Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕРГШТРЫХІ́

(ням. Bergstriche ад Berg гара + Strich рыса),

кароткія рыскі на тапаграфічнай карце, якія праводзяцца перпендыкулярна да гарызанталяў і паказваюць напрамак уніз на схіле.

т. 3, с. 112

Берг Пол

т. 18, кн. 1, с. 351

БЕ́РДАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на У ад Ліды, 126 км ад Гродна. 681 ж., 225 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

т. 3, с. 112

БЕРДЗЕНІШВІ́ЛІ Мераб Ісідаравіч

(н. 1929),

грузінскі скульптар, жывапісец, графік. Нар. мастак СССР (1978). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1949—55). Аўтар манум., пластычна выразнага помніка ў гонар 30-годдзя перамогі ў Вял. Айч. вайне (1975, г. Марнеулі), дэкар. скульптуры «Муза» (1971) каля будынка Грузінскай філармоніі, помніка паэту Давіду Гурамішвілі ў Тбілісі (1959—65) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1976.

Літ: Воронина Н. Мераб Бердзенишвили: [Альбом] М., 1981.

т. 3, с. 112

БЕРДЫГА́Н Казімір Іосіфавіч

(21.12.1894, в. Паноры Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.9-1972),

бел. стаматолаг. Д-р мед. н. (1958), праф. (1959). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1926). З 1958 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па лячэнні актынамікозу, вострых запаленняў сківічна-тварнай вобласці і пластычнай хірургіі твару.

Тв.:

Актимикоз лица, челюстей и шеи и современные методы его лечения. Мн., 1955;

Клиника и лечение повреждений челюстно-лицевой области. Мн., 1961.

т. 3, с. 112

БЕ́РДЫЖ,

паселішча эпохі верхняга палеаліту касцёнкаўска-вілендорфскай культуры каля в. Бердыж Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.; адно з самых стараж/ паселішчаў на тэр. Беларусі. Яго ўзрост 27—25 тыс. гадоў. Адкрыта ў 1926, даследавана ў 1927—29, 1938—39, 1958—60, 1967—71. Культурны пласт 0,3—0,7 м. Выяўлены рэшткі 4 жытлаў з адкрытымі агнішчамі і 5 гасп. ям, у будаўніцтве якіх выкарыстаны чарапы, буйныя плоскія і трубчастыя косці маманта і інш. жывёл. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі коп’яў, разцы, нажы-кінжалы, скрабкі, адбойнікі і інш.), пласціны з біўня маманта з геам. Арнаментам.

т. 3, с. 112

БЕРЖЭ́

(Berger),

карставая бездань у Зах. Альпах, у масіве Веркор, на тэр. Францыі. Уваход на выш. 1460 м, глыб. 1248 м (адна з найглыбейшых на Зямлі). На глыб. больш за 200 м бездань пераходзіць у пячору (Вялікую галерэю), якая апускаецца па нахіле слаёў. У глыбіні — вял. каньён, вадаспад Урагана. Спадзістая апошняя ч. заканчваецца водным сіфонам.

т. 3, с. 112

БЕ́РЗІН

(Берзінь) Рэйнгольд Іосіфавіч (16.7.1888, б. маёнтак Кінігсгоф, Валміерскі р-н, Латвія — 11.11.1939),

савецкі ваен. дзеяч. З 1905 чл. РСДРП. З 1914 у арміі. У 1917 старшыня выканкома корпуса, нам. старшыні выканкома 2-й арміі (Нясвіж), чл. ВРК Зах. фронту. Камандаваў 1-м Мінскім рэв. атрадам, 2-й рэв. арміяй у час ліквідацыі ў Магілёве Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі як цэнтра контррэвалюцыі, у барацьбе супраць Цэнтр. Рады на Украіне, у час разгрому антысав. мяцяжу 1-га польск, корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. У 1918 галоўнакамандуючы Зах. фронтам па барацьбе з контррэвалюцыяй, камандуючы Паўн.-Урала-Сібірскім фронтам. З 1919 чл. Рэўваенсавета Зах., Паўд.-Зах., Паўд., Туркестанскага франтоў, з 1924 — Зах. ваен. акругі. З 1927 на гасп. рабоце. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 3, с. 112

БЕ́РЗІНЬ

(Bērzoņa) Ліліта [сапр. Прыедэ-Берзіня (Priede-Berziņa) Лілія Давыдаўна; 17.7.1903, Рыга — 27.5.1983], латышская актрыса. Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1978). З 1922 у Маст. т-ры імя Я.Райніса. Яе творчасць адметная дакладнасцю псіхал. малюнка ролі, лаканічнасцю выразных сродкаў, высокай сцэн. культурай. Сярод роляў: Аснатэ, Спідала, Маці («Іосіф і яго браты», «Агонь і ноч», «Ветрык, вей!» Райніса),

Шурка, Багаеўская («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага), Маша («Тры сястры» А.Чэхава), Ганна Карэніна («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Філумена («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1947, Дзярж. прэмія Латвіі 1982.

т. 3, с. 112

БЕРК

(Berck),

прыморскі кліматычны курорт у Францыі. На ПдЗ ад г. Кале, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Развіваецца з 19 ст. Умерана вільготны марскі клімат з мяккай зімой і цёплым сонечным летам спрыяльны для лячэння дзіцячых хвароб туберкулёзнага паходжання; клімататаласатэрапію выкарыстоўваюць пры хваробах органаў руху і апоры.

т. 3, с. 112