АКВЕДУ́К
(ад аква... + лац. duco вяду),
вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.
т. 1, с. 189
АКВІЗІ́ЦЫЯ,
1) залучэнне новых кліентаў, грузаў, страхаванняў агентам транспартных або страхавых кампаній — аквізітарам.
2) Аквізіцыя на біржы — скупка акцыянерам (групай акцыянераў) усіх акцый прадпрыемства, што азначае куплю гэтага прадпрыемства. Набыццё адным прадпрыемствам другога ці зліццё без згоды прадпрыемства, якое траціць сваю самастойнасць, называюць «варожай» аквізіцыяй.
т. 1, с. 190
АКВІ́НК
(Aguincum),
горад рымскіх часоў (каля 10 да н.э. — 409 н.э.), з 107 н.э. — гал. горад рым. правінцыі Ніжняя Панонія. Руіны Аквінка знаходзяцца каля Будапешта. Раскопкі вядуцца з 1775. Аквінк складаўся з паселішча мясц. племя эравіскаў, рым. ўмацаванага лагера, ваен. ці лагернага горада і цывільнага горада. У час раскопак выяўлены рамесныя кварталы, амфітэатр, абарончыя сцены, водаправод, палац намесніка Ніжняй Паноніі і інш.
т. 1, с. 190
АКВІТА́НІЯ
(лац. Aguitania),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. У старажытнасці рымская правінцыя ў Галіі. З 507 належала Франкскаму каралеўству, у 2-й пал. 7 — 1-й пал. 8 ст. — герцагства. У 1154—1453 англ. ўладанне. З 13 ст. мела назву Гіень. У 1472 канчаткова далучана да Францыі.
т. 1, с. 190
АКЕА́НАЎ Аляксей Яўгенавіч
(н. 25.6.1949, г.Уладзікаўказ, Паўн. Асеція),
вучоны-анколаг. Д-р мед. н. (1989). Скончыў Паўн.-Асецінскі мед. ін-т (1972). З 1972 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З 1992 дырэктар Бел. цэнтра мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. Навук. працы па эпідэміялогіі рака і інш. інфекцыйных хвароб, арганізацыі аховы здароўя, інфарматыцы.
т. 1, с. 190
АКЕ́ЕЎ Таламуш
(н. 11.9.1935),
кіргізскі кінарэжысёр. Нар. арт. Кыргызстана (1975), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ленінградскі ін-т кінаінжынераў (1958). З 1964 рэжысёр на кінастудыі «Кіргізфільм». Найб. значныя работы: «Неба нашага дзяцінства» (1968), «Люты» (паводле аповесці М.Аўэзава «Шэры люты»), «Чырвоны яблык» (паводле Ч.Айтматава), «Нашчадак Белага Барса». Усе фільмы Акеева аб’ядноўвае трывалая сувязь з нац. культурай, сучаснае мысленне. Дзярж. прэмія Кыргызстана 1972.
т. 1, с. 190
АКЕ́ЙДЫЯ
(Acadia),
нацыянальны парк у ЗША, на астравах у Атлантычным ак., каля берагоў штата Мэн. Засн. ў 1916 пад назвай Сьёр-дэ-Мон (у 1919—29 наз. Лафеет) для захавання маляўнічага ўзбярэжжа, мяшаных лясоў на а-вах Маўнт-Дэзерт і Хо. Пл. 15,6 тыс. га. У флоры больш за 500 відаў вышэйшых раслін, шмат імхоў і лішайнікаў. У фауне — 50 відаў млекакормячых (у т. л. віргінскі алень), каля 300 відаў птушак.
т. 1, с. 190
АКЕРМА́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1826.
Падпісана паміж Расіяй і Турцыяй 7 кастр. ў г. Акерман (цяпер г. Белгарад-Днястроўскі, Украіна). Дапаўняла Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, пашырыла ўплыў Расіі на Балканах. Турцыя прызнала размежавальную лінію на Дунаі, Расія атрымала права на свабоду гандлю на тэр. Турцыі і суднаходства ў яе водах, у Дунайскіх княствах аднаўлялася мясц. самакіраванне, вызначаліся прынцыпы будучага ладу Сербіі.
т. 1, с. 190