9, с. 89
ЛАГІ́ЧНЫ ПАЗІТЫВІ́ЗМ,
кірунак неапазітывізму, які сфарміраваўся ў 1920-я г. на базе Венскага гуртка. Яго тэарэт. вытокі ў вучэнні Э.Маха і Р.Авенарыуса аб «непасрэдна дадзеным» у вопыце суб’екта, логіка-гнасеалагічнай мадэлі ведаў Б.Расела і Л.Вітгенштэйна і інш. Адна з асн. задач Л.п. — матэматызацыя і фармалізацыя ведаў. Метад фармалізацыі прадстаўнікі Л.п. пашырылі і на філасофію, спрабуючы ачысціць яе ад метафізікі (г. зн. абстрактных, лагічна не абгрунтаваных палажэнняў) і зрабіць навуковай. Для гэтага выкарыстоўваўся т. зв. прынцып верыфікацыі (вызначэння сапраўднасці навук. сцвярджэнняў), які трактаваўся ў духу суб’ектывізму і канвенцыяналізму. У 2-й пал. 1930-х г. пасля пераезду ў ЗША асн. прадстаўнікоў Л.п. іх вучэнне часткова перагледжана, але захавала сваю суб’ектыўна-ідэалістычную сутнасць і стала больш вядома як лагічны эмпірызм. З 1960-х г. Л.п. перастаў існаваць як самастойны філас. кірунак.
Т.І.Адула.
т. 9, с. 89