задзірване́лы, ‑ая, ‑ае.
Які зарос травой, пакрыўся дзёрнам. Рыдлёўка не вельмі каб ахвотна ўваходзіла ў задзірванелы грунт даўняй мяжы. Лупсякоў. Год за годам людзі адбудаваліся, узаралі задзірванелыя палі. Дуброўскі.
задзірване́ць, ‑ее; зак.
Зарасці травой, пакрыцца дзёрнам. На межах, якія з’явіліся пры немцах, парос быльнік, поле задзірванела. Гурскі.
задзі́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць задзірлівага. Кныш неяк адразу абмяк і стаяў, нібы вінаваты. У вачах яго не было ранейшай задзірлівасці. Нядзведскі.
задзі́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і задзірысты. Бадай усе [сведкі] ў адзін голас: хлопец так сабе, працавіты, але ж дужа ўжо непаслухмяны, задзірлівы. Лынькоў. [Янка] бачыў .. блішчасты круглы твар [суседкі] з задзірлівымі вачамі, бачыў, што смяецца яна хціва, з назолаю. Лупсякоў.
задзі́рства, ‑а, н.
Разм. Паводзіны, учынкі задзіры. — Ты чуў звон... — А што тут чуць? — без задзірства сказаў Тхорык. Кулакоўскі.
задзі́рына, ‑ы.
Разм. Задранае месца на гладкай паверхні. Дошка з задзірынамі.
задзі́рынка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш. да задзірына.
•••
Ні сучка ні задзірынкі гл. сучок.
задзі́рыстасць, ‑і, ж.
Схільнасць да боек, спрэчак; задзірлівасць. Можа, таму і не падняўся чалавек па службовай лесвіцы вышэй вартаўніка. За свой крыклівы голас .. і задзірыстасць. Ермаловіч. Заядлая задзірыстасць бліснула ў .. вачах. Чорны.
задзі́рысты, ‑ая, ‑ае.
Схільны, ахвочы да боек, сварак; задзірлівы. [Пецю] пасадзілі паміж двума задзірыстымі вучнямі. Па-за Пецевай спінай яны даставалі адзін аднаго, шчыпаліся і штурхалі ў бакі. Ракітны. Надзьмуты певень, задзірысты пакутнік, скрываўлены за дзень у бойках, стаяў на прызбе. Чорны. // Які выражае задзірыстасць. Задзірысты погляд. Задзірысты тон. □ Вельмі ўжо учэпістыя і задзірыстыя вочы ў Карніцкага: шалёны характар. Паслядовіч.
задзы́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць дзынкаць. // Дзынкнуць некалькі разоў запар. Як кранулі каня, дык у возе нешта задзынкала. Бядуля.