Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕКМЕ́С

(тур.),

канцэнтраваны (упараны) сок вінаграду. Мае цукар, арган. к-ты і вітаміны. Выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, вінаробстве, таксама як пажыўны і лячэбны прадукт.

т. 2, с. 377

БЕКО́Н

(англ. bacon),

засоленая ахалоджаная палавіна свіной тушы, без ніжніх канечнасцяў, пазваночніка, касцей таза, грудзіны. Характарызуецца нятлустым сакавітым мясам, пранізаным роўнымі слаямі сала, а таксама белай тонкай скурай без плямаў і пашкоджанняў. Для атрымання бекону выкарыстоўваюць маладых (6—8 мес) свіней мяснога тыпу, якія адкормліваюцца па спец. схеме (беконны адкорм).

т. 2, с. 378

БЕКРО́С

(англ. backross),

зваротнае скрыжаванне, скрыжаванне гібрыда першага пакалення з адной з бацькоўскіх формаў. У вузкім сэнсе бекрос — скрыжаванне гетэразіготнага па пэўных генах арганізма з гомазіготнымі па гэтых генах асобінамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення генатыпічнай структуры арганізма (гл. Аналітычнае скрыжаванне), а таксама для пераадолення бясплоддзя гібрыдаў першага пакалення пры аддаленай гібрыдызацыі.

т. 2, с. 378

БЕКЮ́ Аўгуст

(3.5.1771, г. Гродна — 26.7.1824),

бел. ўрач. Д-р філасофіі і медыцыны (1793), праф. (1806). Вучыўся ў Гродне і Кёнігсбергу. З 1797 у Вышэйшай школе Літвы (з 1803 Віленскі ун-т). Адзін з першых у Беларусі і Літве пачаў вакцынацыю супраць воспы. Навук. працы па шпітальнай справе і гігіене дзіцячага ўзросту.

Літ.:

Bieliński J. Uniwersytet Wileński, 1579—1831. Т. 1—2. Krakόw, 1899—1900.

т. 2, с. 378

БЕК-НАЗА́РАЎ

(Бекназаран) Амо (Амбарцум) Іванавіч (31.5.1892, Ерэван — 27.5.1965),

акцёр і рэжысёр кіно, сцэнарыст. Нар. арт. Арменіі (1935). Адзін з заснавальнікаў кінамастацтва Арменіі, Грузіі, Азербайджана. Лепшыя фільмы — гістарычныя і экранізацыя твораў арм. класікі: «Намус» (1925), «Дом на вулкане» (1928), «Севіль» (1929), «Пэпо» (1935), «Зангезур» (1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Давід-Бек» (1944), «Насрэдзін у Хаджэнце» (1959, з Э.Карамянам). Яго фільмы вылучаліся тэмпераментам, нац. каларытам. Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў. Яго імя прысвоена кінастудыі «Арменфільм».

т. 2, с. 377

БЕЛ,

адзінка лагарыфмічнай велічыні, што служыць для вымярэння рознасці ўзроўняў аднайменных энергет. (магутнасць, энергія і інш.) ці сілавых (напружанасць поля, ціск і інш.) фіз. велічыняў. Абазначаецца Б. 1Б = lg(P2/P1) пры P2=10P1 або 1Б=2lg(F2/F1) пры F2=10F1, дзе P1 і P2(F1 і F2) — аднайменныя энергетычныя (сілавыя) велічыні. Часцей выкарыстоўваецца долевая адзінка — дэцыбел; 1дБ=0,1Б. Названа ў гонар А.Г.Бела.

т. 2, с. 378

БЕЛ

(Bell) Аляксандр Грэям (3.3.1847, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 2.8.1922),

англійскі інжынер, вынаходца тэлефона. Скончыў Эдынбургскі і Лонданскі ун-ты. Праф. Бостанскага ун-та (1873). У 1876 атрымаў патэнт ЗША на вынайдзены тэлефон, у 1877 — дадатковы патэнт на ўдасканаленне яго. Асн. работы і патэнты ў галіне запісу і ўзнаўлення гуку.

т. 2, с. 378

БЕЛ

(Bell) Даніэль (н. 10.5.1919, Нью-Йорк),

амерыканскі сацыёлаг і публіцыст. Праф. Калумбійскага (1952—69) і Гарвардскага (з 1969) ун-таў. Старшыня «Камісіі 2000 года» Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук. Адзін са стваральнікаў канцэпцыі «постіндустрыяльнага грамадства» і «канца веку ідэалогіі», тэарэтык сац. прагназавання і планавання. Гал. працы: «Канец ідэалогіі» (1960), «Капіталізм сёння» (1971), «Станаўленне постіндустрыяльнага грамадства» (1973), «Супярэчнасці капіталістычнай культуры» (1976) і інш.

Літ.:

Деменченок Э.В. Современная технократическая идеология США. М., 1984.

т. 2, с. 378

БЕЛ

(Bell) Эндру (27.3.1753, Сент-Эндру, Шатландыя — 27.1.1832),

англійскі педагог; адзін з заснавальнікаў Бел-Ланкастэрскай сістэмы ўзаемнага навучання. Святар англіканскай царквы. Адукацыю атрымаў ва ун-це Сент-Эндру. З 1789 загадваў прытулкам для сірот вайскоўцаў каля Мадраса (Індыя). У 1791 увёў там сістэму ўзаемнага навучання, калі дзеці вучаць адзін аднаго пад кіраўніцтвам настаўніка. Сваю «мадраскую сістэму» выклаў у творы «Вопыт навучання, праведзены ў Мадрасе...» У 1812 і 1827 выдаў дапаможнік для школ, якія працавалі па яго метадзе. Сістэма Бела была выкарыстана таксама ў Ірландыі і Канадзе.

т. 2, с. 378

БЕЛААЗЕ́РСК,

горад у Беларусі, у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. За 27 км ад г. Бяроза, 136 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Бронная Гара на лініі Мінск—Брэст. 12,8 тыс. ж. (1995). Бярозаўская ДРЭС, энергамеханічны завод (рамонт электраабсталявання), прадпрыемствы па вытв-сці будматэрыялаў, лёгкай прам-сці, доследны рыбгас «Белаазерск». 3 сярэднія школы, праф.-тэхн. вучылішча электратэхнікаў, 2 б-кі, бальніца. Царква св. Серафіма Сароўскага. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Узнік у 1958 на месцы в. Ніўкі ў сувязі з буд-вам Бярозаўскай ДРЭС. З 12.1.1960 р.п. Бярозаўскі, цэнтр пасялковага Савета 25.6.1960 перайменаваны ў Белаазерск, з 1963 пасёлак абл., з 1965 раённага падпарадкавання. У 1969 — 9 тыс. ж. З 16.9.1970 горад.

т. 2, с. 378